Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алкаеў заклікае распачаць збор сродкаў для Аўтуховіча


Мікалай Аўтуховіч
Мікалай Аўтуховіч

8 красавіка з турмы будзе вызвалены ваўкавыскі прадпрымальнік, вэтэран аўганскай вайны Мікалай Аўтуховіч.

За два тыдні да выхаду на волю з ініцыятывы неабыякавых людзей абвешчаны збор сродкаў для палітвязьня. Дапамагчы Аўтуховічу заклікае колішні начальнік менскага СІЗА № 1, аўтар кнігі «Расстрэльная каманда» Алег Алкаеў, які цяпер жыве ў Нямеччыне.

Алкаеў зьвярнуўся да беларускага грамадзтва праз Фэйсбук:

«Пасьля адбыцьця незаслужанага пакараньня на волю выходзіць Мікалай Аўтуховіч. Ён ня быў ні апазыцыйным палітыкам, ні чыноўнікам-хабарнікам, ні дзяльцом-крадуном. Тым ня меней агулам быў пазбаўлены волі на доўгіх 9 гадоў! Чаму менавіта Аўтуховіч? Таму што ён не захацеў жыць у хлусьні і крывадушнасьці, якія сталі нормай у сучаснай Беларусі, і ў адзіночку супрацьстаяў карумпаванай сыстэме мясцовай улады. За што і зазнаў на сабе ўсю лютасьць подлай сыстэмы. Праз два тыдні Мікалай выходзіць на свабоду. Барацьба каштавала яму здароўя. Аддаючы даніну павагі ягонай мужнасьці і ў знак удзячнасьці за гераічны прыклад барацьбы за ўласную чалавечую годнасьць мы проста абавязаныя падтрымаць яго цяпер ужо ня словамі, заявамі і праклёнамі, а рэальнай справай. Мы павінны дапамагчы яму аднавіць здароўе, як ён сам піша, «што можна ўратаваць, а што толькі крыху падлячыць. На жаль, ня ўсё можна вярнуць. Гэта будзе ахвяра, нічога ня зробіш...»

Спадар Алкаеў пры гэтым піша: дзяржаўная сыстэма стварыла ў Беларусі такія ўмовы, што дапамагчы матэрыяльна чалавеку, які мае ў гэтым патрэбу, — вялізная праблема. І падказвае, бадай, адзіна магчымае ў дадзенай сытуацыі выйсьце:

«Пасьля 9 гадоў пакутаў Мікалай мае вострую патрэбу ў стацыянарным лекаваньні па цэлым шэрагу паказаньняў. Мы ня можам адкрыць дабрачынны рахунак у беларускім банку, каб сабраць яму грошы — рэжым тут жа накладзе на іх арышт ды яшчэ абвінаваціць Мікалая ў нелегальных даходах. Можна адкрыць рахунак у замежным банку, але колькі нашых грамадзянаў рызыкне дапамагчы, „засьвяціўшы“ свае асабістыя дадзеныя? Таму мы вырашылі арганізаваць збор сродкаў праз сыстэму WebMoney — гэтая легальная, але разам з тым ананімная сыстэма электронных грошай паўтара дзясятка гадоў выкарыстоўваецца для безнаяўных разьлікаў за тавары і паслугі ў Беларусі, Расеі, Украіне (усе падрабязнасьці — на сайтах www.webmoney.ru і www.wmtransfer.by). У аддзяленьнях „Белінвэстбанку“, „Беларусбанку“, „Белпрамбудбанку“, Менскага транзытнага банку, „Белзьнешэканомбанку“, „БелСьвісБанку“, „Альфа-Банку“, банку „Масква-Мінск“, „Тэхнабанку“, „Белаграпрамбанку“, „Прыорбанку“, а таксама сеткі плацёжных тэрміналаў ОСМП БЕЛ і „Белпошты“ — тэхнічнае спрыяньне ў выкарыстаньні гэтай сыстэмы».

Алег Алкаеў нагадвае, што ў турме Мікалай Аўтуховіч, баронячы годнасьць ня толькі сваю, але і іншых незаслужана пакараных, ішоў на самыя радыкальныя крокі. Пасьля выхаду на волю грамадзтва павінна годна ацаніць яго нязломную пазыцыю:

«Ён змагаўся ня толькі на волі, але і ў турме. Выяўляў карумпаванасьць турэмнай адміністрацыі, парушэньні вызначаных законам умоваў утрыманьня зьняволеных. І патрабаваў толькі аднаго — справядлівасьці. Справядлівасьці, вызначанай законам. Яго ня чулі і намагаліся зламаць. У адказ Мікалай ішоў на ўсё больш радыкальныя захады, каб адстойваць свае правы: дзьве галадоўкі больш за 70 дзён кожная, ускрыцьцё венаў, парэзы брушной поласьці... Але ён працягваў змагацца і перамог, бо яго не зламалі! Мікалай заўсёды трымаўся на ўсьведамленьні простага прынцыпу, пра які пісаў так: «Самае галоўнае — заўсёды заставацца чалавекам, у любых умовах. Бо нельга потым будзе зноў хадзіць на дзьвюх нагах, калі стаяў на чатырох...».

Рахункі для залічваньня сродкаў на дапамогу Мікалаю Аўтуховічу можна пабачыць тут.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG