Лінкі ўнівэрсальнага доступу

8. Беспрэцэдэнтны акт ў гэбрайскай гісторыі


Коўна, лістапад 1920 году. Віцэ-міністар замежных справаў Літвы Сымон Розэнбаўм ня мог не сымпатызаваць беларусам — ён нарадзіўся ў Пінску, доўгі час жыў і працаваў у Менску, прадстаўляў менскую губэрню ў І-ай дзяржаўнай думе. Тыдзень таму, 11 лістапада, ён паставіў свой подпіс на міждзяржаўнай дамове паміж Літвой і Беларускай Народнай Рэспублікай. І вось цяпер ён проста ня мог адмовіць у ласцы прэм’еру БНР Вацлаву Ластоўскаму, які папрасіў забясьпечыць яго некалькімі рэкамэндацыйнымі лістамі.

Віцэ-міністар са шчырым сэрцам зьвярнуўся да свайго ўплывовага знаёмца ў Жэнэве:

«Дорогой Исаак Адольфович.

Я теперь к Вам по следующему делу:

Белорусский вопрос, к которому мы всегда относились с улыбкой (как впрочем в свое время и к литовскому), начинает принимать значительную реальность. Моя мечта об унии между Литвой и Белоруссией и, таким образом, объединении всего „литовского еврейства“, в еврейском смысле слова, теперь как литовским, так и белорусским деятелям не кажется уже химерой. Евреи, как по существу, так и по тактическим соображениям, должны обнаруживать величайшие симпатии к этому движению.

Если мы откажем въ своих симпатиях белорусам, то нам припишут безрезультыатность белорусского движения и мы будем иметь в Белорусском народе серьезного врага.

Все сказанное — предисловие к письму, с которым к Вам обратится Белорусское Правительство».

Узброіўшыся дзясяткам падобных лістоў ад вядомых і ўплывовых прадстаўнікоў беларуска-літоўскай гэбрайскай супольнасьці, Вацлаў Ластоўскі выправіўся на штурм новага бастыёну — усясьветнага сіянізму.

Першая спроба была шматабяцальнай. У Жэнэве, у апошні дзень працы сэсіі Лігі Нацыяў, беларуская дэлегацыя — Ластоўскі, Ладноў і Цьвікевіч — наведалі Нахума Сакалова і Лео Моцкіна — уплывовых сіянісцкіх дзеячоў. Тыя паабяцалі беларусам дапамогу і прасілі скантактавацца зь імі пазьней у Парыжы.

Такім чынам адкрываўся новы фронт працы, які патрабаваў адмысловай падрыхтоўкі, спэцыфічных сувязяў і кантактаў — таму непазьбежна паўстала кадравая праблема. Нехта мусіў заняцца гэтым асобна і спэцыяльна. Пошукі адпаведнай кандыдатуры былі даручаныя радніку беларускай місіі ў Бэрліне Давіду Анэкштэйну, студэнту, былому менчуку, які меў неабходныя кантакты. Праз тых самых Сакалова і Моцкіна Анэкштэйн выйшаў на Хаіма Жытлоўскага — філёзафа, гісторыка і публіцыста, які жыў у Амэрыцы — і той параіў зьвярнуцца з прапановай да свайго брата Самуіла.

25 сакавіка 1921 году ў Коўне падчас сьвяткаваньня 3-й гадавіны абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі быў прадстаўлены новы міністар нацыянальных меншасьцяў БНР — 50-гадовы Самуіл Жытлоўскі.

Прыняцьце на службу прадстаўніка беларускага гэбрайства ў якасьці міністра нацыянальных меншасьцяў не было нейкім выпадковым вузкатактычным крокам, а мела шырэйшы, стратэгічны кантэкст. На тым самым сьвяткаваньні 3-й гадавіны БНР было абвешчана яшчэ некалькі важных дакумэнтаў, якія надавалі Беларускай Народнай Рэспубліцы новую і даволі арыгінальную пэрспэктыву.

Ва ўрачыстай адозве Рады БНР і Рады Народных Міністраў сярод іншага было сказана:

«Гістарычны шлях быў доўгі і цярністы. Шмат ахвяраў паклаў Беларускі Народ на алтар свабоды. Шмат жывых палягло ў самаахвярным змаганьні за шчасьце і дарбо народу...

Ды не сам адзін быў Беларускі Народ у сваім змаганьні. Побач яго цярпеў і змагаўся другі народ — пракавечны пакутнік Народ Жыдоўскі — зь незапомных часоў паліваўшы зямлю беларускую сваім потам, сьлязьмі і крывёю.

Жыдоўскі Народ зразумеў ясна, што яму няма чаго чакаць ласкавасьці ад сваіх панявольнікаў, што толькі ў змаганьні жыды здабудуць правы на жыцьцё і свабоду.

Уразумеўшы гэта, жыды падалі прыязную руку свайму брату ў няшчасьці — Народу Беларускаму, дзеля супольнага змаганьня за Незалежнасьць, змацаваўшы гэта актам 25 сакавіка».

У падсумаваньні палітычных тэзісаў, адозва 25 сакавіка 1921 году абвясьціла сувэрэннасьць нацыяў беларускай і жыдоўскай і поўнае аб’яднаньне іх у адзіны дзяржаўны Беларускі Народ.

На той час у сьвеце не было дзяржаваў, дзе б правы гэбраяў былі вызначаныя канкрэтна і экспліцытна. Беларуская Народная Рэспубліка стала першай дзяржавай, у якой гэбраі былі прызнаныя супольнай дзяржаўнай нацыяй. Гэта было замацавана ў афіцыйным акце, падпісаным Радай Народных Міністрў БНР у той самы дзень — 25 сакавіка 1921-га.

Акт гэты меў сем пунктаў:

1) Абедзьве сувэрэнныя нацыі — беларуская і жыдоўская — аб’ядноўваюцца, каб разам працаваць для дэмакратычнай рэспублікі, у палітычным жыцьці якой жыды адыгрываюць важную ролю.

2) Жыды ў межах рэспублікі маюць аднолькавыя палітычныя і рэлігійныя правы.

3) Ва ўрадавых установах прымаюцца жыдоўскія чыноўнікі, прапарцыйна колькасьці жыдоўскага насельніцтва ў краіне.

4) Жыды маюць права на залагоджаньне цывільных спрэчак сваімі судамі.

5) Зямля дзеліцца прапарцыйна паміж жыдоўскім і астатнім насельніцтвам.

6) абедзьве мовы — беларуская і жыдоўская — маюць роўныя правы. Усе дзяржаўныя паперы, грошы і маркі друкуюцца на гэткіх чатырох мовах: беларускай, жыдоўскай, польскай і расейскай.

7) Дачыненьні грунтуюцца на ўзаемным даверы і ўсялякія спрэчкі мусяць быць пазьбегнутыя.

Як зазначыў міністар Жытлоўскі, гэты акт быў беспрэцэдэнтны ў гэбрайскай гісторыі за два тысячагодзьдзі дыяспары.

Адразу пасьля сакавіцкіх урачыстасьцяў міністар Жытлоўскі распачынае напружаную дзейнасьць. На працягу некалькіх месяцаў ён наведвае эўрапейскія сталіцы, дзе сустракаецца бадай што з усімі больш-менш віднымі прадстаўнікамі сіянісцкага руху. Кансультацыі адбываліся ў сьвятле падтрыхтоўкі да 12-га ўсясьветнага сіянісцкага кангрэсу ў Карлбадзе.

Галоўнай тэмай кансультацыяў было пашырэньне пагромаў у Беларусі. Падчас польскай акупацыі, акцыі Балаховіча, розных дробных антыбальшавіцкіх паўстаньняў па краі пракацілася крывавая хваля — і ўрад Беларускай Народнай Рэспублікі браўся яе спыніць. На гэтым і грунтаваўся разьлік знайсьці спачуваньне і падтрымку з боку сусьветнага сіянізму.

Дагэтуль так і не вядома, ці выступаў Самуіл Жытлоўскі на карлсбадзкім кангрэсе. Захаваўся толькі тэкст ягонага мэмарандуму старшыні кангрэсу доктару Юліюсу Сімону. Паводле мэмарандуму, Урад Беларускай Народнай Рэспублікі праз сваіх прадстаўнікоў на месцах быў гатовы распачаць шырокую антыпагромную дзейнасьць. Урад, тлумачыў Жытлоўскі, мае ў сваім распараджэньні сотні агентаў у кожным пункце з гэбрайскім насельніцтвам. Гэтыя людзі — адукаваныя сяляне, усёй душою адданыя ідэі Незалежнай Беларусі, карыстаюцца на месцах велізарным уплывам на сялянскія масы і здолеюць супрацьпаставіць сваю агітацыю прапагандзе цёмных пагромных сілаў. Для іх утрыманьня, а таксама для выданьня неабходнай літаратуры Ўрад прасіў 5 тысячаў фунтаў стэрлінгаў штомесячна і яшчэ 2 тысячы фунтаў аднаразова на выдавецкія патрэбы.

Спробы Жытлоўскага ды іншых дзеячоў БНР схіліць на свой бок сіяністаў плёну не далі. У сьнежні 1921-га, падводзячы вынік сваёй працы, міністар пісаў: «Да таго часу, пакуль я не пераканаюся, што я для нашай справы нічога зрабіць не змагу, я ад яе нізавошта не адыйду. Але я яшчэ ня трачу надзею. Даводзіцца тараніць шмат сьценаў, і самая цьвёрдая сьцяна — гэбрайская».

Магчыма, сіянісцкія лідэры з асьцярожнасьцю паставіліся да дэклярацыяў беларускага ўраду, прадстаўнікі якога, седзячы ў эміграцыі, гаварылі пра свае шырокія ўплывы на Бацькаўшчыне. Магчыма, у гэтыя дэклярацыі ня надта верылі і самыя беларусы. Як бы там ні было — дзяржавы аднаго народу дзьвюх нацыяў так і не атрымалася. Хоць, хто ведае, ці не дала б гэткая этнічная камбінацыя ў выніку больш жыцьцяздольны і дынамічны, пасіянарны народ.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG