Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Аўганістан падтрымаў расейскую анэксію Крыму?


Карзай і Пуцін, чэрвень 2012

Карзай і Пуцін, чэрвень 2012

Падтрымка Кабулам дзеяньняў Масквы тлумачыцца наяўнасьцю ў Аўганістана тэрытарыяльных прэтэнзіяў на раёны, населеныя пуштунамі, у суседнім Пакістане.

Кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта Хаміда Карзая Абдул Казым Хурам заявіў Радыё Свабодны Аўганістан, што Кабул адкрыта падтрымаў анэксію Крыму Расеяй. Пазыцыю краіны яе прэзыдэнт выказаў падчас сустрэчы з амэрыканскімі кангрэсмэнамі ў мінулыя выходныя.

«Прэзыдэнт сказаў, што мы паважаем волю крымчан, выказаную на нядаўнім рэфэрэндуме — сказаў ён. — Гістарычна склалася так, гэты рэгіён быў часткай Расеі. Цяпер, калі яе народ выказаў сваю волю, мы паважаем яе».

Пазыцыя Кабулу зьвязана зь яго стаўленьнем да так званай «лініяй Дзюранда» — мяжы з Пакістанам, якую Аўганістан ніколі не прызнаваў, лічачы значную частку населенай пуштунамі тэрыторыі Пакістану сваёй гістарычнай радзімай.

Абдул Казым Куран паўтарыў афіцыйную пазыцыю аўганскіх уладаў: «Ніводзін аўганскі ўрад ніколі не раважыцца афіцыйна прызнаць „лінію Дзюранда“. Гэтая гістарычная праблема павінна быць вырашаная воляй народу».

Кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта Аўганістану патлумачыў, што Кабул падтрымлівае прынцып самавызначэньня, «мы падтрымліваем людзей ва ўсім сьвеце, якія былі гістарычна пазбаўленыя сваіх правоў», — сказаў ён.

Заява прэзыдэнта выклікала пэўную крытыку з боку некаторых заканадаўцаў. Саід Алі Казьмі, кіраўнік камісіі па замежных справах парлямэнту Аўганістану заявіў, што прэзыдэнт не павінен аднаасобна прымаць рашэньні па такіх важных пытаньнях, пра якія потым, магчыма, давядзецца шкадаваць і пераглядаць іх.

Лінія Дзюранда падзяліла традыцыйныя пуштунскія землі, дзе пражывае прыкладна 50 мільёнаў чалавек, 15 мільёнаў у Аўганістане, 35 мільёнаў — у Пакістане.

Лінія ўзьнікла ў ХІХ стагодзьдзі пасьля дзесяцігодзьдзяў вайны паміж ўладарамі Аўганістану і Вялікабрытаніяй, яна была ўсталяваная ў дамове ад 1893 году паміж каралём Аўганістану Амірам Абдур Рахманам і міністрам замежных справаў Брытанскай Індыі Марцімэрам Дзюрандам.
XS
SM
MD
LG