Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сёньня актывіст АГП Антось Жылко судом Партызанскага раёна Менска асуджаны на 5 сутак адміністрацыйнага арышту.

Аднак пасьля суду ён ня быў накіраваны ў турму на Акрэсьціна, а атрымаў адтэрміноўку таго часу, пакуль ён зможа абскардзіць прысуд у гарадзкім судзе.

Калі Менскі гарадзкі суд пацьвердзіць рашэньне Партызанскага раённага суда, то Антось Жылко пойдзе за краты адбываць пакараньне. На абскарджваньне адводзіцца адзін месяц.

Прысуд вынесла судзьдзя Вольга Паўлоўская. Антось Жылко, паводле пастановы суду, парушыў парадак правядзеньня дазволенага пікету 20 сакавіка, падчас якога ён раздаваў улёткі-запрашэньні на Дзень Волі.

21 сакавіка меў адбыцца дазволены перадвыбарчы мітынг Антося Жылко. Напярэдадні ён праводзіў пікет, дзе раздаваў запрашэньні на свой мітынг, а таксама ўлёткі з заклікам далучыцца да сьвяткаваньня Дня Волі.

Затрымліваў Антося Жылко міліцыянт Андрэй Арлоў, які і выступіў сьведкам у судзе. Ён сказаў, што не затрымліваў Антося Жылко, а толькі папрасіў прайсьці ў міліцэйскі пастарунак.

Антось Жылко лічыць, што яму далі магчымасьць абскардзіць рашэньне раённага суда па той прычыне, што ён быў кандыдатам у дэпутаты мясцовага савета. А пакуль няма афіцыйных вынікаў, для ўлады было б няслушна пасадзіць у турму патэнцыйнага дэпутата.
XS
SM
MD
LG