Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Чэхіі і без таго напружаныя настроі вакол Расеі ўскалыхнула новая акцыя, праведзеная супраць помніка «воінам-інтэрнацыяналістам» на Альшанскіх могілках.

Помнік гэты ўзьнік на вядомых праваслаўных могілках некалькі месяцаў таму. Ініцыявала яго ўсталяваньне аб’яднаньне вэтэранаў аўганскай вайны, Afganvet да 25-й гадавіны вываду савецкіх войскаў з Аўганістану. Першую хвалю грамадзкай крытыкі выклікала ўжо само сутыкненьне тэкстаў на таблічках. Па-расейку там было напісана: «Вечная память и слава павшим воинам интернационалистам и миротворцам». Чэскі тэкст, аднак, гаварыў пра «загінулых у міратворчых місіях і сучасных ваенных канфліктах». Ініцыятары ўсталяваньня помніка пры адкрыцьці тлумачылі, што яны мелі на ўвазе ўсіх воінаў-інтэрнацыяналістаў, у тым ліку і чэхаў, якія загінулі падчас сваёй місіі ў Аўганістане.



Слова інтэрнацыяналісты аднак ў гэтыя дні выклікала ў чэхаў ня толькі згадку пра падзеі 68-га году, але, вядома, і пра Крым. Таму прэса пачала пісаць, што на Альшанах нібыта адкрылі «помнік салдатам—акупанатам з 68-га году». Частка прадстаўнікоў расейскай эміграцыі запатрабавала ліквідацыі помніка. Паводле Ігара Залатарова, сябра ўрадавай Рады нацыянальных меншасьцяў, такі помнік зьяўляецца зьнявагай адносна магілаў пасьлярэвалюцыйнай расейскай эміграцыі.

«Я зразумеў бы, калі б такі помнік паставілі ў арэале могілак для чырвонаармейцаў, але зьняважыць гэта месца (каля царквы) гэта проста недарэчнасьць,» — кажа Ігар Залатароў.



Пару дзён таму з помніка зьнікла расейская шыльда.

«Шыльда была адмантаваная цягам учорашняга дня, хутчэй за ўсё пасьля абеду, — сказаў 20 сакавіка нашаму Радыё Марцін Чэрвены, адміністратыўны дырэктар Альшанскіх могілак. — Зрабілі гэта прадстаўнікі таго аб’яднаньня, што помнік паставіла, гэта была іх рэакцыя на нэгатыўныя водгукі, якія яны сваім пачынаньнем выклікалі. Паводле іх слоў, на такую рэакцыю яны не спадзяваліся, яны зразумелі, што у кантэксьце грамадзкіх настрояў выбралі магчыма недарэчны надпіс, таму яго адмантавалі.»

Сьвятое месца пустым не бывае. Ужо сёньня на месцы расейскамоўнай шыльды зьявілася графіці CZ, на версе помніка стаялі тры цацачныя танкі, а ля яго падножжа рассыпаныя далейшыя цацачныя танкі і чырвоныя цацачныя салдацікі.





Гэта магіла знаходзіцца ў суседнім шэрагу з магілай прэзыдэнта БНР Васіля Захаркі. Ня выключана, што гэты незвычайны для могілак пэрформанс могуць пабачыць усе беларусы, якія прыйдуць сюды на Дзень волі. Супрацоўнік адміністрацыі могілак, да якога зьвярнулася Радыё, кажа, што пакуль ня ведае, ці будзе нейкі загад інсталяцыю прыбраць. Ён выказаў сваё асабістае меркаваньне, што ня трэба сьпяшацца сьпісваць акцыю на антырасейскія настроі чэхаў. Маўляў, помнік сьвежы, зьявіўся ён у сымбалічным месцы, перад вачыма людзей, якія ідуць у праваслаўную царкву і раптам вакол яго пачаліся акцыі і пэрформансы.

«Мёртвых не падразьдзяляем. Мёртвы салдат варожай краіны не зьяўляецца для нас ворагам,» — дадае яшчэ адзін прадстаўнік адміністрацыі могілак Яраслаў Шэйвла. Праўда, пад новым помнікам не ляжаць мёртвыя салдаты. Помнік прыйшоў сюды як сымбаль і, на сваё няшчасьце, стаў сымбалем таго, што ў гэтыя дні так палохае сьвет — акцый воінаў-інтэрнацыяналістаў.

  • 16x9 Image

    Алена Ціхановіч

    Родам з Койданава, ці Дзяржынску. У раньнія 90-я пачала супрацоўніць са «Свабодай», вэтэраны якой абралі яе пазьней «голасам радыё».

XS
SM
MD
LG