Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Газэты ў Іраку зладзілі Дзень цішыні з нагоды забойства журналіста Радыё Свабода


Дзясяткі ірацкіх газэтаў у нядзелю зладзілі «дзень цішыні» на знак пратэсту супраць забойства кіраўніка багдадзкага бюро Радыё Свабода / Радыё Свабодны Ірак Махамэда Бдаіві Аваіда аш-Шаммары.

Рашэньне не публікавацца ў нядзелю напярэдадні прыняло аб’яднаньне «Сындыкат ірацкіх журналістаў». Яго ўдзельнікі асудзілі забойства аш-Шаммары і назвалі гэта «агідным злачынствам».

Аш-Шаммары застрэлілі ў суботу, калі той накіроўваўся да сваёй рэдакцыі. Па папярэдніх дадзеных, журналіста забілі, калі той спрабаваў праехаць праз кантрольна-прапускны пункт, офіс рэдакцыі разьмяшчаецца непадалёк ад прэзыдэнцкага палаца, які ахоўвае спэцыяльны аддзел прэзыдэнцкай гвардыі.

Падрабязнасьці і акалічнасьці страляніны пакуль невядомыя.

Аваіду было 46 гадоў, у яго засталіся жонка і трое дзяцей.

Вядомы свам слухачам пад імем Хасан Рашыд, ён працаваў для Радыё Свабодны Ірак з 2006 году, апошнія два гады ўзначальваў бюро ў Багдадзе.

У кастрычніку летась, на сьвяткаваньні 15-годзьдзя Радыё Свабодны Ірак, Аваід адзначыў:

«Я магу з упэўненасьцю сказаць, што пасьля 7 гадоў працы на Радыё Свабодны Ірак я на гэтай самай станцыі даведаўся, што азначае свабода прэсы. У мяне 20-гадовы вопыт у журналістыцы, на працягу гэтага часу я ўзначальваў многія СМІ. Але я ніколі ня ведаў аб свабодзе прэсы столькі, колькі даведаўся на прыкладзе прафэсійных стандартаў Радыё Свабодны Ірак».

Махамэд Бдаіві Аваід быў ад’юнкт-прафэсарам журналістыкі ва ўнівэрсытэце ў Багдадзе, меў ступень доктара філязофіі, магістра па сувязях з грамадзкасьцю. Ён напісаў некалькі кніг, сярод іх «Мэтамарфозы палітычнага ісламу ў Іраку» (2011) і «Ірацкія СМІ: рэальнасьць і праблемы» (2012).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG