Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гістарычны цыкль паводле сэрыі перадачаў "На хвалі Свабоды", прысьвечаных 50-годзьдзю Беларускай Службы Радыё Свабода, якія гучалі на нашых хвалях у 2003-2004 гадах.



1958 год адзначыўся пэўным прытупленьнем ідэалягічнага супрацьстаяньня двух сусьветаў, падзеленых Жалезнай заслонай. Пачатак палітычнай адлігі, эканамічныя і навуковыя посьпехі Савецкага Саюзу выклікалі пэўныя зьмены ў дачыненьнях паміж Захадам і Ўсходам — адбілася гэта і на патрабаваньнях да праграмаў Радыё Вызваленьне, якія памалу пераставалі быць непрыхаванымі антыбальшавіцкімі філіпікамі, пачынаючы набываць больш гнуткія формы. У 1958 годзе адбылася чарговая зьмена часу вяшчаньня — беларускія праграмы гучалі цяпер трыма двухгадзіннымі блёкамі — апоўдні, а 9-й вечара і а 1-й гадзіне ночы. Выпрабоўваліся розныя дыяпазоны і частоты з мэтай хоць неяк абыйсьці савецкія глушылкі. Савецкая контарпрапаганда ў друку ўскосна сьведчыла, что часам гэта магло ўдавацца.

А зараз — працяг успамінаў вэтэрана беларускай службы Радыё Вызваленьне — Радыё Свабода Яна Запрудніка. Мінулым разам ён распавядаў пра сваю працу ў Мюнхэне і пра пераезд у Нью-Ёрк. Што ўяўляла сабою Радыё Вызваленьне ў Нью-Ёрку? Ян Запруднік распавядае:

«Радыё Вызваленьне ў Нью-Ёрку ў 1958 годзе мела невялікі лік рознанацыянальных супрацоўнікаў і працаўнікоў, якія дасылалі ў Мюнхен перадачы галоўна пра жыцьцё ў Амэрыцы ды пра палітыку амэрыканскага ўраду, але зь беларусаў сярод сталых супрацоўнікаў Радыё Вызваленьне яшчэ не было нікога ў Нью-Ёрку. Такім парадкам, я стаўся першым. Праўда, супрацоўніцтва з Амэрыканскім камітэтам вызваленьня ад бальшавізму было ўжо наладжанае старэйшымі калегамі, беларускімі дасьледнікамі. Яны займаліся вывучэньнем бальшавізму ў Беларусі, і беларусаведную тэматыку тады распрацоўвалі Антон Адамовіч, Уладзімер Сядура, Юрка Віцьбіч, Леў Акіншэвіч ды іншыя навукоўцы. Наша кіраўніцтва Радыё Вызваленьне добра разумела, што Нью-Ёрк зь ягоным багатым рэсурсам шматмоўнага журналістычнага і пісьменьніцкага таленту можа стацца важным пунктам рыхтаваньня гэтых перадачаў».

Мы яшчэ вернемся да ўспамінаў Яна Запрудніка далей у нашай перадачы, а зараз — аўтэнтычны эфір 1958 году. Гучыць перадача, прысьвечаная творчасьці Янкі Купалы:

***
Год 1958 у сьвеце

Палітыка

Пачынае дзейнічаць Эўрапейская эканамічная супольнасьць (Агульны рынак). — Эгіпэт і Сырыя злучаюцца ў Аб’яднаную Арабскую Рэспубліку. — Пасьля адстаўкі Булганіна савецкім прэм’ерам становіцца Мікіта Хрушчоў. — Генэрал Шарль дэ Голь становіцца прэм’ерам, а пасьля і прэзыдэнтам Францыі. — Злучаныя Штаты запускаюць свой першы спадарожнік «Эксплорэр». — Сынгапур і Гвінэя здабываюць незалежнасьць. — Японія ўступае ў ААН.

Літаратура

Нобэлеўская прэмія прысуджаная савецкаму пісьменьніку Барысу Пастэрнаку. Ляўрэат ад прэміі адмовіўся. Выходзіць раман Яна Патоцкага «Рукапіс, знойдзены ў Сарагосе», і кніга «Структурная антрапалёгія» Клёда Леві-Строса.

Папулярная музыка

Джордж Гарысан далучаецца да гурту Quarrymen Джона Ленана і Пола Макартні. Элвіс Прэсьлі пакліканы на вайсковую службу. Гіты году — Tequila гурту Champs i Yakety-Yak у выкананьні The Coasters...

***

А зараз — працяг успамінаў Яна Запрудніка. Што за перадачы рыхтаваліся для Радыё Вызваленьне ў Нью-Ёрку?
Натальля Арсеньнева (справа) і Яніна Шабуня-Каханоўская на дэманстрацыі ў Дзень паняволеных народаў. Нью-Ёрк, 1950-я гг.

Натальля Арсеньнева (справа) і Яніна Шабуня-Каханоўская на дэманстрацыі ў Дзень паняволеных народаў. Нью-Ёрк, 1950-я гг.

«У сэрыі беларускіх передачаў, якія я спачатку рабіў, на выдатным месцы стаялі гутаркі зь пісьменьнікамі. У Нью-Ёрку і ваколіцах жылі тады Натальля Арсеньнева, Масей Сяднёў, Міхась Кавыль, Юрка Віцьбіч, Янка Юхнавец. Далей, у Каліфорніі, жыў Клішэвіч. Я зь імі дагаворваўся і запісваў перадачы. Першай пайшла гутарка з Натальляй Арсеньневай, недзе яшчэ ў красавіку 1957 году. І цікава, што рэакцыя на выступленьне ейнае на Радыё Вызваленьне была імгненная. „Літаратура і Мастацтва“ адразу ж зрэагавала. У нумары ад 17 сакавіка 1957 году абрушылася на пісьменьніцу грубай лаянкай, на яе на ейных хаўрусьнікаў, якія, як пісала газэта, „брэшуць з амэрыканскай падваротні“. Апрача гутарак зь пісьменьнікамі ішлі передачы зь беларускага жыцьця. Гэта значыць, адлюстраваньне дзейнасьці (адукацыйнай і культурнай), рэпрэзэнтацыйнай дзейнасьці, працы беларускай школкі, дзеці чыталі вершыкі, гутаркі з работнікамі і работніцамі, якія займаліся фізычнай працай, пытаньні заробкаў і умоваў працы. Нью-Ёрк наагул тады быў цэнтрам актыўнага беларускага жыцьця».

***
1958 ГОД У БЕЛАРУСІ

• Беларуская ССР адкрыла сваё прадстаўніцтва пры ААН.
• Заснаваныя новыя гарады — Наваполацак і Салігорск.
• Менскі трактарны завод выпусьціў 100-тысячны трактар.
• На заводзе БелАЗ у Жодзіне сабраны першы аўтасамазвал.
• Выйшла першая кніга паэзіі Ўладзімера Караткевіча «Матчына Душа».

З матэрыялаў дзяржаўнага радыё, якія гучалі ў 1958 годзе, прыцягваюць увагу перадачы, прысьвечаныя ўрачыстасьцям 40-годзьдзя БССР, якія адбываліся ў самым канцы году.

Вось фрагмэнт выступу на радыё сакратара ЦК КПБ Цімоха Гарбунова, які гаварыў пра эканамічнае і культурнае разьвіцьцё БССР.



Пасьля ХХ зьезду КПСС беларуская культура атымала новыя імпульсы разьвіцьця, вызваліўшыся з жорсткіх ідэалягічных рамак. Беларускі эфір стаў больш лірычны.


З нагоды 40-годзьдзя Савецкая Беларусь атрымала другі ордэн Леніна. Уручыць ордэн у Менск прыехаў Мікіта Хрушчоў, які выступіў на мітынгу ў беларускай сталіцы.

***

А зараз мы вяртаемся зноў да ўспамінаў. Ян Запруднік распавядае пра шырэйшае значэньне беларускага бюро Радыё Вызваленьне ў Нью-Ёрку.

«Нашае бюро Радыё Вызваленьне — Радыё Свабода было адначасна такім цэнтрам беларускіх грамадзкіх заказаў. Зьбіраліся, прыяжджалі людзі, прыяжджалі госьці, прыходзілі наведнікі, і там рыхтаваліся матэрыялы для газэты „Бацькаўшчына“, газэты „Беларус“, два рэлігійных часапісы, якія выходзілі, для часапісу „Беларуская моладзь“, у рэдкалегіі і су-рэдактарам, якога я быў. Словам, Радыё Вызваленьне ў Нью-Ёрку гэта ня толькі, так сказаць, амэрыканская кантора, а цэнтар беларускай дзейнасьці, беларускага жыцьця, беларускай грамадзкай і культурнай работы ў Нью-Ёрку і ў Злучаных Штатах наагул, бо матэрыялы, якія рыхтаваліся для перадачаў, мы рассылалі таксама па беларускіх асяродках».

***
СЛУХАЦЬ УСЮ ПЕРАДАЧУ:
На жаль, гэтая опцыя пакуль што недаступная

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG