Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч балятаваўся ў дэпутаты менскага гарадзкога Савета па Галадзедаўскай акрузе № 6.

У інтэрвію Радыё Свабода ён сказаў, што нягледзячы на прадказальныя вынікі выбарчай кампаніі, ён і іншыя кандыдаты ад Партыі БНФ напоўніцу выкарысталі электаральнае мерапрыемства для дасягненьня заплянаваных мэтаў — збору подпісаў у падтрымку пытаньняў «Народнага рэфэрэндуму» і пікетаваньняў супраць расейскіх ваенных базаў на тэрыторыі Беларусі.

— Як ацэньваеце выбары з улікам агучаных лічбаў яўкі і датэрміновага галасаваньня?

— Мы яскрава пабачылі, што беларускае грамадзтва яўна не надало такой увагі гэтай кампаніі, якую надала ўлада. Было відавочна, што людзям гэтыя выбары не цікавыя як напачатку правядзеньня выбарчай кампаніі, так і ў канцы — падчас галасаваньня. Улады ж наадварот максымальна змабілізаваліся, і тыя лічбы, якія яны агучваюць па агульнай яўцы і па рэкорднай датэрміновай яўцы, не супадаюць з рэальнымі настроямі людзей, з рэальнай цікавасьцю да выбараў.

— Для чаго вы бралі ўдзел у кампаніі?

— Я як кандыдат ад Партыі БНФ, а таксама іншыя кандыдаты ад Партыі БНФ ставілі перад сабой абсалютна ясныя задачы — паказаць людзям, што ёсьць праграмная і пэрсанальная альтэрнатыва, выкарыстаць магчымасьць для правядзеньня пікетаў супраць расейскіх вайсковых базаў, пікетаў салідарнасьці з Украінай, а таксама сабраць подпісы ў падтрымку пытаньняў «Народнага рэфэрэндуму». Усе гэтыя мэты, якія ставіліся, рэалізаваныя.

— Што было дасягнута праз удзел у выбарах?

— Агулам кандыдаты ад Парты БНФ правялі некалькі дзясяткаў пікетаў — як на этапе збору подпісаў, так і падчас агітацыі. Гэта былі пікеты супраць расейскіх вайсковых базаў, а таксама пікеты салідарнасьці з Украінай. Мы таксама выкарысталі гэтую кампанію, каб пераконваць людзей, якія зараз замбаваныя расейскімі тэлеканаламі, у тым, што перамены патрэбныя ў любым выпадку. І разам з нашымі партнэрамі па кампаніі «Народнага рэфэрэндуму» мы сабралі больш за 50 тысяч подпісаў у падтрымку пытаньняў «Народнага рэфэрэндуму».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG