Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз пашырае санкцыі супраць Расеі


Сярод іншых абмежавальных захадаў супраць Крамля скасаваны саміт Расея — Эўразьвяз.

Эўрапейскі зьвяз пастанавіў ўвесьці пэрсанальныя санкцыі яшчэ супраць 12 асоб, якія маюць дачыненьне да анэксіі Расеяй ўкраінскага Крыма. Пра гэта паведамілі ў Брусэлі ў ноч на пятніцу.

У цяперашні час імёны гэтых асоб, якіх датычыць замарожваньне актываў на тэрыторыі Эўразьвязу і забарона на ўезд у ЭЗ, яшчэ не апублікаваныя. Але вядома, што гаворка ідзе пра кола людзей, набліжаных да прэзыдэнта Расеі Ўладзімеру Пуціна.

Як заявіў прэзыдэнт Эўрапейскай рады Герман Ван Рампэй, любыя далейшыя крокі Расеі на дэстабілізацыю ва Ўкраіне будуць мець у адказ «далёка ідучыя наступствы».

Акрамя таго, сказаў ён, кіраўнікі Эўразьвязу зьвернуцца ў Эўрапейскую камісію з просьбай падрыхтавацца да яшчэ больш шырокіх, на гэты раз эканамічных санкцый супраць Расеі. Гэты, ужо трэці этап санкцый увядуць, калі працягнецца эскаляцыя крызысу.

Эўрапейскі зьвяз таксама вырашыў адмяніць свой наступны саміт з Расеяй, які павінен быў адбыцца ў расейскім Сочы. Акрамя таго, краіны ЭЗ адмяняюць свае двухбаковыя саміты з Расіяй.

Эўразьвяз таксама прапанаваў накіраваць ва Ўкраіну сваю місію назіральнікаў на выпадак, калі гэтага ня зможа зрабіць Арганізацыя па бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе, дзе накіраваньне такой місіі блякуе Расея.

У пятніцу, як нагадаў прэзыдэнт Эўрапейскай камісіі Жазэ Мануэль Барозу, Эўразьвяз падпіша з Украінай палітычныя разьдзелы пагаднення аб асацыяцыі паміж імі.

Такім чынам, цяпер у сьпісе асоб, якія апынуліся пад санкцыямі Эўразьвязу з-за дзеяньняў Расеі ў дачыненьні да Ўкраіны, знаходзіцца ўжо 33 дзеячы з Расеі і з крымскай аўтаноміі. Папярэдні сьпіс з 21 такой асобы Эўразьвяз ухваліў ў панядзелак.

У чацьвер свае дадатковыя санкцыі супраць Расеі абвясьцілі ЗША. Пад іх патрапіла яшчэ шэраг расейскіх палітыкаў, а таксама прадпрымальнікі, якіх зьвязваюць з фінансавымі афэрамі расейскай улады, і адзін расейскі банк. Акрамя таго, прэзыдэнт ЗША Барак Абама падпісаў ужо трэці ўказ аб такіх санкцыях, які дазваляе ў выпадку неабходнасьці ўвесьці эканамічныя абмежаваньні супраць шэрагу галін расійскай эканомікі.
XS
SM
MD
LG