Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ужо сёньня, 22 сакавіка: Дзень памяці Кастуся Каліноўскага; мітынг-рэквіем у Вільні


Бліц-агляд падзеяў і тэмаў у Беларусі, сьвеце, гісторыі.


ПАДЗЕІ ДНЯ

Мітынг-рэквіем і шэраг іншых мерапрыемстваў, прымеркаваных да 150-й гадавіны забойства расейскімі ўладамі Кастуся Каліноўскага, кіраўніка паўстаньня 1863-1864 гадоў на Беларусі, пройдуць у Вільні. А 13-й гадзіне пачнецца набажэнства ў Дамініканскім касьцёле. Пасьля адбудзецца ўскладаньне кветак да мэмарыяльнай дошкі, адкуль шэсьце ўдзельнікаў імпрэзы рушыць да Лукіскай плошчы, дзе быў пакараны сьмерцю нацыянальны герой Беларусі Кастусь Каліноўскі. На Лукіскай плошчы пройдзе мітынг-рэквіем. А 17-й гадзіне ў актавай зале ЭГУ пройдзе супольны канцэрт-рэквіем з удзелам прадстаўнікоў Беларусі і Літвы. Вядучыя — Зінаіда Бандарэнка і Мікола Купава. Сярод іншых выступяць Сяргей Панізьнік, «Тутэйшая шляхта», трыё Ярыны Лецкі, Уладзімір Дрындрожык, Алесь Разанаў, Тацяна і Адась Матафонавы, прагучаць палянэз Агінскага, «Пагоня», «Магутны Божа».

У літаратурным музэі Максіма Багдановіча ў рамках сьвяткаваньня гадавіны выпуску зборніка «Вянок» будуць праводзіцца экскурсіі па выставе «Праглядзіце гэты томік...» і іншыя мерапрыемствы. Пачатак экскурсій а 11.00.
Аўтограф-сэсія намінантаў літаратурнай прэміі «Дэбют» пачнецца а 14.00.

ГЭТЫ ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ

1895 — першы, прыватны, паказ кінафільму братамі Люм’ер.

1943 — разам з жыхарамі спалена Хатынь.

У гэты дзень нарадзіліся:

1599 — Антоніс ван Дэйк, флямандзкі мастак.

1942 — Валеры Шчукін, праваабаронца, дэпутат ВС Беларусі 13-га скліканьня.

У гэты дзень памерлі:

1864 — на шыбеніцы ў Вільні загінуў Кастусь Каліноўскі, кіраўнік паўстаньня 1863-1864 гадоў, публіцыст.

2010 — Кастусь Тарасаў, беларускі пісьменьнік, гісторык, дзяяч нацыянальна-дэмакратычнага руху.

ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ:

«Хто адгадае і хто адкажа, —
Пакуль маўчыць народ,
Якая праўда на сэрца ляжа
Мне праз тысячу год?

Адно толькі знаю: Бог нас пакінуў.
Страшней пятлі і турмы,
Калі мы ўсё яшчэ не краіна:
То край, то ўскраіна мы.

Адно толькі знаю: паўстаць за волю —
Сваю — павінен народ.
Іначай вольным ня быць ніколі.
Рэкі ўзрываюць лёд.

Шляхі не купляюць за пяць капеек —
Бяруць іх жыцьцём сваім,
Бунт не на плошчы — у сэрцы сьпее
I памірае ў ім.

Пакуль застаецца з нашага стану
Хоць бы адзін жывы,
To не лічыце справу прайгранай.
Народ прад’явіць правы».

Васіль Зуёнак, «Разьвітаньне Каліноўскага»

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG