Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінцы спадзяюцца на падтрымку беларусамі рэвалюцыі годнасьці


Панарама Чарнігава
Панарама Чарнігава

Заявы афіцыйных уладаў Беларусі збольшага канстатуюць факты, не даючы выразнай ацэнкі дзеяньням Расеі на тэрыторыі Ўкраіны. Як ставяцца да такой пазыцыі суседзяў жыхары памежнага зь Беларусьсю ўкраінскага Чарнігава?

Беларусь празь Міністэрства замежных спраў заявіла, што ня можа быць абыякавай да падзеяў ва Ўкраіне, у тым ліку да праведзенага 16 сакавіка рэфэрэндуму ў Крыме і прынятага па яго выніках рашэньня аб уваходжаньні Крыму ў склад Расейскай Фэдэрацыі. Аднак заявы афіцыйных уладаў збольшага канстатуюць факты, не даючы выразнай ацэнкі дзеяньням Расеі на тэрыторыі Ўкраіны.

Як ставяцца да такой пазыцыі суседзяў жыхары памежнага зь Беларусьсю ўкраінскага Чарнігава?

Ва ўкраінцаў з Чарнігава і беларусаў з памежных раёнаў сталыя й даволі трывалыя стасункі — сваяцкія, сяброўскія, гандлёва-эканамічныя.

Таму й спадзеў на падтрымку выглядае цалкам натуральна.

Апавядае чарнігаўскі пэнсіянэр Юры, расеец з паходжаньня, які стала жыве ў Чарнігаве ўжо звыш сарака гадоў:

«Беларусам я скажу, што мы адзіныя — славяне. Ня думаю, што ў вас там, у Беларусі, хтосьці падтрымлівае Пуціна. Я думаю, што нармальныя людзі зь цьвярозай думкай павінны таксама сказаць сваё слова. Нікому ня трэба, каб дзеці нашы гінулі. За што? У кагосьці там расхадзіліся свае амбіцыі. Я не кажу, што павінна быць нейкая вайсковая падтрымка. Але павінна быць хоць інфармацыя адпаведная. Беларускі народ, я думаю, нас падтрымае. Замахнуліся расейцы на сьвятое — на зямлю. Захопліваюць зямлю! Бронетранспартэры, вайскоўцы ў Крыме. Ідзе наўпрост уварваньне. Хто даваў ім права?»

Суразмоўца кажа, што ўкраінцы выразна зразумелі, чаго дамагаецца Расея:

«Людзі пасьля Майдану выразна ўбачылі, што сэпаратысты падштурхоўваюць украінцаў да грамадзянскай вайны. І гэта не ўкраінцы, а, як мы тут іх называем, засланыя казачкі, якія ўсё баламуцяць. Нікому не патрэбная гэтая варажнеча, гэтыя абвастрэньні. Учора быў на лецішчы — гляджу, два вайсковыя верталёты ляцяць. Ну якая цывілізаваная краіна дазволіць чужым войскам увайсьці на сваю тэрыторыю?! Мы ж цяпер — сувэрэнная дзяржава!»

Старшаклясьнік Аляксандар, вучань адной з чарнігаўскіх школаў, хоча, каб усе суседзі ўкраінцаў зразумелі даволі простую ісьціну:

«Крым — гэта Ўкраіна, і ён мае быць часткаю Ўкраіны. І нічыёй болей».

Жыхар Чарнігава сярэдняга веку, які назваўся Віталем, наўпрост зьвяртаецца да кіраўніка беларускай дзяржавы:

«Хацелася б, каб ваш прэзыдэнт Лукашэнка падтрымаў украінцаў. Мы хочам мець сваю краіну. Я сам у Беларусі два гады працаваў, жыў у Беларусі. Вучыўся ў Гомелі ў вучылішчы № 81 электрыкаў. Потым у Менскай, Гарадзенскай, Віцебскай абласьцях працаваў».
Хацелася б, каб ваш прэзыдэнт Лукашэнка падтрымаў украінцаў

Чарнігаўскі спэцыяліст у сфэры інфармацыйных тэхналёгіяў Аляксандар, кажучы пра падтрымку змаганьня ўкраінцаў за лепшую долю, згадвае ўраджэнца Гомеля Міхаіла Жызьнеўскага:

«Найперш я хачу прыгадаць героя Майдану — Жызьнеўскага, які трагічна загінуў. Ён жа выхадзец з Гомельшчыны. Я знайшоў у інтэрнэце эпізод, калі ён фактычна стрымлівае людзей ад агрэсіі. Стаіць сьпінаю да беркутаўцаў і кажа: „Стойце, стойце!“ Чалавек такі ўраўнаважаны, адэкватны, міралюбны — наш пабрацім беларускі.

На Майдане, апрача іншых сьцягоў, быў і нацыянальны беларускі сьцяг. Ён быў ад першых дзён. І былі там беларусы неаднаразова — гэта мы ведаем».

Наконт афіцыйнай рэакцыі беларускіх уладаў на падзеі ва Ўкраіне спадар Аляксандар выказваецца гэтак:

«Што да прэзыдэнта Беларусі, то ён намагаўся — такое склалася ўражаньне — увогуле нічога не камэнтаваць. Па-дыпляматычнаму ня ўмешвацца, захоўваць нэўтралітэт. А якія эмоцыі і пачуцьці насамрэч у кіраўнікоў Беларусі, сказаць цяжка. Наўпрост тут не адчувалася».

Аляксандар дадае, што ва Ўкраіне адбыўся ня проста бунт, а рэвалюцыя чалавечай годнасьці:

«Людзі былі абураныя несправядлівасьцю. Цяпер намагаюцца, асабліва расейскія сродкі масавай інфармацыі, пераканаць, што тут адбыўся нейкі выбух нацыяналізму ды іншых „ізмаў“, фашызму там. Але ж на Майдане прыкладна палова была грамадзянаў расейскамоўных і палова ўкраінцаў. Людзьмі рухала жаданьне мець справядлівасьць у грамадзтве, справядлівыя адносіны з уладамі. Каб іх паважалі! Гэта была рэвалюцыя годнасьці».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG