Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік Эўракамісіі Жазэ Мануэль Барозу вітаў рашучасьць краінаў ЭЗ падтрымаць Украіну адзіным фронтам. Гэтыя краіны далі ясна зразумець, што для тых, хто, на погляд ЭЗ, паводзіць сябе ў XXI стагодзьдзі недапушчальна, будуць наступствы, і такая іх пазыцыя, на погляд спадара Барозу, слушная.

«Мы вельмі ясна сказалі, што падтрымаем Украіну безумоўна, каб яна стала стабільнай, квітнеючай і дэмакратычнай», — цытуе Жазэ Мануэля Барозу Інтэрфакс.

Канкрэтна, удакладніў ён, гаворка ідзе пра ўжо прапанаваны Эўракамісіяй плян. Кіраўнік Эўракамісіі нагадаў пра дадатковы 1 мільярд эўра макраэканамічнай дапамогі Ўкраіне і пра аднабаковае зьніжэньне мытнага абкладаньня ўкраінскага экспарту, што дасьць магчымасьць шырэй адкрыць украінцам эўрапейскія рынкі.

Кажучы пра пагадненьне аб асацыяцыі, палітычная частка якога падпісана ў пятніцу з прэм’ер-міністрам Украіны, спадар Барозу заявіў, што Эўразьвяз мае цьвёрды намер падпісаць і рэшту гэтага пагадненьня.

«Эўропа ўзяла на сябе доўгатэрміновыя абавязаньні перад Украінай, мы дапаможам ёй рэфармавацца і ўмацаваць яе незалежнасьць і сувэрэнітэт», — заявіў Барозу.

Ён таксама паведаміў, што Эўрапейская Рада даручыла Эўракамісіі ацаніць юрыдычныя наступствы ўступленьня Крыму ў Расею і прапанаваць фінансавыя і эканамічныя абмежавальныя захады з магчымасьцю іх хуткага прымяненьня. «Гэта тычыцца галоўным чынам Крыму», — сказаў Жазэ Мануэль Барозу.

Эўракамісія, паведаміў ён, таксама падрыхтуе новыя магчымыя мэтавыя захады. Барозу зачытаў пастанову Эўрапейскай Рады пра тое, што «любыя новыя дэмаршы з боку Расеі, накіраваныя на дэстабілізацыю Ўкраіны», прывядуць да дадатковых наступстваў ва ўсім комплексе эканамічных адносінаў паміж ЭЗ і РФ. З гэтай прычыны Эўрапейская Рада папрасіла Эўракамісію і дзяржавы-сябры падрыхтаваць новыя мэтавыя захады ў дачыненьні да Расеі.

Ён назваў два прынцыпы, пра якія дамовілася Эўрарада: падтрымка Ўкраіны як стабільнай дзяржавы і моцныя захады ў дачыненьні да Расеі (магчыма, яшчэ і новыя на дадатак да ўжо зробленых), каб паказаць ёй, што некаторыя яе дзеяньні недапушчальныя.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG