Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цэнтарвыбаркам налічыў 25% прагаласаваўшых


Паводле Цэнтрвыбаркаму, за чатыры дні датэрміновага галасаваньня на выбарах дэпутатаў мясцовых саветаў прагаласавалі ўжо 1 млн. 737 тыс. чалавек, або 24,92% ад агульнай колькасьці беларускіх выбарнікаў. Датэрміновае галасаваньне пачалося 18 сакавіка і завяршаецца сёньня, паведамляе БелаПАН.

Найбольш актыўна галасуюць у Гомельскай (26,02%) і Віцебскай (25,95%) абласьцях, а таксама ў Менску (25,88%). У Магілёўскай вобласьці датэрмінова прагаласавалі 25,43% выбарнікаў, у Менскай — 24,38%, у Берасьцейскай — 23,57%. Найменшая яўка выбарнікаў назіраецца ў Гарадзенскай вобласьці — 22,63%.

Незалежныя назіральнікі і праваабаронцы заяўляюць пра масавыя парушэньні заканадаўства падчас выбарчай кампаніі. Самыя распаўсюджаныя зь іх: прымус да датэрміновага галасаваньня, завышэньне яўкі выбарнікаў, стварэньне перашкод у працы незалежных назіральнікаў.

Асноўны дзень галасаваньня па выбарах дэпутатаў мясцовых саветаў — 23 сакавіка. Выбарчыя ўчасткі адкрыюцца ў 8.00 і будуць працаваць да 20.00.

Выбары праходзяць у 1.328 мясцовых саветаў дэпутатаў па 18.816 выбарчых акругах. Кандыдатамі ў дэпутаты мясцовых саветаў зарэгістраваныя больш як 22 тысячы чалавек.
XS
SM
MD
LG