Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Багдадзе забіты шэф бюро Радыё Свабодны Ірак


Махамэд Бдаіві
Махамэд Бдаіві

У Багдадзе забіты шэф бюро Радыё Свабодны Ірак — падразьдзяленьня нашай радыёстанцыі.

Махамэд Бдаіві Аваід сёньня раніцай быў застрэлены вайскоўцам з падразьдзяленьня прэзыдэнцкай аховы. Гэта адбылося ў раёне Джадрыя, недалёка ад прэзыдэнцкага палацу.

Паводле відавочцаў, Аваід спрабаваў праехаць на сваім аўтамабілі на тэрыторыю комплексу офісаў Радыё Свабодны Ірак, які ахоўваюць тыя ж падразьдзяленьні. На КПП паміж ім і адным з ахоўнікаў, які ехаў на ваеннай машыне, узьнікла спрэчка — хто каго павінен прапусьціць. Раптам ахоўнік стрэліў у журналіста і адразу ўцёк.

Ахова прэзыдэнцкага комплексу ў Багдадзе набіраецца з байцоў ваенізаваных курдзкіх фармаваньняў «пешмерга», паколькі прэзыдэнт краіны Джаляль Талабані — курд.

Распачатае расьсьледаваньне. Прэм'ер-міністар Нуры аль-Малікі паабяцаў сям'і забітага знайсьці і прыцягнуць вінаватых да адказнасьці.

Аваіду было 46 гадоў, у яго засталіся жонка і трое дзяцей.

Вядомы свам слухачам пад імем Хасан Рашыд, ён працаваў для Радыё Свабодны Ірак з 2006 году, апошнія два гады ўзначальваў бюро ў Багдадзе. У кастрычніку летась, на сьвяткаваньні 15-годзьдзя Радыё Свабодны Ірак, Аваід адзначыў:

«Я магу з упэўненасьцю сказаць, што пасьля 7 гадоў працы на Радыё Свабодны Ірак я на гэтай самай станцыі даведаўся, што азначае свабода прэсы. У мяне 20-гадовы вопыт у журналістыцы, на працягу гэтага часу я ўзначальваў многія СМІ. Але я ніколі ня ведаў аб свабодзе прэсы столькі, колькі даведаўся на прыкладзе прафэсійных стандартаў Радыё Свабодны Ірак».

Махамэд Бдаіві Аваід быў ад’юнкт-прафэсарам журналістыкі ва ўнівэрсытэце ў Багдадзе, меў ступень доктара філязофіі, магістра па сувязях з грамадзкасьцю. Ён напісаў некалькі кніг, сярод іх «Мэтамарфозы палітычнага ісламу ў Іраку» (2011 ) і «Ірацкія СМІ: рэальнасьць і праблемы» (2012 ).
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG