Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Каб мазгі ў яго канчаткова ня зьехалі», «вораг нумар 1», «адсталая Расея» — Цімашэнка рэзка крытыкуе Пуціна (ВІДЭА)


Юлія Цімашэнка

Юлія Цімашэнка

Лідэрка партыі «Бацькаўшчына» Юлія Цімашэнка выступіла ў пятніцу ўвечары з шэрагам рэзкіх заяваў на адрас прэзыдэнта Расеі Уладзіміра Пуціна ў сувязі з анэксіяй Расеяй ўкраінскага Крыму.

У шматгадзінным тэлеэфіры праграмы «Шустэр лайв» на Першым нацыянальным тэлеканале яна, у прыватнасьці, назвала Пуціна «ворагам нумар адзін» для Ўкраіны, таму што ён «забраў нашу зямлю сілай зброі» і «сёньня ў Крыме робіць рэчы, якія не сумяшчальныя з маральнасьцю».

Цімашэнка выказала ўпэўненасьць, што Ўкраіна верне Крым — па яе словах, гэта «пытаньне нядоўгага часу». А зараз, сказала яна, галоўная задача — «зрабіць усё, каб расейскі агрэсар не зрабіў ніводнага кроку на кантынэнтальную Ўкраіну». Але палітык перасьцерагла: «Мы павінны быць заўсёды гатовыя да таго, што Пуцін пераступіць рысу». «Трымаем кулакі, каб... мазгі ў Пуціна канчаткова не сышлі настолькі, што ён не адчувае пад сабой зямлі. Але калі ён будзе рабіць крок — мы будзем адказваць», — сказала Цімашэнка.



Лідэр «Бацькаўшчыны» лічыць, што перамовы з прэзыдэнтам Расеі сьвет павінен праводзіць «з пазыцыі сілы». Яна лічыць, што гэта ўжо адбываецца, і «празь месяц Пуцін будзе прасіць дэмакратычны сьвет сесьці за стол перамоваў», але тады «ня факт», што зь ім за гэты стол сядуць.

На яе думку, прэзыдэнт Расеі, ня здолеўшы палітычна «ўзяць Украіну», вырашыў зрабіць гэта ваенным чынам. Пуцін вырашыў «перафарматаваць сьвет, ператрэсьці сусьветны парадак», але захоп Крыму стане для яго «пачаткам канца», лічыць лідэр «Бацькаўшчыны».

Цімашэнка таксама заявіла, што ў выпадку ўварваньня расейскіх войскаў на кантынэнтальную тэрыторыю Ўкраіны «сьвет ня спыніцца». Паводле яе словаў, ужо запушчаныя доўгатэрміновыя праграмы, зьвязаныя, у прыватнасьці, з «поўным фарматаваньнем сусьветных рынкаў прыроднага газу».



Паводле яе словаў, з-за гэтых дзеяньняў, іншыя санкцыі сусьветнай супольнасьці — гэта ўжо празь некалькі месяцаў будзе адчувальна ў Расеі настолькі, што яе бюджэт пахіснецца. «І гэта толькі пачатак. У бліжэйшы час можа наступіць такі пэрыяд, калі расейская эканоміка і фінансы пачнуць хістацца і ня вытрымаюць гэтага ціску», — лічыць Цімашэнка.

«Пуцінская Расея — агрэсіўная, аўтарытарная, карумпаваная, эканамічна адсталая — сёньня прайграла Ўкраіне раз і назаўжды», — заявіла Цімашэнка. Паводле яе слоў, павінна паўстаць пытаньне, «ці ня страціў Пуцін Украіну назаўжды». І яна лічыць, што менавіта так і адбылося, таму што Украіна ніколі не пагодзіцца з тым, што «лідэр братняга народу» пайшоў на яе вайной.



Як лічыць Юлія Цімашэнка, Уладзімір Пуцін сваімі дзеяньнямі выклікаў рэзкі рост ва Ўкраіне колькасьці прыхільнікаў уступу ў НАТА, зрабіўшы для гэтага «больш, чым уся сыстэма агітацыі НАТА за дзясяткі гадоў».

Як піша асабісты сайт Юліі Цімашэнкі, «пазыцыю Юліі Цімашэнкі адносна сытуацыі ў Крыме і ва Ўкраіне падтрымала больш за 80 % аўдыторыі, што прысутнічала ў студыі праграмы «Шустэр LIVE».

«У канцы праграмы 53% удзельнікаў праграмы падтрымалі вылучэньне Юліі Цімашэнкі кандыдатам на прэзыдэнта ад партыі «Бацькаўшчына» «на прэзыдэнцкіх выбарах, якія павінны адбыцца ва Ўкраіне 25 траўня», — заяўляе яе асабісты сайт.

У сацыяльных сетках частка камэнтатараў цспрыняла гэты тэлеэфір менавіта як пачатак прэзыдэнцкай кампаніі Цімашэнкі. Водгукі на яе выступ неадназначныя. Сярод станоўчых — новы імідж Цімашэнкі, тое, што яна казала на шмат важных тэмаў і паводзіла сябе як выдатны псыхоляг. Крытычныя камэнтатары, у прыватнасьці, зьвярталі ўвагу, што склад прысутных у студыі быў прыхільны да яе, што Цімашэнка на многія пытаньні не давала канкрэтных адказаў і выступала як папуліст.



Юлія Цімашэнка на днях вярнулася ва Ўкраіну зь лекаваньня ў Нямеччыне, дзе яна ў значнай ступені вылекавалася менш чым за два тыдні пасьля таго, як лекаваньне зьняволенай Цімашэнкі ў Харкаве не давала вынікаў амаль два гады.

Сярод крытыкаў Цімашэнкі існуе меркаваньне, што былы прэм’ер-міністар, дазваляючы сабе час ад часу рэзкія словы ў адрас Пуціна, дзейнічала часам фактычна яму на карысьць, у прыватнасьці, з падпісаньнем газавых пагадненьняў 2009 годзе, якія прадугледжвалі высокія цэны, або з адмовай асудзіць агрэсію Расеі супраць Грузіі і г. д. Прыхільнікі Цімашэнкі катэгарычна адпрэчваюць такія сьцьвярджэньні.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG