Лінкі ўнівэрсальнага доступу

10. Капітан Разумовіч


Данцыг, травень 1924. Капітан Разумовіч прыплыў у Вольны Горад Данцыг раніцай. Там яго меўся чакаць пасярэднік, які браўся прадаць у Горадні Разумовічаў дом.

Спадар Галін, ковенскі журналіст і сусед па каюце, які, ведаючы нямецкую мову, узяўся дапамагчы Разумовічу ў ягоных данцыгскіх справах, завёў яго на нейкую вуліцу, пасадзіў на лаўку і сказаў пачакаць. Яму, маўляў, трэба было на хвілінку зайсьці ў нямецкі кансулят па візу да Кёнігсбэрга. Сядзеньне на лаўцы пачало нудзіць капітана, сонца стаяла ўжо даволі высока. Недзе гадзіньнік на вежы прабіў дванаццаць разоў. Разумовіч ад учорашняга вечара нічога ня еў. Каб прыху разьмяць ногі, ён падыйшоў да пад’езду, у якім пару гадзінаў таму зьнік Галін. Прачытаў шыльду, і ногі зрабіліся ватныя: «Генэральны кансулят Польскай Рэспублікі».

Яшчэ ўвосень 1922 году ў Варшаве ўрадавы орган «Rzeczpospolita» ў вялікім рэдакцыйным артыкуле абвясьціў усяму сьвету, што былы царскі афіцэр, а цяпер старшы лейтэнант літоўскага войска Разумовіч (псэўданім «Хмара»), а разам зь ім беларускі прэм’ер Ластоўскі стаяць на ўсходніх межах Польшчы на чале беларускіх паўстанцаў, якім паводле патаемнай дамовы Нямеччына і Савецкая Расея далі шматмільённы крэдыт і зброю на зьнішчэньне незалежнай Польшчы, культурнага бастыёну на ўзьмежжы Эўропы і Азіі. Вячаслаў Разумовіч быў абвешчаны ворагам Польскай Рэспублікі нумар 1.

Урэшце Галін вярнуўся. Ён завёз Разумовіча ў Цопат, пасяліў у танны пансіянат і накарміў абедам. Назаўтра выявілася, што гарадзенскі купец не дачакаўшыся ўжо быў зьехаўшы. Празь дзень зьехаў і сам Галін, паабяцаўшы знайсьці і прывезьці таго купца. А праз два тыдні пасьля ад’езду Галіна ў дзьверы Разумовіча пагрукаўся маленькі худзенькі элегантны панок і пацікавіўся — ці ня ён — спадар Разумовіч, які прадае ў Горадні дом .

Панок ня стаў хавацца і неўзабаве заявіў: «Я ведаю, што Вы — атаман Хмара. Мяне паслаў генэральны штаб з прыязнай прапановай, тым больш, што нам пра вас усё вядома. Прапануем вам паступіць на службу ў польскае войска».

Разумовічу не было з чаго выбіраць. У Данцыг зь Літвы яго выпусьцілі толькі пад умовай, што ён ня вернецца назад — за чатыры гады побыту ў Літве ён пасьпеў нарабіць гэтай краіне столькі праблем, што яна была радая любым чынам ад яго пазбавіцца. З паручнікам Алейнічакоўскім — гэтак звалі госьця — яны пайшлі ў рэстаран, дзе добра паелі і выпілі зь дзясятак разоў за здароўе маршалка Пілсудзкага. Увечары яны ўжо разыходзіліся як старыя сябры, прычым паручнік адыходзіў без капелюша і хістаўся як капітан карабля падчас буры.

Празь некалькі дзён з Варшавы прыехала падмацаваньне ў асобе паручніка Зацьвіліхоўскага, і Разумовічу была патлумачаная ягоная задача — паехаць у Прагу, дзе на той час знаходзіліся кіраўнікі Беларускай Народнай Рэспублікі, і падрыхтаваць глебу для паразуменьня іх з польскімі ўладамі.

Тым часам прыехаў гарадзенскі купец нерухомасьці і выкупіў Разумовічаў дом фактычна за бясцэнак — за нейкія 2 з паловай тысячы даляраў. Да канца жніўня былі вырашаныя ўсе тактычныя пытаньні, была атрыманая чэская віза, і 3 верасьня капітан Разумовіч выехаў у Прагу.

Праскія беларусы сустрэлі Разумовіча насьцярожана. Яшчэ не забыліся часы ягонага атаманства ў белавескіх лясах, калі яму закідаліся абвінавачаньні ў шпіёнстве на карысьць адразу некалькіх варожых між сабою дзяржаваў, Яшчэ не забыліся ягоныя скандальныя непаразуменьні зь літоўскімі ўладамі, выкліканыя таямнічымі бізнэсовымі праектамі, накшталт паставак літоўскаму войску 100 тонаў сала, прычым ні сала ні грошай тое войска так і не пабачыла.

У Празе Разумовіч пасяліўся ў гатэлі «Атлянтык», дзе і распачаліся сходы і кансультацыі з прадстаўнікамі БНР -прэзыдэнтам Рады Крачэўскім і прэм’ерам Цьвікевічам. Ад Вільні ўзяць удзел у перамовах прыехаў дэпутат польскага Сойму Браніслаў Тарашкевіч. Ад польскага ўраду меўся прыехаць у Прагу адмысловы дэлегат, аднак час ішоў, дэлегат усё ня ехаў, пакуль Тарашкевіч, страціўшы цярпеньне, не махнуў рукой і ня зьехаў назад у Вільню, назваўшы ўсю справу правакацыяй самога Разумовіча.

Якраз у тым самым часе — позьняй восеньню 1924-га — на паседжаньні Лігі Нацыяў у Жэнэве абмяркоўвалася пытаньне аб прыналежнасьці Вільні. Менавіта гэтая падзея і прымушала палякаў шукаць саюзьнікаў у асобе эміграцыйных беларускіх палітыкаў, тым болей, што ў складзе варожай Польшчы — літоўскай — дэлегацыі ў Жэнэву паехаў былы прэм’ер Вацлаў Ластоўскі. Праскае кіраўніцтва БНР зрэагавала на гэты факт вельмі нэрвова — у Жэнэву была пасланая тэлеграма, у якой цьвердзілася, што Ластоўскі пазбаўлены права прадстаўляць беларускі народ, а Літва ня мае права вырашаць віленскае пытаньне без удзелу беларусаў.

Выбухнуў скандал. Літоўскія ўлады назвалі ўчынак кіраўніцтва БНР здрадай. У беларуска-польскай нарадзе ў Празе зьнікла ўсялякая неабходнасьць. Абодва бакі — беларускі і літоўскі — адчулі, што ўся гэтая непрыемнасьць была недзе некім сплянаваная і справакаваная. Не было нічога дзіўнага ў тым, што ў пошуках ахвярнага казла ўсё вочы зноў зьвярнуліся да няўрымсьлівага капітана Разумовіча.

Цяпер у Празе Разумовічу не было асабліва куды падацца. Як колішні атаман беларускіх партызанаў, ён сярод расейскай эміграцыі адчуваў сябе як белая варона. «Хто ты — манархіст, легітыміст, сацыяліст, камуніст, сэпаратыст або проста авантурыст?» — пыталіся ў яго з розных бакоў, і на пытаньні гэтыя ён ня ведаў адказу. Зарыентавацца ў блытаніне палітычных, нацыянальных і матэрыяльных інтарэсаў яму было надзвычай цяжка, і ён зрабіў свой выбар адвольна і далучыўся да нейкай арганізацыі пад назовам «Усеславянская еднасьць».

Вакол Разумовіча пачалі круціцца нейкія палкоўнікі, генэралы, вайсковыя і цывільныя асобы, якія відавочна рыхтавалі нейкую складаную камбінацыю. Як выявілася, расейская эміграцыя зьбіралася склікаць у Парыжы ўсерасейскі эміграцыйны парлямэнт пад кіраўніцтвам вяілкага князя Мікалая Мікалаевіча. З Разумовічам, як прадстаўніком беларусаў, скантактаваўся з Парыжу генэрал Куцепаў і запрасіў яго на сустрэчу.

Папярэднюю згоду на ўдзел ва ўсерасейскім парлямэнце даў прэзыдэнт Рады БНР Пятро Крачэўскі. Гэта выглядала як адзіная магчымасьць выхаду з палітычнага падпольля, у якое загналі самі сябе кіраўнікі БНР, пераехаўшы ў Прагу — чэскія ўлады далі ім дазвол на ўезд з жорсткай умовай спыненьня якой бы там ні было палітычнай дзейнасьці і забаранілі ім дзе б то ні было нават згадваць Беларускую Народную Рэспубліку.

Аднак пакуль Разумовіч дабраўся да Парыжу, адбылася справакаваная савецкімі спэцслужбамі Бэрлінская канфэрэнцыя, на якой абсалютная бальшыня міністраў ураду БНР абвясьціла аб самароспуску і прызнаньні савецкай Беларусі.

Такім чынам, перамовы з Куцепавым у Парыжы ні да чога не прывялі — Разумовіч ужо нікога не прадстаўляў. Расчараваны Разумовіч — атаман Хмара — сустракаецца ў Данцыгу зь іншым партызанскім вэтэранам — зеленадубаўцам атаманам Дзергачом-Адамовічам, каб абмеркаваць — як і за якія сродкі далей жыць.

Адамовіч нечакана распавядае пра неверагодны плян, ажыцьцяўленьне якога магло б надоўга вырашыць усе матэрыяльныя праблемы гэтых двух колішніх паплечнікаў у змаганьні. «Трэба дамовіцца зь літоўцамі», — неспадзявана заяўляе ён Разумовічу.

Рэч у тым, што на пачатку сусьветнай вайны немцы амаль бяз бою захапілі ковенскую крэпасьць (казалі, што камэндант крэпасьці генэрал Грыгаровіч быў падкуплены). Расейскае войска было вымушанае пасьпешліва адступіць. У дзяржаўнай скарбонцы захоўвалася шмат грошай у золаце і каштоўных паперах. Усё гэтае багацьце не было часу эвакуаваць, таму за некалькі гадзінаў перад адступленьнем усе паперы былі спаленыя, а золата схаванае. Пры гэтай апэрацыі быў прысутны Адамовіч, які служыў тады ў Ковенскай крэпасьці.

Пра золата ведалі ўсе — і немцы, і літоўцы. Аднак усе спробы яго знайсьці нічым ня скончыліся. Месца схованкі ведаў толькі адзін чалавек — Адамовіч. Ён склаў пісьмовую заяву літоўскім уладам, што ў выпадку дамоўленасьці гатовы паказаць — дзе схаванае золата. Заяву гэтую Разумовіч узяўся перадаць у надзейныя рукі.

Выехаўшы праз Рыгу ў Коўна, Разумовіч быў вымушаны спыніць выкананьне пляну, бо на літоўскай мяжы быў імгненна арыштаваны. А я вымушаны спыніць пераказ гэтай неверагоднай гісторыі, бо яна, на жаль, выходзіць далёка за межы невядомай БНР...
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG