Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары не былі празрыстымі і справядлівымі,— назіральнікі


Назіральнікі падводзяць першыя вынікі сваёй працы на мінулых выбарах мясцовых Саветаў.

Грамадзкая кампанія «За справядлівыя выбары 2014», завяршыўшы маніторынг прававых умоў і практыкі правядзеньня ўсіх этапаў выбарчай кампаніі ў мясцовыя Саветы дэпутатаў, заявіла:

«Вялікая колькасьць выяўленых сур’ёзных парушэньняў заканадаўства на ўсіх этапах выбарчай кампаніі і абсалютна непразрыстая для грамадзкіх назіральнікаў і большасьці сябраў выбарчых камісій працэдура падліку галасоў на 82,6 адсотка участкаў, дзе вялося назіраньне, не дазваляюць прызнаць мінулыя выбары празрыстымі і справядлівымі, а абвешчаныя камісіямі вынікі такімі, якія рэальна адлюстроўваюць сапраўднае волевыяўленьне выбаршчыкаў».

Актывісты зь іншай кампаніі назіраньня за выбарамі ў мясцовыя Саветы «Права выбару» паведамляюць аб выніках свайго назіраньня за працэсам падліку галасоў у камісіях.

Назіральнікі кампаніі «Права выбару» сачылі за працэдурай падліку галасоў на 320 выбарчых участках у 93 акругах па ўсёй Беларусі. Яны выявілі, што на 183 участках сябры камісіі не паведамлялі старшыні ўголас свае вынікі падліку, так, каб чулі астатнія сябры камісіі і назіральнікі.

«На 25 участках з тых, па якіх ёсьць інфармацыя, камісіі ўвогуле зьдзейсьнілі парушэньне выбарчага заканадаўства Рэспублікі Беларусь — не вывесілі для ўсеагульнага агляду выніковы пратакол падліку галасоў.

Тыя ж вынікі падліку галасоў, якія камісіямі ўсё ж такі абнародаваліся, таксама часта выклікалі пытаньні ў назіральнікаў. Так, на ўчастку № 120 Кальварыйскай акругі № 38 па выбарах у Менгарсавет сумарная колькасьць выбарцаў, якія, згодна з дадзенымі камісіі, прагаласавалі датэрмінова, па месцы знаходжаньня і на ўчастку ў асноўны дзень галасаваньня, не супадае з агульнай колькасьцю выбарцаў, якія ўзялі ўдзел у галасаваньні, упісанай камісіяй у той самы пратакол.

Сапраўдным «бэнэфісам» учорашні падлік галасоў стаўся для старшыні ўчастковай камісіі № 70 Ямніцкай акругі № 35 у Магілёве Веры Цыркуновай. Пасьля таго, як яна без пасяджэньня камісіі пазбавіла акрэдытацыі абедзьвюх назіральніц кампаніі «Права выбару» і санкцыянавала прымяненьне фізычнай сілы для іх выдварэньня з участку, камісія літаральна за 20 хвілін «справілася» з падлікам галасоў. Пасьля гэтага Цыркунова вывесіла копію пратакола ўнутры памяшканьня камісіі, якое адразу было зачынена на ключ. Прычыны такіх паводзінаў старшыні камісіі, магчыма, крыюцца ў афіцыйных дадзеных вынікаў яўкі на гэтым участку: камісія сьцьвярджае, што прагаласавала 980 выбарцаў, прычым з гэтай колькасьці 600 — па месцы знаходжаньня«,— паведаміла кампанія «Права выбару».


Кампанія «Права выбару» праводзіцца на падставе пагадненьня дэмакратычных сілаў, якое падпісалі арганізацыйны камітэт па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя», грамадзянская кампанія «Гавары праўду!», Партыя БНФ, Рух «За Свабоду», Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), Беларуская партыя «Зялёныя» і арганізацыйны камітэт па стварэньні Партыі свабоды і прагрэсу.
XS
SM
MD
LG