Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусь прыбыла дэлегацыя штаб-кватэры НАТО з візытам, які будзе працягвацца да 21 сакавіка. Ці можна назваць гэта звычайным заплянаваным загадзя візытам альбо тут варта шукаць нейкія схаваныя палітычныя акалічнасьці?

У Беларусь прыбыла дэлегацыя штаб-кватэры НАТО з візытам, які будзе працягвацца да 21 сакавіка, паведамілі ў прэс-службе Мінабароны Беларусі. Візыт праходзіць у рамках удзелу Беларусі ў Працэсе плянаваньня і ацэнкі сіл праграмы НАТА «Партнэрства дзеля міру». Ці можна назваць гэта звычайным заплянаваным загадзя візытам альбо тут варта шукаць нейкія схаваныя палітычныя акалічнасьці? Як будзе дзейнічаць афіцыйны Менск у выпадку, калі Расея разарве ўсё ваеннае супрацоўніцтва з НАТО? На гэтыя пытаньні адказвае вайсковы аглядальнік Аляксандар Алесін.

— Ці можна назваць гэты візыт шараговым і заплянаваным? Альбо тут можна прыпускаць розныя палітычныя акалічнасьці, улічваючы тыя абставіны, у якіх адбываецца гэты візыт?

— Узаемадзеяньне Беларусі і НАТО налічвае ўжо два дзесяцігодзьдзі. Існуе праграма «Партнэрства дзеля міру», у рамках якой Беларусь штогод прадстаўляе плян мерапрыемстваў. Іншае справа, што часта яны не выконваюцца. Ёсьць прадстаўнік Беларусі ў рангу палкоўніка, які знаходзіцца ў штабе НАТО ў Монсе.

У прынцыпе, гэтая праграма «Партнэрства дзеля міру» была задуманая як пэўны выпрабаваўчы палігон для кандыдатаў у НАТО, дзе яны мусілі атрымліваць адукацыю, падцягваць свае войскі да стандартаў блёку. Аднак Беларусь, як вядома, у НАТО ня хоча, але хоча атрымаць нейкую карысьць ад гэтай праграмы і ад удзелу ў міратворчых апэрацыях. Таму гэтае супрацоўніцтва і не разрываецца. Хаця часам гарыць вельмі кволым агеньчыкам.

Таму цяперашняе мерапрыемства заплянаванае і звычайнае. Але тое, што візыт адбываецца менавіта ў такі час, калі ёсьць абвастрэньне адносінаў паміж НАТО і Расеяй — гэта наводзіць на думку, што блёк імкнецца неяк адкалоць Беларусь, а Лукашэнка — прадэманстраваць нейкую самастойнасьць перад Расеяй.

— Калі будзе разьвівацца нэгатыўны сцэнар у адносінах паміж Захадам і Расеяй і справа дойдзе да разрыву вайсковых стасункаў паміж імі — ці вымушаная будзе Беларусь аўтаматычна пайсьці за Расеяй у дадзеным пытаньні?

— Не, бо Беларусь уступала ў праграму «Партнэрства дзеля міру» без Расеі. У Расеі існуе асобная Рада «Расея-НАТО», дзе Беларусі няма, і дзе Расея ўзаемадзейнічае з гэтым блёкам. Калі нават гэтая Рада будзе распушчаная, то Беларусь працягне сваё супрацоўніцтва ў праграме «Партнэрства дзеля міру». Бо там няма нічога, што можа «пакрыўдзіць» Расею. У асноўным гэта адукацыйныя праграмы, закліканыя падцягнуць беларускіх міратворцаў да ўзроўню міратворцаў НАТО.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG