Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Пасьля ўльтыматуму, пастаўленага афіцыйным Кіевам, сэпаратысцкія ўлады Крыму звольнілі восем раней выкрадзеных людзей.

Сярод вызваленых — камандуючы ВМС Украіны контр-адмірал Сяргей Гайдук, Аляксей Грыцэнка, Юры Шаўчэнка, Сяргей Супрун, Міхаіл Давыдзенка, Максім Трывідэнка, Андрэй Шчакун і Анатоль Кавальскі.

Інтэрвію з адным зь іх, Анатолем Кавальскім, было запісана праз тэлефон карэспандэнтам украінскай службы нашага радыё, калі ён знаходзіўся ў Хэрсоне.

Там некалькіх былых закладнікаў адвезьлі ў шпіталь, усе яны пасьпелі памыцца, пагаліцца, падаць заявы аб злачынстве супраць іх у праваахоўныя органы і пачаць працэдуру аднаўленьня дакумэнтаў. Пашпарты, вадзіцельскія правы, іншыя дакумэнты ў іх забралі нападнікі, як і тэлефоны, ноўтбукі і аўтамабіль Кавальскага.

— Анатоль Ёсіфавіч, як сябе адчуваеце пасьля больш як 10-дзённага палону?

— Сябе я больш-менш адчуваю нармальна. Адно толькі — душэўнае, псыхалягічнае прыгнечаньне. Усё гэта перажыць цяжкавата. Мяне ня білі, як чалавека ва ўзросьце, больш ці менш шкадавалі. А Андрэя Шчакуна тройчы жорстка дапытвалі. Трэцяму проста заклеілі рот, зьвязалі рукі, ногі, катавалі. А потым зьнялі вяроўкі і пачалі дапытваць. Гэта было жудасна, нелюдзі адназначна...

— Дзе вас трымалі, вы ведаеце?

— Трымалі ў абласным ваенкамаце, у сутарэньні, дзе саўна. Вады не было абсалютна, умовы адназначна быдлячыя. Сядзець не было дзе, ляжалі проста на падлозе, пыл, бруд. Я нават ня думаў, што так можна ставіцца ў наш час да людзей. Мы ж ня нейкія злачынцы.

— Як менавіта адбылося вашае затрыманьне?

— Мы з Андрэем Шчакуном пайшлі сустракаць цягнік з Кіева са сьцягамі, якія перадалі для сьвяткаваньня юбілею Тараса Шаўчэнкі. «Самаабарона» выставіла ачапленьне на вакзале. Яны схапілі нас са сьцягамі, завялі ў міліцыю — у лінейны ўчастак на чыгуначным вакзале. І паказальна, што міліцыянты стаялі, быццам нічога і не адбылося. Тыя нам рукі выкручваюць, б’юць, кідаюць на зямлю, а міліцыянтам абыякава.

— Куды вас потым адвезьлі?

— Нам завязалі вочы, і ўжо потым мы даведаліся, што адвезьлі нас у рэспубліканскі ваенкамат. Слова за слова, нехта з ахоўнікаў прагаварыўся, што гэта ваенкамат. Усе 10 дзён мы сядзелі з завязанымі вачыма.

— Яны казалі, чаму вы там?

— Нічога не казалі. І ніякага статусу нам не далі — ні ваеннапалонных, ні нейкіх злачынцаў. Наагул ні слова, за што нас затрымалі. Затое наслухаліся шмат ганебных, абразьлівых слоў, прычым ня толькі ў наш бок, але і на адрас жонак, дзяцей. Асабліва Андрэевым родным даставалася... Я быў шакаваны. Гэта што, нам прапануюць жыць у такім грамадзтве? Гэта нам такое вызваленьне прынесьлі? Гэта проста жах, гэта сапраўдныя зьвяры...

— Яны казалі, хто яны такія?

— Яны прадстаўляліся «самаабаронай», потым прыходзіў «Беркут». Беркутаўцы не хавалі, хто яны, гразіліся расправай за тое, што мы, маўляў, былі на Майдане, стралялі ў іх. І былі, як мы зарыентаваліся па мове і дзеяньнях, расійскія «спэцыялісты».

— Чаго яны хацелі ад вас, пра што распытвалі?

— Па-першае, яны казалі, што вылоўліваюць тых, хто нібыта хацеў зьдзейсьніць тэракты напярэдадні рэфэрэндуму. Затым у іх, такое ўражаньне, была адна інфармацыя, што людзей на плошчах хтосьці аплачвае, што яны стаяць за грошы. Таму вышуквалі, выпытвалі, хто гэта ўсё фінансуе. І яшчэ вылоўлівалі ўсіх прыежджых. Андрэй Шчакун — публічная асоба, больш вядомы. То яны выбівалі зь яго ўсю інфармацыю — дзе, куды, што, каму тэлефанаваў, хто арганізоўваў і г.д. Дзякуй Богу, што вытрымалі і засталіся жывыя. Штодня быў страх страціць жыцьцё — пагражалі расстраляць, грымелі аўтаматамі. Гэта было жудасна, настолькі цяжка было маральна гэта перанесьці... Гэта ўсё цяпер здаецца нерэальным...
XS
SM
MD
LG