Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эгіпэцкі суд прысудзіў да сьмерці 529 чалавек


Паліцыя ахоўвае будынак суду падчас працэсу

Паліцыя ахоўвае будынак суду падчас працэсу

Суд у эгіпэцкім горадзе Эль-Мінья сёньня прысудзіў да сьмяротнага пакараньня 529 прыхільнікаў скінутага прэзыдэнта краіны Мухамада Мурсі, прызнаўшы іх вінаватымі ў нападах на паліцыянтаў і забойстве аднаго з супрацоўнікаў сілаў бясьпекі.

Вэрдыкт быў вынесены пасьля двух слуханньяў. Адвакаты падсудных скардзіліся на тое, што ня мелі магчымасьці нармальна весьці абарону.

«Мы лічым, што справядлівага разгляду справы — які зьяўляецца правам, замацаваным у крымінальным кодэксе — у гэтым выпадку не было,» — сказаў Ройтэрсу адзін з адвакатаў у працэсе.

Усяго ў справе аб забойстве паліцыянта, спробах расправы над яшчэ двума, нападзе на пастарунак паліцыі і іншых актах гвалту вялося расьсьледаваньне ў дачыненьні да 545 чалавек. Большасьць судзілі завочна, 16 чалавек — апраўдалі.

Прэзыдэнт-ісламіст Мухамад Мурсі быў адхілены ад улады вайскоўцамі ў ліпені летась. Падзеям папярэднічалі масавыя выступы супраць яго кіраваньня. Зь лета не спыняюцца акцыі і ў падтрымку Мурсі. У выніку беспарадкаў, якімі суправаджаліся маніфэстацыі, загінулі сотні людзей.
XS
SM
MD
LG