Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскі мітрапаліт назваў Пуціна бандытам


Царква ў вёсцы Мошны Чаркаскай вобласьці

Царква ў вёсцы Мошны Чаркаскай вобласьці

Мітрапаліт Чаркаскі і Канеўскі Сафроні (Дзьмітрук), кіраўнік мясцовай эпархіі Ўкраінскай праваслаўнай царквы (Маскоўскага патрыярхату), выступіў са зваротам да землякоў-чаркасцаў, якія знаходзяцца на дзяржаўнай службе Расеі і падтрымліваюць прэзыдэнта Ўладзімера Пуціна ў вайсковай інтэрвэнцыі супраць Украіны.

Пра гэта паведамляе партал «Рэлігія ва Ўкраіне».

«Гісторыя шануе тых людзей, якія незалежна ад абставін, месца пражываньня і грамадзянства заўсёды памятаюць, хто яны, дзе іх бацькаўшчына, дзе закапаны іх пуп, — адзначыў мітрапаліт Сафроні. — Але такіх, як у нас, украінцаў, няма нідзе больш на сьвеце. За ўсю сваю гісторыю, пачынаючы з часу, калі было татара-мангольскае іга, якое скасавала Кіеўскую Русь, усё сваё жыцьцё толькі і слухаем пра здраду».


Герарх УПЦ зьвярнуўся да прадстаўнікоў вышэйшага эшалёну ўлады Расеі, у прыватнасьці да старшыні Савету Фэдэрацыі РФ Валянціны Мацьвіенкі, якая заканадаўча падтрымала зварот прэзыдэнта Расеі аб увядзеньні войскаў на тэрыторыю Ўкраіны, а таксама да міністра культуры Расеі Ўладзіміра Мядзінскага, які быў адным з арганізатараў збору подпісаў сярод расейскіх дзеячаў культуры ў падтрымку дзеяньняў Уладзіміра Пуціна ў Крыме.

«Нікуды ня дзеліся здраднікі і ў наш час. Разумею — грошы, слава, кіраваньне — а сумленьне дзе? Дзе праяўлена сумленьне да свайго народу? Я ня буду казаць за ўсю Ўкраіну, я скажу за Чаркасы. Дзе і школа, і мэдвучэльня, і хлеб, і паветра дняпроўскае з дняпроўскаю вадою — дзе гэта ў чалавека, які так подла паступіў супраць свайго народу, заклікаючы бандыта Пуціна, якога нельга па-іншаму назваць — і я не баюся гэта зрабіць, я архірэй царквы Божае, — разам з патрыярхам — як яны здрадзілі праваслаўных людзей на Ўкраіне — пасылаць сюды войскі, дзе жывуць яе землякі?», — сказаў герарх пра Валянціну Мацьвіенку.

«Я хацеў бы паглядзець у вочы міністра культуры. Якая ў яго культура? Ці ён ведае гісторыю, ці ведае ён пра нашы пакуты на Ўкраіне, — зьвярнуўся мітрапаліт да міністра культуры Расеі. — Людзі добрыя, схамяніцеся! Каму вы служыце? Чаму вы здрадзілі і будуеце шчасьлівае жыцьцё для расейцаў — якога няма, каб вы ведалі? Чаму ня хочаце будаваць яго для ўкраінцаў, калі вы такія разумныя людзі і ваш мозг працуе больш чым на чатыры адсоткі? Апамятайцеся. Бог вам гэтага не даруе! Валянціна, мне сорамна за вас, у той час калі я з вамі сустракаўся ў Чаркасах. Мне крыўдна і страшна. І крыўдна за вашых сваякоў, якія тут жывуць у Чаркасах. Выпраўце свае страшныя і злачынныя памылкі супраць свайго народу, як жыве на Ўкраіне».
XS
SM
MD
LG