Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тры актывісты «Справядлівага сьвету» прабіліся ў сельсаветы

абноўлена

Партыя левых «Справядлівы сьвет» правяла трох дэпутатаў у сельскія саветы Аршанскага раёну.

На выбарах перамаглі: Анатоль Гоцман, Юры Курганаў і Жанна Франкова.

Пра гэта Свабодзе паведаміў намесьнік старшыні партыі Валеры Ўхналёў.

Усяго партыя вылучала 93 кандыдатаў у мясцовыя саветы Беларусі розных узроўняў.

Лідэр партыі «Справядлівы сьвет» Сяргей Калякін, які балятаваўся ў сталічны гарсавет, паводле папярэдніх дадзеных, заняў у сваёй Куйбышаўскай акрузе другое месца. Тут было пяць прэтэндэнтаў. Перамогу аддалі дырэктарцы сярэдняй школы № 53 Натальлі Сьляпян.

Валеры Ўхналёў вылучаўся ў Акадэмічнай акрузе № 48. Ён кажа, што на некаторых участках, дзе было назіраньне, за яго прагаласавалі нібыта ад 5 да 13% выбарцаў. А дэпутатам стаў дырэктар спартовага комплексу «Алімпійскі» Сяргей Казлоў. Дарэчы, яго заробак за 2013 год склаў, паводле дэклярацыі, 634 739 544 рублі.

Валеры Ўхналёў камэнтуе:

«Наша партыя разьлічвала на значна большае прадстаўніцтва ў мясцовых саветах. Цікава, што ў бальшыні акругаў ніжэйшага роўню быў адзін кандыдат. Але там, дзе балятаваліся нашы вылучэнцы, амаль паўсюль выставілі альтэрнатыву ад уладаў. Так адбылося, напрыклад, зь Ёсіфам Маціюнам, які раней быў дэпутатам Вілейскага раённага савету. Сёлета яго „зарубілі“. Там людзі абураюцца. Мы будзем аспрэчваць вынікі, але пакуль факт застаецца фактам — Маціюн не абраны. І падобных фактаў даволі шмат».

Дэпутатам Дабейскага сельсавета, што ў Шумілінскім раёне, абраны актывіст руху «За свабоду» і сябра партыі БНФ Аляксандар Сшчамлёў. Пра гэта нашаму радыё паведаміў першы намесьнік старшыні руху Юрась Губарэвіч. Ён сказаў, што ад руху вылучаліся 38 кандыдатаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG