Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Дрыбін: у акрузе прагаласавала больш за 140 працэнтаў выбарцаў


У райцэнтры Дрыбін, што на Магілёўшчыне, у выбарчай акрузе № 2 прагаласавала больш за 140 працэнтаў выбарцаў. Пратакол выбарчай камісіі быў сфатаграфаваны, калі яго вывесілі пасьля завяршэньня падліку галасоў.

Згодна зь ім, удзел у выбарах узялі 406 чалавек. Паводле ж раней зацьверджанага сьпісу выбарцаў у акрузе налічвалася 278.

Сфатаграфаваны пратакол назіральнікі перадалі ў рэдакцыю сайту Horki.info, на якім яго і разьмясьцілі. У чальцоў выбарчай камісіі атрымаць камэнтар наконт сытуацыі з галасамі выбарцаў не ўдалося. Кіраваў камісіяй прадстаўнік аб’яднаньня «Белая Русь» Уладзімер Лесяк. Ён працуе начальнікам жыльлёва-камунальнага аддзелу Дрыбінскага райвыканкаму. Ягоны службовы тэлефон не адказвае.

Сярод тых, хто балятаваўся па выбарчай акрузе № 2 — незалежны вылучэнец Андрэй Юркоў. Ён таксама спрабуе разабрацца ў сытуацыі, але пакуль марна. Юркоў заяўляе, што выпадак з 140 працэнтамі тых, хто прагаласаваў па акрузе, сьведчыць, што ў выбарах трэба ўдзельнічаць. На ягоную думку, такія выпадкі паказваюць, як адбываюцца выбары, а таксама — як, здавалася б, адпрацаваны мэханізм «падліку галасоў» дае збоі.

Камісія аддала Юркову 100 галасоў выбарцаў, ягонаму канкурэнту — ідэолягу Дрыбінскага аддзелу ўнутраных спраў Юрыю Дзенісевічу — налічылі галасоў у два разы болей: 212.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG