Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары ў Чыжоўцы: Гэта фікцыя, а ня выбары


Па Галадзедаўскай выбарчай акрузе № 6, што ў сталічнай Чыжоўцы, балятуюцца 4 кандыдаты ў дэпутаты Менскага гарсавета: Ганна Грамовіч — дырэктарка Палацу культуры Менскага аўтазаводу; Аляксандар Цішкевіч — дырэктар аўтапарку № 6, сябра Камуністычнай партыі Беларусі; Надзея Шомчанка — вядучы спэцыяліст ДТСААФ Заводзкага раёна, сябра БСДП (Грамада); Аляксей Янукевіч — старшыня партыі БНФ.

У будынку гімназіі № 25 — ажно 3 выбарчыя ўчасткі. Датэрмінова тут прагаласавала амаль 30% выбарцаў — асаблівай актыўнасьцю вызначыліся курсанты Менскага вышэйшага авіяцыйнага каледжу — яны прыходзілі галасаваць строем, і пэнсіянэры. І хаця на асаблівую дапамогу народных абраньнікаў тут не спадзяюцца, цяперашніх дэпутатаў ня ведаюць, пра імёны новых кандыдатаў даведваюцца толькі на самім участку — на выбары ходзяць. Па звычцы.

«Я не змагла вызначыцца, таму што нікога ня бачыла ў вочы, нідзе не было ніякіх сустрэч. Звычайна кандыдаты праходзілі на кватэрах. А цяпер мы нікога ня бачылі. Толькі вось гэтыя партрэты — кандыдаты ў маладосьці. Зразумела, што гэта фікцыя, а ня выбары. Фармальнасьць».

Карэспандэнтка: «Вызначыліся, за каго галасаваць будзеце?»

«Вызначыўся, канечне. Буду галасаваць за Надзею Аляксандраўну Шомчанку. Па-мойму, нармальны чалавек. І заробак ня вельмі высокі (сьмех).

Карэспандэнтка: „На вашу думку, гэтыя выбары маюць нейкі сэнс? Вы ведаеце свайго цяперашняга дэпутата гарсавета?“

„Не. Ня ведаем“.

Карэспандэнтка: „А навошта тады ходзіце“

„Усе ходзяць, і мы ходзім“.

„Каб прагаласаваць, каб хтосьці ў нас быў...“

„Дэпутата свайго ня ведаю. І сэнсу ў гэтых выбарах ня бачу“.

Карэспандэнтка: „А верыце, што яны штосьці могуць зьмяніць?“

„Не, нічога ня могуць, нічога ня зьменяць. Як бруд быў у пад’ездах і на вуліцах, так і ёсьць“. »

Карэспандэнтка: «А як вы лічыце, дэпутаты гарсавета штосьці вырашаюць?»

«Шчыра адказаць? Канечне, не».

Карэспандэнтка: «А чаго тады прыйшлі і на што спадзяецеся?»

«Ну, абавязак грамадзянскі. Можа, што і робяць. Але так, па дробязях, сур’ёзнае яны нічога не вырашаюць».



А вось адкрытых прыхільнікаў дэмакратычных кандыдатаў мы так і не сустрэлі, ня гледзячы на тое, што ў Чыжоўцы балятуецца старшыня БНФ Аляксей Янукевіч і сябра БСДП (Грамада«) Надзея Шомчанка (толькі адзін пэнсіянэр яе згадаў — за тое, што агульная сума даходу за мінулы год у яе 31 мільён 777 тысяч. Для параўнаньня: у дырэктара аўтапарку Цішкевіча — больш за 227 мільёнаў). Вось як абгрунтаваў свой выбар за дырэктара аўтапарку даволі малады жыхар Чыжоўкі:

«Ёсьць тут чатыры кандыдаты. Думаю, буду галасаваць за гаспадарніка. Трэба наводзіць парадак вакол. Ну і я ня веру, што тут хтосьці пройдзе ад апазыцыі, ня веру. І няма кандыдатаў».

«Тут балятуецца старшыня партыі БНФ Аляксей Янукевіч, ваш, «чыжоўскі»...

«Так? Шчыра кажучы, пасьля падзеяў у Крыме я ўжо баюся БНФ, страшна БНФ. Пасьля таго, што заяўляе з Польшчы кіраўнік БНФ, страшна ўжо».

Мужчыны сталага веку на ганку таксама абмяркоўвалі, што за прадстаўніка БНФ галасаваць ня будуць. Прагаласуюць за дырэктара аўтапарку. Пытаюся, чаму:

«Таму што ён нічога ня зробіць. Ён бясьсільны».

Карэспандэнтка: «То бок дырэктар аўтапарку мае ўладу і грошы, і можа штосьці зрабіць?»

«Так. Можа. А БНФавец — не».

Выбарцаў забаўлялі канцэртам школьнай самадзейнасьці, танным буфэтам — з гарэлкай на разьліў па 11800 за 100 грамаў, а таксама у мэдпункце можна было памераць ціск. Назіральнікаў на трох выбарчых участках Галадзедаўскай выбарчай акругі заўважана не было.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG