Лінкі ўнівэрсальнага доступу

9 На ўсходнім дыпляматычным фронце БНР


Масква, жнівень 1920. Залагодзіўшы апошнія неабходныя фармальнасьці, старшыня дэлегацыі БНР для перамоваў з бальшавіцкім урадам Васіль Захарка заняў сваё месца ў цягніку, які кіраваўся праз Петраград на Рэвэль і зь нецярпеньнем чакаў хвіліны расстаньня з гэтым вялізным і бязьлітасным горадам. Калі да адыходу цягніка заставалася пяць хвілін, Захарка пабачыў за вакном знаёмы твар, і настрой у яго адразу сапсаваўся.

Гэта быў прадстаўнік Наркамату Міжнародных Справаў таварыш Гай, які апекаваўся беларускай дэлегацыяй падчас яе месячнага бясплённага сядзеньня ў Маскве. Гай папрасіў Захарку затрымацца яшчэ на некалькі дзён. Васіль Захарка выйшаў і, плюнуўшы на ненавісны маскоўскі брук, панура пацягнуўся за бальшавіком.

Неяк ня так яно ўсё яўлялася , калі ў сьнежні 1919, раскалоўшы Раду БНР — ачысьціўшы яе ад прапольскага элемэнту, беларускія сацыял-рэвалюцыянэры і сацыял-фэдэралісты ўзялі курс на нацыянальнае паўстаньне і завязалі патаемныя кантакты з бальшавікамі, спадзеючыся на іх падтрымку. Польскія рэпрэсіі, якія расьцерушылі лідэраў БНР па Эўропе, на пару месяцаў паралізавалі выкананьне гэтага пляну. Аднак ужо ў красавіку 1920-га прэзыдыюм Рады БНР пасылае з Бэрліна тэлеграму наркаму Чычэрыну з папярэджаньнем, што без удзелу Беларусі ніякія перамовы паміж Польшчай і бальшавіцкай Расеяй адбывацца ня могуць. Прэм’ер Вацлаў Ластоўскі, выбраўшыся зь менскага астрогу і асталяваўшыся ў Рызе, упаўнаважвае Янку Чарапука выехаць у Рэвэль — тагачасны фарпост бальшавіцкай дыпляматыі — і распачаць кансультацыі з прадстаўнікамі Савецкай Расеі. 25 красавіка Урад БНР дасылае Чычэрыну праз Чарапука ноту з прапановаю прызнаць незалежнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі ў яе этнаграфічных межах і прыступіць да мірных перамоваў.

Праз дзень Чычэрын адказаў на гэтую ноту тэлеграмай:

«Так как в силу господствующих обстоятельств Советское Правительство не достаточно осведомлено о положени дел в Белоруссии и принимая во внимание, что Белорусское Правительство действует на территории, занятой вооруженными силами страны, находящейся в состоянии войны с Советской Россией, Советское Правительство в виду дошедших до него сведений о перевороте, совершенном внутри Белорусской Рады <...> видит себя принужденным прежде всего запросить сведения о том, каковыми являются отношения Белорусского Правительства к польским оккупационным и центральным властям с точки зрения свободы волеиз’явления названного Правительства и той силы, которую оно способно придать своим решениям. Чичерин».

На гэты шматслоўны і блытаны тэкст Чарапук пастараўся адказаць ня менш шматслоўна і блытана, і вынік не прымусіў сябе доўга чакаць. Наступная тэлеграма Чычэрына складалася ўжо ўсяго з чатырох кароткіх і ясных пытаньняў:

1. На якую тэрыторыю пашыраецца ўлада ягонага (Чарапуковага) ўраду;
2. Якімі рэальнымі сіламі валодае;
3. Якія мае і можа мець пэрспэктывы на выпадак ваенных дзеяньняў;
і 4. Чым можа гарантаваць Расеі, што ня будзе адыгрываць ролю прыкрыцьця для іншых дзяржаваў.

Янка Чарапук павіншаваў сябе зь першай перамогай. Бальшавікі былі на кручку.

Упаўнаважаны Міністэрства Замежных Справаў Янка Чарапук, адчуваючы надзвычайную важнасьць сваёй місіі, пастараўся адказаць расейскаму наркаму з належнай саліднасьцю.

У адказ на Вашу тэлеграму, пісаў ён, паведамляю: няглядзячы на тое, што заходняя частка Беларусі ў гэтым часе акупаваная польскай вайсковай сілай, улада Рады Народных Міністраў Беларускай Народнай Рэспублікі пашыраецца і там. У гэтых месцах галоўным чынам праяўляецца актыўная дзяржаўная дзейнасьць Міністэрстваў Унутраных Справаў, Прагаганды і Асьветы. (Чарапук ня стаў удакладняць, што ў першым міністэрстве была занятая толькі пасада самога міністра, а двух другіх на гэты момант наагул не існавала).

У сваіх дзеяньнях, пісалася далей у адказе Чычэрыну, Урад абапіраецца на ўсе беларускія грамадзкія арганізацыі, саюзы каапэратываў, прафсаюзы, а таксама на густую сетку сялянскіх радаў, якія ўсе працуюць пад кіраўніцтвам надзвычайных палітычных камісараў.

Ваенная сіла складаецца са шматлікіх партызанскіх атрадаў, якія знаходзяцца пад кіраваньнем Рады Ваеннай Абароны. Да партызанскіх атрадаў таксама можна далучыць Беларуска-Літоўскія Дывізіі, якія хоць цяпер і знаходзяцца пад польскім камандаваньнем, але ў неабходны момант пярэйдуць на бок войскаў Беларускага Ўраду, адпаведная рэвалюцыйная праца ў гэтых дывізіях ужо вядзецца.

Рэшта Чарапуковай тэлеграмы была вытрыманая ў падобным аптымістычына-наступальным тоне. У канцы ультыматыўна паведамлялася, што пра пэрспэктывы ваенных дзеяньняў ды розныя гарантыі з Расеяй будуць гаварыць толькі калі яна прызнае незалежнасьць БНР і сядзе за стол мірных перамоваў.

Прэм’ер Ластоўскі, атымаўшы копію гэтай тэлеграмы, чамусьці не натхніўся Чарапуковым аптымізмам і адрэагаваў рэзалюцыяй: «Даць выгавар грамадзяніну Чарапуку за яго непраўдзівыя заявы Савецкаму Ўраду. Наша сіла палягае на нашым маральным праве да незалежнасьці, а не на рэвалюцыйнай прапагандзе ў Літоўска-Беларускай Дывізіі».

Нягледзячы на няўклюдную дыпляматыю Чарапука, агульная сытуацыя на ўсходнім дыпляматычным фронце БНР выглядала шматабяцальна. 17 траўня Ластоўскі піша ў лісьце сваім віленскім паплечнікам па партыі эсэраў:

«Настаў у нашым дзяржаўным будаўніцтве вельмі важны і адказны момант: мы знаходзімся напярэдадні прызнаньня нашай дзяржаўнасьці Антантай і Расеяй. Перамовы з Чычэрыным вядуцца аб прызнаньні незалежнасьці і аб ачыстцы Расеяй этнаграфічна беларускай тэрыторыі. Яны большыя за нас нацыяналісты і заяўляюць, што Смаленск — вялікарасейская тэрыторыя. Усё ж афіцыйнае прызнаньне павінна хутка наступіць».

Чычэрыну дасылаецца паўторная нота з прапановай прызнаньня незалежнасьці і вываду савецкага войска з этнаграфічных беларускіх тэрыторыяў, а 30 траўня ў Рызе на палітычнай нарадзе кіраўніцтва БНР заслухоўваецца даклад Палуты Бадуновай, якая толькі што вярнулася з Масквы, дзе вяла партыйныя перамовы з расейскімі эсэрамі. Падчас паездкі ёй удалося даведацца пра неафіцыйную пазыцыю бальшавіцкага кіраўніцтва што да Беларусі — калі Польшча будзе настойваць на межах 1772 году, дык Савецкай Расеі на захадзе лепш будзе мець мяжу зь незалежнай Беларусьсю, чым з Польшчай.

Тым часам з бальшавіцкімі прадстаўнікамі ў Рэвэлі ўдалося дамовіцца наконт візыту ў Маскву афіцыйнай дэлегацыі БНР. Дэлегацыі ў складзе Васіля Захаркі, Янкі Чарапука і Міхася Маркевіча даручалася правесьці перамовы аб прызнаньні незалежнай Беларусі і дамагчыся ад Масквы грашовай пазыкі на суму 50 мільёнаў рублёў.

Вацлаў Ластоўскі перадаў з дэлегацыяй некалькі лістоў да сваіх маскоўскіх знаёмцаў. У лістах гэтых сярод іншага гаварылася:

«Мы чакаем, што найлібэральнейшая і найдэмакратычнейшая дзяржава і яе слаўны а братні нам народ расейскі словам і чынам памогуць нам стаць вольнымі, зьнімуць з нас іржавыя ланцугі няволі, якія пакінуў на нас ненавідны расейскі царызм... Мы чакаем ад вялікага расейскага народу прызнаньня нашай дзяржаўнай незалежнасьці...»

Ня менш наіўныя ўяўленьні меў Ластоўскі і пра суадносіны дзяржаўных ладаў абедзьвюх краінаў:

«Што да дзяржаўнай формы, то [ў незалежнай Беларусі] яна будзе больш левая, чым у Расеі, мяркуючы з настрояў у народзе, але думаем, што ня будзе яна і такой руйнуючай у пераходны момант. Адным словам, наша Рэспубліка народная, а гэта значыць, што формы дзяржаўнасьці ўстанаўляе сам народ і будзе мець такія, якія ён палічыць за лепшае».

З такімі настроямі дэлегацыя праз Рэвэль выехала ў Маскву.

Да Масквы на пачатку ліпеня даехалі толькі двое — Захарка і Маркевіч, дый тыя паасобку. Гаспадары пасялілі іх асобна — Захарку ў гатэль «Княжы Двор» на Анціп’еўскім завулку, а Маркевіча — у асабняк наркамату замежных справаў на Паварской вуліцы. Ніякіх зносінаў паміж сабою яны ня мелі.

Перамовы напачатку абяцалі быць спрыяльнымі, але пасьля, пад уплывам ваенных няўдачаў на Ўкраіне, бальшавікі, каб забясьпечыць свой правы флянг, 12 ліпеня з надзвычайнай пасьпешлівасьцю падпісалі мірную дамову зь Літвой, аддаўшы ёй беларускія землі Віленшчыны і Гарадзеншчыны аж да Маладэчна. Адрэзаны ад усяго сьвету Захарка, які выпадкова даведаўся пра гэтую навіну ў калідорах наркамату, тут жа падаў ад імя Ўраду рашучы пратэст, на які аднак ніхто ў Маскве не зьвярнуў ніякай увагі.

Тым часам на польска-бальшавіцкім фронце адбыліся новыя зьмены, і пакуль беларускія прадстаўнікі надалей чакалі працягу млявага дыялёгу з маскоўскімі палітыкамі, палякі пакінулі Менск. 31 ліпеня адбылося паўторнае абвяшчэньне Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусі. Гэтым самым для Масквы беларускае пытаньне было фактычна вырашанае.

Ссаджаны зь цягніка Захарка затрымаўся ў Маскве яшчэ тры тыдні, але затрымка гэтая не дала ніякіх вынікаў. Праўда адзін вынік усё ж быў — у беларускіх палітыкаў настала поўнае працьверазеньне ў стаўленьні да Савецкай Расеі. 7 верасьня Рада БНР і Рада Народных Міністраў накіравалі ноту пратэсту Парыскай мірнай канфэрэнцыі:

«На зьмену польскай акупацыі на Беларусь прыйшла новая — расейска-бальшавіцкая акупацыя. Пачаліся на Беларусі ўласьцівыя беларускай уладзе тэрор і гвалты. Крайнім выразам гвалту у галіне свабоды нацыянальнага вызначэньня зьяўляецца бальшавіцкі акт 31 ліпеня гэтага году, які абвяшчае Беларусь Савецкай Рэспублікай, сфэдэраванай з Расеяй.

Імем Беларускага Народу, Урад Беларускай Народнай Рэспублікі, прыняўшы ўладу ад Усебеларускага Ўстаноўчага Кангрэсу, надзелены даверам усіх беларускіх палітычных партыяў, арганізацыяў і групаў, горача пратэстуе супраць бальшавіцкага акту гвалту і заяўляе, што ён разам са сваім народам, будзе змагацца з накінутым яму ўжо другі раз Савецкай Уладай актам і з прызначаным Масквою насуперак волі Беларускага Народу савецкім урадам, які ўзурпуе сувэрэнныя правы Беларускага Народу».

Мірная дамова паміж БНР і Расеяй не падпісаная дагэтуль.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG