Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскага прафэсара Андрэя Зубава звольнілі за выказваньні пра Ўкраіну


Андрэй Зубаў

Андрэй Зубаў

Вядомы расейскі гісторык і рэлігіязнаўца прафэсар Андрэй Зубаў звольнены з Маскоўскага інстытуту міжнародных адносін. На сайце інстытуту паведамляецца, што Зубава абвінавацілі ў «сьвядомым і неаднаразовым парушэньні статуту і прынцыпаў карпаратыўных паводзін».

Маскоўскі інстытут міжнародных адносін належыць МЗС Расеі.

У паведамленьні на сайце інстытуту гаворыцца, што выказваньні і інтэрвію Зубава пра тое, што адбываецца ва Ўкраіне, і пра зьнешнюю палітыку Расеі выклікаюць абурэньне і зьдзіўленьне ва ўнівэрсытэцкім асяродзьдзі.

«Яны ідуць насуперак зьнешнепалітычнаму курсу Расеі, ставяць пад безаглядную і безадказную крытыку дзеяньні дзяржавы, наносяць шкоду навучальна-адукацыйнаму працэсу», — гаворыцца ў заяве адміністрацыі.

У сваіх інтэрвію і артыкулах прафэсар Андрэй Зубаў параўноўваў дзеяньні Расеі адносна Ўкраіны зь дзеяньнямі Трэцяга рэйху пры аншлюсе Аўстрыі і захопе Чэхаславаччыны. Ён ня раз даваў інтэрвію Свабодзе.

Андрэй Барысавіч Зубаў — адказны рэдактар двухтамовіка «Гісторыя Расеі. XX стагодзьдзе». Аўтарскі калектыў аб’ядноўвае больш за 40 аўтараў з Расеі і замежжа. Праект першапачаткова ствараўся пад кіраўніцтвам Аляксандра Салжаніцына, але потым Салжаніцын дыстанцыяваўся ад яго.
XS
SM
MD
LG