Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КС Украіны прызнаў неканстытуцыйнай Дэклярацыю аб незалежнасьці Крыму


Канстытуцыйны суд Украіны прызнаў неканстытуцыйнай пастанову Вярхоўнага Савету Аўтаномнай Рэспублікі Крым «Аб Дэклярацыі пра незалежнасьць Аўтаномнай Рэспублікі Крым і горада Севастопаля» ад 11 сакавіка 2014 году.

Такое рашэньне КС прыняў 20 сакавіка і афіцыйна апублікаваў у пятніцу.

Пастанова Вярхоўнага Савету Аўтаномнай Рэспублікі Крым «Аб Дэклярацыі пра незалежнасьць Аўтаномнай Рэспублікі Крым і горада Севастопаля» ад 11 сакавіка, прызнаная неканстытуцыйнай, страчвае дзеяньне з дня прыняцьця КС дадзенага рашэньня.

Рашэньне КС абавязковае для выкананьня на тэрыторыі Ўкраіны, яно канчатковае і ня можа быць абскарджана.

З прадстаўленьнем па дадзеным пытаньні ў КС зьвярнуўся старшыня Вярхоўнай Рады Ўкраіны, выканаўца абавязкаў кіраўніка дзяржавы Аляксандар Турчынаў.

У прадстаўленьні ён паказаў, што пастанова Вярхоўнага Савету АРК не адпавядае нормам Канстытуцыі Ўкраіны, згодна зь якімі сувэрэнітэт Украіны распаўсюджваецца на ўсю яе тэрыторыю, Украіна зьяўляецца ўнітарнай дзяржавай, тэрыторыя Ўкраіны ў межах існай мяжы зьяўляецца цэласнай і недатыкальнай ( артыкул 2); АРК і горад Севастопаль уваходзяць у склад Украіны як яе адміністрацыйна-тэрытарыяльныя адзінкі (артыкул 133); тэрытарыяльная структура Ўкраіны грунтуецца на прынцыпах адзінства і цэласнасьці дзяржаўнай тэрыторыі (артыкул 132); АРК зьяўляецца неад’емнай складовай часткай Украіны і ў межах паўнамоцтваў, вызначаных Канстытуцыяй Украіны, вырашае пытаньні, аднесеныя да яе кампэтэнцыі (артыкул 134), пытаньне аб зьмене тэрыторыі Ўкраіны вырашаецца выключна ўсеўкраінскім рэфэрэндумам, які прызначаецца Вярхоўнай Радай Украіны (артыкул 73, пункт 2 часткі першай артыкула 85).

Як паведамлялася, 11 сакавіка Вярхоўная Рада АРК сваёй пастановай зацьвердзіла Дэклярацыю аб незалежнасьці Аўтаномнай Рэспублікі Крым і горада Севастопаля, згодна зь якой па выніках рэфэрэндуму, праведзенага мясцовымі ўладамі 16 сакавіка, Крым абвяшчаецца незалежнай і сувэрэннай дзяржавай з рэспубліканскай формай кіраваньня і зьвяртаецца да Расейскай Фэдэрацыі з прапановай аб прыняцьці Рэспублікі Крым на аснове адпаведнай міждзяржаўнай дамовы ў склад Расейскай Фэдэрацыі ў якасьці яе новага суб’екта.

16 сакавіка ў аўтаноміі прайшоў рэфэрэндум, па выніках якога 17 сакавіка Вярхоўная Рада Крыму прыняла пастанову «Аб незалежнасьці Крыму». Украіна і сусьветная супольнасьць назвалі гэты рэфэрэндум неканстытуцыйным і нелегітымным.

20 сакавіка Дзяржаўная Дума Расейскай Фэдэрацыі прагаласавала за фэдэральны канстытуцыйны закон «Аб прыняцьці ў склад Расейскай Фэдэрацыі Рэспублікі Крым і ўтварэньні ў складзе РФ новых суб’ектаў — Рэспублікі Крым і горада фэдэральнага значэньня Севастопаля».
XS
SM
MD
LG