Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка просіць у Расеі С-300 і яшчэ 24 самалёты


«Калі Расея сказала, што ня можа С-300 зусім бясплатна даць, я сказаў: добра, мы будзем купляць. І мы іх купляем, як бы не было нам цяжка, — цытуе словы беларускага кіраўніка БелТА.

Апроч таго, Лукашэнка будзе «толькі рады», калі расейцы змогуць прадставіць Беларусі яшчэ 24 самалёты.

«Аднак вострай патрэбы ў гэтым няма», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

12 сакавіка Аляксандр Лукашэнка паведаміў, што просіць Расею разьмясьціць на тэрыторыіі Беларусі да 15 самалётаў.

Па словах Лукашэнкі, Расея прадставіла 10 самалётаў. Чатыры расейскіх экіпажы знаходзяцца ў Беларусі са сьнежня, і яшчэ шэсьць прызямліліся на запасным аэрадроме ў Бабруйску.

Просьба Лукашэнкі афіцыйна тлумачылася актыўнасьцю НАТО на мяжы зь Беларусьсю. Сёньня кіраўнік краіны паведаміў, што прынамсі палова дасланых Расеяй самалётаў застанецца ў Беларусі да сканчэньня Чэмпіяната па хакеі. «Думаю, яны будуць столькі, колькі мы гэтага захочам. Прынята будзе прэзыдэнтам рашэньне, каб яны былі тут даўжэй, пагодзіцца Расея — будуць даўжэй», — сказаў Лукашэнка.

Ён запэўнівае, што экіпажы 10 расейскіх самалётаў падпарадкоўваюцца беларускаму камандаваньню. «Я зараз паставіў пытаньне, каб ляталі расеец і беларус разам, каб не згубіць навыкі, каб у нас засталася школа. Таму я і папрасіў даць нам 10 самалётаў, а не прыгнаць з расейскімі экіпажамі і дапамагчы».

Усяго па словах Аляксандра Лукашэнкі, у Беларусі цяпер да 150 самалётаў і верталётаў. «Нам гэтага дастаткова і нават зашмат для тых узброеных сілаў, якія мы зараз рыхтуем», — лічыць кіраўнік краіны.

На фоне вайсковай агрэсіі Расеі ў Крыме заява беларускага кіраўніка пра неабходнасьць прысутнасьці ў Беларусі расейскіх самалётаў выклікала неадназначную рэакцыю ў грамадзтве. Партыя БНФ на прыканцы лютага заклікала неадкладна вывесьці расейскія вайсковыя базы з тэрыторыі Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка выказваў незадаволенасьць тым, як прадставілі інфармацыю пра ягоную просьбу расейскія СМІ. «Гэта ня ціск Расеі, гэта была мая просьба, каб нам далі дзесяць самалётаў. Ён сёньня ёсьць», — пацьвердзіў сёньня кіраўнік Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG