Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Датэрміновае ідзе на рэкорд


Паводле Цэнтральнай выбарчай камісіі, за чатыры дні датэрміновага галасаваньня на выбарах дэпутатаў мясцовых саветаў прагаласавалі ўжо 1 мільён 737 тысячаў чалавек, або 24,92% ад агульнай колькасьці выбарцаў.

Гэта болей, чым было на папярэдніх мясцовых выбарах у красавіку 2010 году, дзе адпаведная лічба складала 22,1%. А на такіх жа выбарах у студзені 2007 году яўка была яшчэ меншая — 18,8%.

Дынаміку нарошчваньня ўдзельнікаў датэрміновага галасаваньня ад выбараў да выбараў Сяргей Альфер, які доўгі час займаецца выбарчай праблематыкай, тлумачыць так:

«Усё ж такі не патрэбна забывацца, што Рэспубліка Беларусь засталася савецкай краінай. З савецкім мэнталітэтам. І ў першую чаргу з савецкім мэнталітэтам чыноўнікаў. Таму для іх вельмі важна, каб на выбары прыйшла вялікая колькасьць выбарцаў. І каб яны ўсе разам у экстазе падтрымалі кандыдата, якога вылучыла гэтая ўладная адміністрацыя».

На гэтых выбарах, у адрозьненьне ад папярэдніх мясцовых кампаніяў, у лік лідэраў па датэрміновым галасаваньні нечакана ўвайшоў Менск. Раней сталіца заўжды замыкала рэгіянальную зводку датэрміновай актыўнасьці. Цяпер жа Менск замыкае першую тройку, а пасьля другога і трэцяга дня нават ачольваў зводку. Чаму так адбываецца?

Сяргей Альфер у адказе на гэтае пытаньне падкрэсьлівае: для Мікалая Ладуцькі, цяперашняга кіраўніка сталічнага гарвыканкаму, гэта першая поўнамаштабная мясцовая кампанія. На папярэдніх такіх выбарах ён толькі выконваў абавязкі «мэра» і тады яшчэ прыглядаўся да сытуацыі:

«Усё залежыць ад таго, якім чынам гэты чыноўнік выконвае тое, што яму патрэбна выканаць. А тут, аказваецца, прэзыдэнт сказаў, што трэба запрасіць выбарцаў на выбары. І каб яны прыйшлі, і каб прагаласавала многа.
У канчатковым выглядзе, я думаю, дадуць агульную яўку працэнтаў 60-70 ад агульнага сьпісу выбарцаў. Хоць, на мой погляд, працэнтаў 60-70 наагул ня ведаюць, што мясцовыя выбары праводзяцца ў Беларусі

Таму менскія ўлады далі адмашку. А мясцовыя адміністрацыі выконваюць гэтую адмашку праз выбарчыя камісіі. І таму на датэрміновае галасаваньне прыйдзе многа народу. А ў канчатковым выглядзе, я думаю, дадуць агульную яўку працэнтаў 60-70 ад агульнага сьпісу выбарцаў. Хоць, на мой погляд, працэнтаў 60-70 наагул ня ведаюць, што мясцовыя выбары праводзяцца ў Беларусі. А з гэтай колькасьці камісіі пакажуць, быццам працэнтаў 70-80 прагаласавалі за праўладнага кандыдата».

Незалежныя кандыдаты ў дэпутаты, назіральнікі і праваабаронцы заяўляюць пра масавыя парушэньні заканадаўства. Найбольш распаўсюджаныя — прымус да датэрміновага галасаваньня, завышэньне яўкі выбарцаў, стварэньне перашкод у працы незалежных назіральнікаў.

Актывіст Аб’яднанай грамадзянскай партыі Антон Жылко, які балятуецца ў Менскі гарсавет, ня верыць лічбам выбарчых камісіяў:

«Ёсьць нашы назіральнікі, якія ўвесь час знаходзяцца ў камісіях. Такога высокага працэнта і блізка няма на тых участках, дзе мы прысутнічаем. Рэальная яўка ў разы 2-2,5 дакладна менш».

Увечары 21 сакавіка Антон Жылко праводзіў дазволеную сустрэчу з выбарцамі ў будынку школы № 87. На яе прыйшлі давераныя асобы кандыдата — былы кіраўнік ураду Міхаіл Чыгір і былы старшыня Нацбанку Станіслаў Багданкевіч.
Станіслаў Багданкевіч выступае перад нешматлікімі выбарцамі
Станіслаў Багданкевіч выступае перад нешматлікімі выбарцамі

«Калі б у людзей сапраўды была вялікая цікавасьць да мясцовых выбараў, то яны абавязкова прыйшлі б на размову з такімі вядомымі людзьмі. Я сам стаяў на выхадзе з мэтро і запрашаў народ. Але зьявілася ўсяго чалавек дзесяць. Дык пра якую высокую актыўнасьць на датэрміновым галасаваньні можна казаць?!» — абураецца кандыдат у дэпутаты Антон Жылко.

Дарэчы сёньня ўвечары акруговая камісія вынесла кандыдату Жылко афіцыйнае папярэджаньне нібыта за заклік да байкоту выбараў.

Датэрміновае галасаваньне пачалося 18 сакавіка і завяршаецца 22 сакавіка. У нядзелю, 23 сакавіка, — асноўны дзень галасаваньня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG