Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Магілёве ўкраінскіх актораў віталі нясьмелым «Слава Ўкраіне»


Фрагмэнты з пастаноўкі ўкраінскіх актораў у Магілёве

Фрагмэнты з пастаноўкі ўкраінскіх актораў у Магілёве

У Магілёве на міжнародным фэстывалі «Март-кантакт-2014» выступіў Львоўскі акадэмічны духоўны тэатар «Воскресіння». Ягоны ўдзел у тэатральным форуме на фоне антыўкраінскай гістэрыі выглядаў нечакана. Магілёўская публіка, тым ня менш, цёпла сустрэла прэм’ерны паказ тэатральнай пастаноўкі. Наш карэспандэнт распытаў кіраўніка львоўскага тэатру Яраслава Федарышына, чым цяпер жыве Ўкраіна.

Мастацкі кіраўнік Львоўскага акадэмічнага духоўнага тэатру «Воскресіння» Яраслаў Федарышын перад паказам заўважна хвалюецца. Яго непакоіць, як успрыме магілёўская публіка незвычайны тэатральны твор, як прыме саміх украінскіх актораў пасьля нэгатыўнага розгаласу ў расейскай прэсе пра трагічныя падзеі на іх радзіме.

«Мы, вядома ж, доўга разважалі і перажывалі, як зьбіраліся ехаць на фэстываль у такі час у Магілёў, які дужа блізка да Расеі. Пра гэта кажу вам шчыра, — прызнаецца Яраслаў Федарышын. — Але ў вас дужа спакойна, і гэта добра. Ва Ўкраіне неспакойна і дужа трывожна».

Творца тлумачыць: для Ўкраіны падзеі ў Крыме — вельмі балючая тэма, аднак: «Для нас цяпер ня гэта галоўнае. Для нас найгалаўнейшае, каб не было вялікай вайны. Мы цешымся, што тую сыстэму здолелі зламаць», — зазначае Яраслаў Федарышын.

«Бясспрэчна, далей будзе дужа складанае жыцьцё — пакуль усё не адновіцца, каб было разьвіцьцё і каб думалі ўлады пра чалавека і чалавек некаму быў патрэбны. Было вялікае абкраданьне людзей. Колькі вывезьлі грошай нашы мільярдэры! А гэта хіба справядліва?» Яраслаў Федарышын

Яраслаў Федарышын


Тэатар «Воскресіння» выступаў 14 студзеня на Майдане. Тады яшчэ было адносна спакойна, кажа госьць з Украіны, хоць і трывожна. Усе спадзяваліся тады, што супрацьстаяньне можна разьвязаць дыпляматычнымі сродкамі, але не ўдалося.

«Мы хочам, каб ва ўладу прыйшлі новыя людзі. Каб прайшлі люстрацыю тыя, хто цяпер пры ўладзе. Складана, аднак, знайсьці новых, якія б здолелі нешта рабіць. Патрэбныя кадры, патрэбныя мэнэджэры, якія б маглі думаць пра людзей, даць ім працу, каб запрацавала вытворчасьць, каб запрацаваў малы бізнэс. Дужа шмат цяпер правакацыяў ва Ўкраіне. І гэта якімсьці чынам трэба выкараняць. У нас дужа складаны пэрыяд. Цяпер у нас такая анархія ў кадрах...», — зазначае Яраслаў Федарышын.

Творца падкрэсьлівае, што ва Ўкраіне цяпер няма ніякага ваеннага становішча. Уся грамадзкая інфраструктура працуе ў звыклым рэжыме.

«У нас працуюць садочкі, школы, езьдзяць тралейбусы, ёсьць газ і вада. Дужа багата мітынгаў, на якіх сёньня незадаволеныя адным, а заўтра другім», — кажа пра сытуацыю ва Ўкраіне Яраслаў Федарышын. Фрагмэнты з пастаноўкі ўкраінскіх актораў

Фрагмэнты з пастаноўкі ўкраінскіх актораў


Ва Ўкраіне, зноў адзначае ён, ламаецца ўладная кадравая структура, і гэты працэс зацягнецца надоўга:

«Зразумейце, які млын павінен папрацаваць, каб ва ўладу прыйшлі новыя людзі, добрыя спэцыялісты. Каб яны дбалі пра ўсю Ўкраіну і маглі разумець, што Ўкраіна — гэта ня толькі ўкраінцы».

Міжнацыянальных канфліктаў ва Ўкраіне не было. На думку Яраслава Федарышына, падобнага роду сутычкі цяпер штучна разьдзьмухваюцца. Навязваецца меркаваньне, што ўкраінцы выступаюць супраць расейцаў і расейскае мовы. Але гэта няпраўда, абураецца творца:

«Мільёны людзей паўсталі і скінулі ўладу, і гэта сапраўды факт, і гэта істотна. Расейцам украінцы не забаранялі гаварыць па-расейску. Ніякага ўціску не было ні на захадзе Ўкраіны, ні на ўсходзе, ні ў тым жа Крыме. Усе мы гаварылі рознымі мовамі. І тут раптоўна так сталася, што мы чамусьці расейцаў павінны ненавідзець і зьнішчаць. Дык гэта ж брахня».
На ягоную думку, пакуль няясна, як будуць складацца дачыненьні Ўкраіны з анэксаваным Расеяй Крымам, якімі будуць адносіны з самой Расеяй. Творца перакананы, што да канца году сытуацыя, аднак, праясьніцца. І Расея, кажа ён, зразумее, што яе палітыка — гэта тупік.

Тое, што цяпер адбываецца ва Ўкраіне, знойдзе сваё ўвасабленьне ў нацыянальным тэатральным мастацтве. Прэзэнтаваны на магілёўскім фэстывалі вулічны спэктакль «Баль генія» мае ў сюжэце паралелі з трагічнымі падзеямі на Майдане.

Пастаноўка «Баль генія» — пра творчасьць вядомага ўкраінскага скульптара Івана Пінзэля. Яраслаў Федарышын кажа, што гэты творца дзіўна зьявіўся і дзіўна зьнік. Пра яго дужа мала зьвестак: некалькі лістоў ды ягоныя творы, якія захоўваюцца ў цэрквах Заходняй Украіны.

«Спэктакль сканчаецца — гараць цэрквы ды купалы, адбываецца такі вэрхал, празь які зьнікае Пінзэль разам са сваёю музаю. Вось гэта мяне дужа набліжае да тых падзеяў, якія нядаўна былі на Майдане, — кажа майстар. — Цяпер мы зрабілі прэм’еру да 200-годзьдзя Шаўчэнкі, і там таксама ёсьць шмат агульнага з падзеямі на Майдане», — зазначае Яраслаў Федарышын.

«Баль генія» магілёўцы пабачылі на плошчы перад ратушай. Гледачоў прыйшло шмат. Вядоўцы прэзэнтавалі спэктакль на расейскай мове. Яраслаў Федарышын да публікі зьвярнуўся па-ўкраінску. Прызнаў, што ва Ўкраіне цяпер неспакойна, але ўсё мінецца, казаў ён, і надыдуць лепшыя часы. Калі пастаноўка скончылася, магілёўцы аддзячылі акторам дружнымі аплядысмэнтамі. Чуліся і нясьмелыя выгукі «Слава Ўкраіне». Яраслаў Федарышын расчулена вымавіў: «Украіна з вамі» — яму адказалі нясьмела: «Беларусь з Украінай».

«Я б хацеў, каб нашы культурныя абмены былі заўжды. І я спадзяюся, што яны будуць, бо мы славяне і нашы карані практычна адны. Мы не павінны між сабой ніколі ваяваць. Мы павінны падтрымліваць адзін аднаго», — зазначыў пры канцы інтэрвію Яраслаў Федарышын і, крыху падумаўшы, дадаў: «Мне падаецца, што ваш прэзыдэнт ня пойдзе на Ўкраіну са зброяю і танкамі. Я ў гэтым чамусьці перакананы».
XS
SM
MD
LG