Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары як звычка


Студэнты і людзі сталага веку — вось катэгорыі выбарцаў, сярод якіх найбольшы працэнт тых, хто галасуе датэрмінова. Сёлетнія выбары — не выключэньне. Студэнтаў, як заўсёды, просяць датэрмінова прагаласаваць, а людзі сталага веку на выбары ходзяць па звычцы.

У Магілёве ніводзін са студэнтаў мясцовых унівэрсытэтаў, зь якімі ўдалося пагутарыць, не сказаў, што выбары ў мясцовыя саветы праігнаруе. Усе дружна казалі, што галасаваць пойдуць. Некаторыя прызнаваліся, што ўжо гэта зрабілі, бо іх папрасілі.

«Калі шчыра, то папрасілі», — прызнаецца адзін з такіх студэнтаў. Ці абяцалі нейкія бонусы за гэта? Малады чалавек, кажа, што не. «Проста папрасілі выканаць свой грамадзянскі абавязак», — зазначае ён. На пытаньне: «Ці ня думаў праігнараваць такую просьбу?» — адказвае: «Ну, а навошта? Гэта не займае шмат часу. Прыйшоў, галачку паставіў, кінуў у урну — і ўсё. Я не лічу выбары дужа важнай для сябе падзеяй».

Бальшыня студэнтаў завучана паўтаралі фразы пра значнасьць свайго ўдзелу ў выбарах.

«Я лічу, што гэта абавязак грамадзяніна Рэспублікі Беларусь — прагаласаваць. Ты вырашаеш будучыню сваёй радзімы. Твой голас можа стаць вырашальным», — кажа адзін са студэнтаў. На пытаньне, ці самастойна ён вырашыў галасаваць датэрмінова, адказвае: «Крыху падказалі, але ж я і сам хацеў ісьці».

Студэнты, як высьветлілася, мала ведаюць пра тое, што могуць дэпутаты мясцовых саветаў. Некаторыя дадавалі, што галасавалі за кандыдатаў, пра якіх упершыню даведаліся на выбарчым участку. Тым ня менш цьвердзяць тое самае: «Трэба праяўляць актыўнасьць, каб ведаць, чаго ты хочаш», — тлумачыць яшчэ адзін студэнт, які прызнаецца, што сумняваўся, ці варта яму галасаваць, але потым перадумаў: «А сэнсу ў тым, каб не галасаваць? Калі не галасаваць, то гэта фактычна — не цікавіцца жыцьцём сваёй краіны. Што будзе ў будучым».
СМС-паведамленьне з заклікам прыйсьці прагаласаваць
СМС-паведамленьне з заклікам прыйсьці прагаласаваць

Ёсьць студэнты і зь іншымі меркаваньнямі. Адзін з такіх не хадзіў галасаваць датэрмінова і не зьбіраецца. Пойдзе, кажа, 23 сакавіка. Пра значнасьць выбараў кажа: «Склалася ў мяне такое ўражаньне, што яны абсалютна нічога ня зьменяць. І яны бессэнсоўныя». — «Але ж вы ўсё адно ідзяце галасаваць? — пытаюся. — Ці гэтак назойліва просяць у рэктараце?» Адказ: «Можна і так сказаць!»

На чым жа трымаецца студэнцкае жаданьне датэрмінова і масава прагаласаваць? Ці ёсьць у гэтым сапраўды прага заявіць пра сябе як пра адказнага грамадзяніна? Былы студэнт Сяргей адказвае, што для многіх маладых людзей, якія ўпершыню галасуюць, так і ёсьць. Яны лічаць, што іхны голас нечага варты. Пазьней жа імпэт спадае. Найперш таму, што зазнаюць прымус да галасаваньня.
Такія плякаты зьявіліся напярэдадні датэрміновага галасаваньня ў Магілёве
Такія плякаты зьявіліся напярэдадні датэрміновага галасаваньня ў Магілёве

«Гоняць найперш датэрмінова галасаваць тых, хто жыве ў інтэрнатах. Пагражаюць, што на наступны год яны застануцца без інтэрнату, і людзі пачынаюць баяцца. Заўжды будзе ў выбарчай камісіі сядзець нехта з прадстаўнікоў унівэрсытэту і ход галасаваньня будзе адсочваць», — тлумачыць былы студэнт Сяргей.
Гоняць найперш датэрмінова галасаваць тых, хто жыве ў інтэрнатах. Пагражаюць, што на наступны год яны застануцца без інтэрнату

Яшчэ адна катэгорыя заўсёднікаў на датэрміновым галасаваньні — людзі сталага веку. Яны ідуць на выбары, бо, як самі тлумачаць, у гэты час адчуваюць сваю запатрабаванасьць. Хоць, прызнаюцца, веры ў тое, што выбары могуць нешта зьмяніць, ня маюць. «Нічога яны ня зьменяць», — кажа спадар сталага веку, выходзячы з участку для галасаваньня. «Але ж вы ходзіце галасаваць?» — пытаюся. — «Я ж вам кажу, па звычцы хаджу», — адказвае пэнсіянэр.

Яшчэ адна пэнсіянэрка ідзе галасаваць. На твары стома. «Раней выбары былі сьвятам, а цяпер ужо ня так, як раней, — кажа яна і дадае расчаравана: — Цяпер во пойдзем, але ня ведаем, хто цяпер будзе там дэпутатам. Нам не паведамілі. Раней хоць улёткі кідалі, а цяпер і гэтага няма».

Тым часам афіцыйныя крыніцы рапартуюць пра высокую яўку выбарцаў. На 20 сакавіка на Магілёўшчыне, як паведамляецца, ужо прагаласавала больш за 10,5 працэнта. Людзей заўзята клічуць на выбарчыя ўчасткі праз смс-паведамленьні ад Цэнтральнай выбарчай камісіі. Пра важнасьць удзелу кажуць па радыё і тэлебачаньні. Пры гэтым яшчэ тыдзень таму, акрамя інфармацыйных абвестак пра дзень выбараў, не было нічога.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG