Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чатыры разы Вярхоўны Савет Беларусі 12-га скліканьня рабіў закрытыя пасяджэньні: калі выводзілі ядзерную зброю, калі заслухоўвалі справаздачу старшыні КДБ, калі адпраўлялі ў адстаўку таго самага старшыню КДБ і міністра ўнутраных спраў і калі абмяркоўвалі ўвядзеньне расейскага рубля.

І ўсе гэтыя чатыры разы я — пад вачыма ашаломленых ахоўнікаў-афіцэраў КДБ, што стаялі ля дзьвярэй — выносіў з Авальнай залі запісы дыскусіі і агалошваў іх журналістам.

Не, я не выдаваў дзяржаўныя таямніцы — кшталту ступені аховы ядзерных боегаловак. Але пра тое, якія крокі ў справе ліквідацыі беларускай дзяржаўнасьці робяць альбо плянуюць рабіць прыхільнікі Вячаслава Кебіча — я казаў.

18 сакавіка 1994 году адбылося адно з гэтых пасяджэньняў — прэм’ер Вячаслаў Кебіч выступаў з паведамленьнем пра ўмовы Масквы ў справе аб’яднаньня грашовых сыстэмаў Беларусі і Расеі.

«На нейкае імгненьне ў Авальнай залі павісла трывожная цішыня, якая ўзарвалася крыкамі дэпутатаў БНФ:

— Ганьба!

— Вось да чаго, Кебіч, давялі вы краіну!

— Далоў урад-марыянэтку!»


Так апісаў сам Кебіч у сваіх мэмуарах («Искушение властью», с. 394) дзеяньні сваіх апанэнтаў. Апісаў празьмерна экспрэсіўна: на самой справе дэпутаты Апазыцыі БНФ, зьмяняючы адзін аднаго ля мікрафонаў, зь лічбамі і на канкрэтных прыкладах паказалі, якую пагрозу нясе ідэя ўваходу ў «рублёвую зону» для сувэрэнітэту Беларусі. Але сутнасьць стаўленьня да гэтай ідэі і да самога Кебіча перададзеная правільна.

Гаворачы пра прэзыдэнцкую кампанію 1994 году, рэдка ўзгадваюць тэму аб’яднаньня грашовых сыстэмаў. Між тым яна была лейтматывам агітацыйнай кампаніі і Кебіча, і Лукашэнкі.

На пачатку 1994 году ў Беларусі функцыю грошай выконвалі разьліковыя білеты Нацыянальнага банку (так званыя «зайчыкі»). Вярхоўны Савет адкідаў прапановы Апазыцыі БНФ увесьці паўнавартасную нацыянальную валюту альбо надаць часова такі статус «зайчыкам».

Інфляцыя дасягнула 50% штомесяц, «зайчык» імкліва абясцэньваўся, і ягоны курс у адносінах да расейскага рубля дасягнуў прапорцыі 1:5. Ідэя ўвесьці расейскі рубель у якасьці адзінага плацежнага сродку спалучалася з абяцаньнем зрабіць абмен «зайцоў» паводле курсу 1:1; такім чынам, беларусы павінны былі зрабіцца ў пяць разоў багацейшымі. Гэтым прыёмам Кебіч разьлічваў выйграць прэзыдэнцкую кампанію; тое, чым расплоціцца за гэта Беларусь (а расплаціцца яна магла сувэрэнітэтам), Кебіча не хвалявала.

Усе дзяржаўныя СМІ кінуліся расхвальваць ідэю ўвядзеньня расейскага рубля. Дэпутаты Апазыцыі БНФ даводзілі, што эканамічны і паліўны крызіс — вынік не наяўнасьці слабога «зайчыка», а адмаўленьня ўраду ад эканамічных рэформаў, няздольнасьці праводзіць уласную, незалежную ад Масквы, збалянсаваную грашова-крэдытную палітыку. Перад вачыма быў досьвед Літвы, Латвіі і Эстоніі, дзе ўвялі свае грошы і пры гэтым ня мелі дэфіцыту нафты, куплялі яе ў Расеі па рынкавых коштах.

У першыя дні 94-га — яшчэ да абвешчанага Рэспубліканскім страйкамам і БНФ палітычнага страйку — спыніліся найбуйнейшыя прадпрыемствы: Менскі трактарны завод, вытворчае аб’яднаньне «Гарызонт», Менскі электратэхнічны завод, Гомсельмаш, Гарадзенскае вытворчае аб’яднаньне «Азот». Незалежныя эканамісты ў тыя дні адзначылі, што такіх маштабаў эканамічнага крызісу з пасьляваеннага часу Беларусь яшчэ ня ведала.

Член ураду, старшыня Дзяржаўнага камітэту па прамысловасьці Ўладзімер Куранкоў назваў тры прычыны спыненьня вытворчасьці: адсутнасьць сродкаў для аплаты энэрганосьбітаў, а таксама... выходныя дні ў расейскіх прадпрыемстваў-пастаўшчыкоў і «выходныя дні ў банках у Расеі, што не дазваляе своечасова правесьці ўзаемазалікі».

Спасылка на выходныя дні пасавала б загадчыку бухгальтэрыі невялікага прадпрыемства — але ніяк не міністру эканомікі дзесяцімільённай краіны. Але тым больш відавочнымі былі заганы прывязанасьці да расейскай банкаўскай сыстэмы. І тым ня менш — урад, «узважыўшы аргумэнты „за “ і „супраць“ увядзеньня нацыянальнай валюты, прызнаў такі крок у цяперашніх умовах немэтазгодным».

Яшчэ 19 жніўня 1993 году, наведаўшы Маскву, старшыня Вярхоўнага Савету Станіслаў Шушкевіч заявіў, што Беларусь хоча быць у рублёвай зоне (потым Шушкевіч зьменіць сваю пазыцыю). На пачатку верасьня тое, пра што Шушкевіч казаў як пра «хаценьне», Кебіч аформіў канкрэтным пагадненьнем — зноў жа ў Маскве. У склад дэлегацыі Кебіч уключыў і дэпутата Лукашэнку (паводле сьведак, непасрэдна ў кабінэт Чарнамырдзіна Лукашэнка ня быў дапушчаны, сядзеў у прыёмнай, ці, як тады казалі, у «прадбаньніку»). Аднак па вяртаньні ў Менск Лукашэнка зрабіўся актыўным прапагандыстам аб’яднаньня грашовых сыстэмаў.

Між іншым, у сваіх мэмуарах Кебіч прызнаецца:

«Віктар Чарнамырдзін распавёў мне, што расейскія спэцслужбы перахапілі сакрэтную размову Станіслава Багданкевіча са Станіславам Шушкевічам. Спачатку пагадзіўшыся на аб’яднаньне валютаў, сьпікер затым катэгарычна забараніў гэта рабіць» («Искушение властью», с.383).

Прыкметна, што ні Шушкевічу, ні Вярхоўнаму Савету пра дзеяньні расейскіх спэцслужбаў у Беларусі Кебіч не сказаў ні слова.

Імпэт Кебіча напужаў Шушкевіча і некаторых членаў Прэзыдыюму ВС; зрэшты, ніякіх арганізацыйных высноваў зроблена не было.

«15 верасьня 1993 году В. Кебіч не зьявіўся на Прэзыдыюм Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь, на якім разглядалася пытаньне аб энэргетычным крызісе і грашова-крэдытнай палітыцы Беларусі. Быў бы тады С. Шушкевіч больш прынцыповым і пасьлядоўным, сёньня, магчыма, Беларусь не знаходзілася б у такім становішчы, а ў адстаўцы былі б іншыя дзяржаўныя дзеячы. Чарговы шанец станаўленьня ўласнай грашовай сыстэмы быў упушчаны. Паслухмяны Кебічу Вярхоўны Савет 18 лістапада ратыфікаваў гэтае пагадненьне, чым выратаваў прэм’ера ад непазьбежнай адстаўкі» (Дэпутат ВС Уладзімер Новік, «Доўгая дарога ў рублёвую зону, або Хроніка пікіруючай эканомікі Беларусі», «Народная газета», 15 лютага 1994 г.).

Тады ж, 18 лістапада 1993-га, дэпутацкая большасьць Вярхоўнага Савету заблякавала прапанову надаць разьліковаму білету нацыянальнага банку («зайцу») статус нацыянальнай валюты. Пракебічаўскія дэпутаты не пагадзіліся нават на аргумэнтацыю тых, хто прапаноўваў зрабіць гэта на «пераходны» пэрыяд да моманту ўвядзеньня расейскага рубля — не гаворачы ўжо пра крокі да паўнаважкай уласнай грашовай адзінкі, на чым настойвала Апазыцыя БНФ. А кіраўнік пракебічаўскай групы «Беларусь» Генадзь Казлоў заявіў журналістам, што выступае за канфэдэрацыю Беларусі і Расеі.

30 сьнежня на сустрэчы з калектывам рэдакцыі газэты «Звязда» старшыня Вярхоўнага Савету С. Шушкевіч заявіў, што не галасаваў за аб’яднаньне грашовых сыстэмаў.

«З-за палітычных меркаваньняў Расея можа пайсьці на такія страты для сябе і саступкі нам. Спачатку гэта можа даць станоўчы эфэкт. Але ў далейшым мы ўсё роўна будзем жыць гэтак, як будзем працаваць. Усё гэта можа толькі даць шанцы для палітыкаў-папулістаў. Хаця думаю, што раней чым зьбярэцца Дума, прэзыдэнт Расеі наўрад ці вырашыць гэтае пытаньне. Я буду размаўляць зь ім у бліжэйшыя дні, і, канечне, гэтае пытаньне будзе адным з найважнейшых. Але самым важным пытаньнем у адносінах з Расеяй для нас сёньня зьяўляецца пытаньне розных коштаў на энэрганосьбіты. Расея ўсталявала розныя цэны — для Беларусі, для Ўкраіны, для Ўзбэкістану... І хаця мы вельмі добра сябе паводзім, усё роўна нафту купляем на 40 экю даражэй, чым спажыўцы ў Расеі» (Аналітычна-інфармацыйнае агенцтва «Павет», 6 студзеня 1994 г.).

Дэпутат ВС, сакратар парлямэнцкай камісіі Ўладзімер Сапронаў (да 1993 году ён працаваў намесьнікам начальніка аддзелу зьнешнеэканамічных сувязяў «Беларуськалія»), адзначыўшы розную ступень рынкавых рэформаў Беларусі і Расеі, выказаўся за жорсткую манэтарную палітыку, спыненьне крэдытаваньня стратных прадпрыемстваў і неадкладнае ўвядзеньне нацыянальнай валюты — фактычна, за тое самае, на чым настойвала і Апазыцыя БНФ. Розьніца палягала хіба ў прагнозах. Сапронаў лічыў, што ў выпадку аб’яднаньня грашовых сыстэмаў —

«з-за адсутнасьці сродкаў прадпрыемствы і нерухомасьць будуць аддавацца, людзі будуць шукаць працу хаця б у Сыбіры. У гэтым выпадку Беларусі пагражае ператварыцца ў аграрны прыдатак Расеі і іншых больш магутных дзяржаў» («Павет», 1. 1994).

Дэпутацкая ж апазыцыя БНФ разглядала ўцягваньне Беларусі ў рублёвую зону як частку пляну па інкарпарацыі Беларусі ў склад Расеі (яшчэ адным складнікам было далучэньне Беларусі да сыстэмы калектыўнай бясьпекі краінаў СНД, якая кантралявалася расейскім Генштабам).

На пачатку сакавіка «Газпрам» скараціў пастаўкі газу, прычына — вялізная запазычанасьць; Савет Міністраў унёс у Вярхоўны Савет законапраект аб тым, каб перадаць «Белтрансгаз» «Газпраму». Апазыцыі БНФ удалося заблякаваць прыняцьце гэтага закону, супраць якога выступіў нават старшыня парлямэнцкай камісіі па эканамічнай рэформе Леанід Козік.

Але падрыхтоўка пераходу на рубель ішла шпаркімі тэмпамі; рэгулярна засядала расейска-беларуская Камісія па аб’яднаньні грашовых сыстэмаў.

«Камісія разгледзела ступень падрыхтоўкі да падпісаньня міжурадавых і міжбанкаўскіх пагадненьняў, неабходных для практычнага аб’яднаньня грашовых сыстэмаў... Экспэрты адзначылі ў пратаколе, што цягам 3 месяцаў пасьля даты аб’яднаньня грашовых сыстэмаў у Беларусі будзе зьдзейсьнены пераход на аплату працы занятых у бюджэтнай сфэры па расейскай адзінай тарыфнай сетцы, што азначае зьмяншэньне нармальнай заработнай платы больш чым у два разы. (Беларускі рубель каштаваў менш за расейскі прыблізна ў два разы. — С.Н.) Беларусі прапануецца фінансаваць сацыяльную абарону насельніцтва коштам свайго бюджэту» («Белорусский рынок», 7, 15 лютага 1994 г.).

Пры гэтым меркавалася, што Цэнтрабанк Расеі забясьпечвае Беларусь такой колькасьцю расейскіх рублёў якая неабходная для абмену «зайцоў»; пры гэтым рублі для аднамомантнага абмену пастаўляліся ў форме беспрацэнтнага крэдыту, які не падлягаў вяртаньню. Дакладней, падлягаў пры адной умове: калі Беларусь пажадала б выйсьці з расейскай рублёвай зоны.

І яшчэ: уся маёмасьць Беларусі (матэрыяльная маёмасьць юрыдычных асобаў, асноўныя фонды, наяўныя грошы і г.д.) — мусіла падлягаць пераацэнцы ў расейскіх рублях. Меркавалася, што Расея і Беларусь будуць мець агульны бюджэт (залішне казаць, што фармаваўся б ён у Маскве), а Нацыянальны банк Беларусі павінен быў ператварыцца ў філію Цэнтральнага банку Расейскай Фэдэрацыі.

Усё гэта азначала толькі адно: Кебіч быў гатовы аддаць эканоміку Беларусі пад кантроль Масквы.

У сакавіку 94-га старшыня Нацбанку Беларусі Станіслаў Багданкевіч выступіў супраць умоваў, прадугледжаных дамоваю; яго падтрымаў сьпікер ВС Мечыслаў Грыб, які заявіў, што ўмовы, прапанаваныя Масквой, «ставяць пад пытаньне ўвесь сувэрэнітэт нас як людзей і як дзяржавы».

18 сакавіка адбылося згаданае раней закрытае пасяджэньне Вярхоўнага Савету, на якім Кебіч, спасылаючыся на размовы з прэм’ер-міністрам Расеі Віктарам Чарнамырдзіным, прапанаваў Вярхоўнаму Савету прыняць канчатковы тэкст дамовы — прычым дамовы ўжо пра «раўнапраўны саюз» з Расеяй. І тут жа, на закрытым паседжаньні, Кебіч сказаў пра неабходнасьць абіраць прэзыдэнта (тры дні раней, як вядома, была прынятая Канстытуцыя з пасадай прэзыдэнта).

А яшчэ і да гэтага не выключалася, што, нягледзячы на ўвядзеньне прэзыдэнцкай пасады, спачатку пройдуць парлямэнцкія выбары, тым больш што ў 1992 годзе Вярхоўны Савет абяцаў на год скараціць тэрмін сваёй кадэнцыі — абяцанае якраз прыпадала на вясну 94-га. З улікам гэтага заява Кебіча гучала як каманда падкантрольнай дэпутацкай большасьці: ідзем на выбары!

Між іншым, у той самы дзень гэтыя самыя дэпутаты ізноў адмовіліся прызнаць «зайчык» адзіным плацежным сродкам на тэрыторыі Беларусі.

12 красавіка 1994 году ў Маскву накіравалася ўрадавая дэлегацыя. Вячаслаў Кебіч падпісаў Дамову аб аб’яднаньні грашовых сыстэмаў Беларусі і Расеі.

Потым будуць казаць, што старшыня Нацбанку Станіслаў Багданкевіч адмовіўся ставіць пад тэкстам свой подпіс. Гэта — няпраўда. Багданкевіч дамову падпісаў. Але зрабіў удакладненьне, што артыкул пра статус Нацыянальнага банку супярэчыць беларускай Канстытуцыі (артыкулу 145). Нягледзячы на гэта, расейскі прэм’ер заявіў, што банк будзе адзін — Цэнтральны банк Расеі.

Падпісаная ў Маскве дамова абурыла нават членаў Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету, якія, у большасьці, падтрымлівалі Кебіча.

«Абмяркоўваўся жорсткі варыянт дзеяньняў з боку заканадаўчай улады: выказваліся прапановы арыштаваць усіх членаў дэлегацыі пасьля іх паездкі ў Маскву. Але, узважыўшы ўсе за і супраць, мы вырашылі не накаляць сытуацыю перад прэзыдэнцкімі выбарамі. Галоўным аргумэнтам зьявілася тое, што дамова, без зацьвярджэньня Вярхоўным Саветам, нічога не азначала... Да таго, каб начапіць кайданкі старшыні Савету міністраў Рэспублікі Беларусь і паказаць усе гэтыя дзеяньні па тэлебачаньні, мы, на шчасьце, не дадумаліся» (М. Грыб, «Белорусский мост», с.71).

Не дадумаліся на шчасьце ці на няшчасьце, і як склаўся б лёс Беларусі, калі б за парушэньне Канстытуцыі атрымаў «па руках» (у літаральным сэнсе, ды яшчэ з трансьляцыяй па тэлебачаньні) вышэйшы кіраўнік — хай мяркуе чытач.

Дэлегацыю на чале з Кебічам, як вядома, ніхто ў аэрапорце не арыштаваў, і хутка на прэсавай канфэрэнцыі прэм’ер распавёў пра дэталі пагадненьня. Кебіч сказаў, што ў выніку дамовы Беларусь ня будзе браць плату за транзыт расейскай нафты і газу праз сваю тэрыторыю, а таксама бярэ на сябе ўтрыманьне расейскага войска.

Праўда, і да гэтага часу расейцы выкарыстоўвалі беларускую зямлю для сваіх вайсковых патрэбаў — коштам саміх беларусаў. Апазыцыя БНФ у 1992-1993 годзе патрабавала вывесьці расейскія вайсковыя падразьдзяленьні — але безвынікова: ні Шушкевіч, ні Кебіч на гэта не рэагавалі.

«У беларуска-расейскіх пратаколах пра аб’яднаньне грашовых сыстэмаў засьведчана, што „ўтрыманьне на тэрыторыі Беларусі расейскіх войск абыходзіцца Рэспубліцы Беларусь у разьліку на год каля 1,9 мільярда даляраў“. Дзіўна атрымліваецца: ня нам плацяць, а мы плацім. У дадатак да ўсяго расейскімі войскамі забрана з гаспадарчага абарачэньня Беларусі 24 тысячы гектараў лясных масіваў. Празь бюджэт нашай краіны датуюцца сацыяльна-пабытовыя патрэбы вайскоўцаў і іх сем’яў на агульную суму каля 100 мільярдаў рублёў у год. Рэспубліка Беларусь не спаганяе арэндную плату за выкарыстаньне чужым войскам будынкаў і памяшканьняў, якія належаць Беларусі. Расейскім вайскоўцам і іх сем’ям нададзена права атрыманьня беларускага грамадзянства. Значыць, пасьля заканчэньня службы яны застануцца тут. Гэта 12 тысяч сем’яў. Для іх трэба будаваць жыльлё і ствараць 30 тысяч рабочых месцаў. І гэта тады, калі дагэтуль не пераселеныя людзі з Чарнобыльскай зоны і беспрацоўе грукаецца ў дзьверы... Акрамя таго, на тэрыторыі нашай краіны пабудаваны (на 82%) радыётэхнічны вузел сыстэмы папярэджаньня пра ракетны напад і дзейнічае цэнтар сувязі ВМФ, якія, зразумела, належаць Расеі. Гэта робіць Беларусь патэнцыйнай мішэньню ў магчымай вайне. Усё гэта кепска стасуецца з нашым нэўтралітэтам і ўвогуле здаровым сэнсам». («Літаратура і мастацтва», 25 сакавіка 1994 г.)

Але Вячаслаў Кебіч заявіў, што аб’яднаньне з Расеяй (і ня толькі фінансавае) — ягоны асэнсаваны выбар.

«Вячаслаў Кебіч: Я зрабіў свой выбар і пра яго не шкадую — гэта выбар майго жыцьця. У саюзе з Расеяй нашае выратаваньне». («Вячэрні Мінск», 15 красавіка 1995 г.)

Адносна несумяшчальнасьці дамовы з Канстытуцыяй Кебіч заўважыў, што асабіста будзе ініцыяваць зьмены ў Канстытуцыі і законах, ну, а калі «Вярхоўны Савет ня прыме гэтых паправак — урад зьвернецца да народа. Хай народ скажа сваё слова».

Неўзабаве высьветлілася, што ідэя рэфэрэндуму належыць ня Кебічу, а — Маскве. Пра гэта прагаварыўся ўдзельнік перамоваў, старшыня Магілёўскага аблвыканкаму Мікалай Грынёў.

«А ўвогуле, расейскі бок рэкамэндуе правесьці рэфэрэндум, сумясьціўшы яго з прэзыдэнцкімі выбарамі». («Магілёўскія ведамасьці», 14 красавіка 1994 г.)

«Падчас прыезду ў Менск старшыні камітэта Фэдэральнага Сходу Расеі Мікалая Ганчара ён сустрэўся з групай дэпутатаў Вярхоўнага савета... Сп. Ганчар адзначыў, што калі Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь прыме рашэньне аб правядзеньні рэфэрэндуму наконт аб’яднаньня дзьвюх дзяржаў, Фэдэральны Сход Расеі, безумоўна, падтрымае гэтую ініцыятыву. Ён выказаў упэўненасьць, што вынікі рэфэрэндуму ў абедзьвюх краінах будуць станоўчымі». («Пагоня», 15 красавіка 1994 г.)


Па вяртаньні з Масквы Кебіч заявіў, што Масква гатовая была адмовіцца ад усіх пазыцыяў, якія выклікалі незадавальненьне Менску — калі б Менск пагадзіўся на канфэдэрацыю. Гэта значыць — фактычна на аб’яднаньне ў адну дзяржаву.

Пэўныя заявы некаторых дзеячоў прымушалі меркаваць, што такое жаданьне Масквы — зусім не спантаннае.

Сяргей Гайдукевіч, старшыня Народнага руху Беларусі (тут і далей — НДБ, «Народное движение Беларуси»), заявіў, што калі дамова ня будзе ратыфікаваная, НДБ пачне збор подпісаў за рэфэрэндум па гэтым пытаньні. Сустаршыня НДБ, кіраўнік Славянскага Сабору «Белая Русь» Мікалай Сяргееў пацьвердзіў, што ягоная арганізацыя будзе настойваць на правядзеньні рэфэрэндуму па двух пытаньнях: аб канфэдэрацыі з Расеяй і аб статусе расейскай мовы (меўся на ўвазе яе статус як дзяржаўнай мовы). На той жа самай канфэрэнцыі Гайдукевіч заявіў, што адзіны кандыдат ад НДБ вызначыцца на «кангрэсе народаў Беларусі», а пакуль яны падтрымліваюць трох — Кебіча, Лукашэнку і лідэра камуністаў Новікава.

Заява пра трох кандыдатаў была відавочным какецтвам — Гайдукевіч працаваў у апараце Саўміну і выконваў загады Кебіча.

Пра тое, што дэпутацкая група «Беларусь» сабрала дастатковую колькасьць подпісаў для правядзеньня рэфэрэндуму аб саюзе з Расеяй, увядзеньні дзьвюхмоўя і дэнансацыі Белавескіх пагадненьняў, заявіў і лідэр групы дэпутат Генадзь Казлоў. Ён таксама працаваў у апараце Саўміну. Аднак у дэпутацкім асяродзьдзі настойліва гаварылі, што да дэпутацтва ён толькі фармальна служыў у міліцыі, а рэальна — быў афіцэрам КДБ. Некаторыя ўдакладнялі, што пасьля абвяшчэньня Незалежнасьці Казлоў перайшоў на службу ў выведку Расеі. Як гаворыцца — ні пацьвердзіць, ні абвергнуць такія сьцьвярджэньні не ўдалося. Застаецца фактам, што ўсе гады дэпутацтва кіраўнік найбуйнейшай парлямэнцкай фракцыі Генадзь Казлоў настойліва праводзіў інтарэсы Расеі.

Усё гэта прымусіла дэпутатаў Апазыцыі БНФ заявіць пра антыканстытуцыйнасьць дзеяньняў кіраўніка ўраду.

"Народныя дэпутаты Рэспублікі Беларусь В. Адампіеў, А. Трусаў, В. Какоўка, В. Малашка, Л. Дзейка, М. Крыжаноўскі зьвярнуліся ў Прэзыдыюм Вярхоўнага Савета. Адзначаецца, што «заява Старшыні Савета Міністраў Беларусі сп. Кебіча В.Ф. расейскаму тэлебачаньню сьведчыць аб тым, што ў парушэньне арт.8, арт.83 п.11 і арт. 145 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, якая ўступіла ў дзеяньне 30 сакавіка 1994 г., ім у Маскве падпісаны Дагавор аб аб’яднаньні грашовых сыстэм Беларусі і Расеі. Патрабаваньне народных дэпутатаў — даручыць Генэральнаму пракурору Рэспублікі Беларусь сп. Шаладонаву В.І. неадкладна правесьці расьсьледаваньне і пры неабходнасьці ўзбудзіць крымінальную справу. У сваім звароце дэпутаты папрасілі Прэзыдыюм Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь зрабіць палітычную ацэнку падзеям, якія адбыліся, а таксама ўключыць у парадак дня нечарговай сэсіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь пытаньне «Аб адстаўцы Старшыні Савета Міністраў і членаў урада і іншых асоб за антыканстытуцыйную дзейнасьць». («Народная газета», 15 красавіка 1994 г.)

Ніякага рашэньня Прэзыдыюм Вярхоўнага Савету не прыняў, а пракуратура не знайшла ў дзеяньнях Кебіча складу злачынства. Але адначасна патлумачыла, што адмова Станіслава Багданкевіча падпісаць 5 артыкул Дамовы (аб пераўтварэньні Нацбанку Беларусі ў філіял Цэнтрабанку РФ) фактычна блякуе ўсю Дамову. «Гэта ўсяго толькі дамова аб намерах» — патлумачыў Мечыслаў Грыб.

Грыб таксама заявіў, што лічыць зьмены толькі што прынятай Канстытуцыі немагчымымі, і выказаўся супраць рэфэрэндуму.

Пазьней Грыб напіша ў мэмуарах, прызнаўшы, што Масква разглядала ўвядзеньне расейскага рубля як этап анэксіі:

«Я ніколі ня верыў у стварэньне рублёвай зоны і гэтую ідэю не падтрымліваў. Некаторыя ў расейскім урадзе адкрыта заяўлялі, што аб’яднаньне грашовых сыстэмаў прывядзе да страты сувэрэнітэту Беларусі. На маю думку, сёньня гэта не выклікае ні ў каго сумневаў». (М. Грыб, «Белорусский мост», с.89.)

Аднак у той час само аб’яднаньне грашовых сыстэмаў Грыб не аспрэчваў — і нават, на пару з Кебічам, на сустрэчы лідэраў краінаў СНД у Маскве ўгаворваў Ельцына зрабіць некаторыя саступкі. Ельцын — нібыта — пагадзіўся. А Кебіч заявіў, што на рэальнае аб’яднаньне грашовых сыстэмаў Масква пойдзе тады, калі будуць праведзеныя прэзыдэнцкія выбары, маючы на ўвазе, натуральна, сваё ўласнае абраньне на гэтую пасаду.

З другога боку, і асаблівага імпэту што да ўвядзеньня расейскага рубля Грыб як сьпікер парлямэнту не выяўляў.

Ідэю ўвядзеньня расейскага рубля падхапіў дэпутат Аляксандар Лукашэнка.

«Я заўсёды выступаў і выступаю за саюз з Расеяй: эканамічны, валютны і г.д... Разрыў гаспадарчых сувязяў з былымі рэспублікамі ССР яшчэ доўга будзе мець адбітак на становішчы кожнага беларуса. Выйсьце — у адзінай рублёвай зоне, інакш — падзеньне ў бездань». («Чырвоная змена», 1 сакавіка 1994 г.)

«Аляксандар Лукашэнка: Менавіта Лукашэнка з групай народных дэпутатаў рэспублікі ў жніўні летась меў шэраг сустрэч з парлямэнтарыямі Расеі, у часе якіх быў закладзены падмурак беларуска-расейскай інтэграцыі на ўзаемавыгадных умовах. Спадзяюся, усе памятаюць, зь якой гістэрыяй пасьля гэтага на мяне абрынуліся мясцовыя нацыянал-радыкалы. (Апазыцыя БНФ у кастрычніку 93-га запатрабавала пазбавіць Лукашэнку і шэраг іншых дэпутатаў ВС дэпутацкіх паўнамоцтваў. — С.Н.) Празь месяц, як народны дэпутат, у складзе беларускай урадавай дэлегацыі ў чарговы раз наведаў Маскву. Тады было падпісанае ўзаемавыгаднае пагадненьне з Расеяй. Аднак ні В. Кебіч, ні адданыя яму чыноўнікі і пальцам не паварушылі, каб як мага хутчэй пагадненьне ператварыць у жыцьцё... У нас можа быць адзіны плацежны сродак — расейскі рубель. Менавіта гэта хвалюе сёньня ўсіх грамадзян рэспублікі, а ня нейкія палавіністыя рашэньні. За гэта я выступаў і выступаю... Тры гады таму я выступаў супраць увядзеньня «зайца» ў якасьці плацежнага сродку. Але ж тады менавіта ўрад В. Кебіча надрукаваў «уласныя грошы». («Магілёўскія ведамасьці», 26 красавіка 1994 г.)

Такім чынам, Лукашэнка актыўна ўступіў з Кебічам у спрэчку — хто зь іх большы «інтэгратар». Маскве не ўдалося навязаць Беларусі рэфэрэндум, але ўвядзеньне расейскага рубля (які павінен быў «узбагаціць» беларусаў) зрабілася адной з асноўных тэмаў выбарчай кампаніі — аж да самых апошніх тэлевізійных дэбатаў Кебіча і Лукашэнкі перад заключным, другім турам.

Заканамернае пытаньне: чаму ж так і ня быў уведзены расейскі рубель? Некаторыя называюць прычынай нежаданьне пэўных прарэфармісцкіх сілаў у расейскім урадзе ўзваліць на сябе беларускую эканоміку — на думку шмат якіх экспэртаў, на першапачатковым этапе гэта было нявыгадна расейскаму боку, паколькі патрабавала імгненных фінансавых уліваньняў у беларускую эканоміку. Такое тлумачэньне было даволі папулярнае ў 1994-м годзе, застаецца такім і цяпер. Але падзеі вясны 2014 году ва Ўкраіне паказалі, што Масква гатовая ахвяраваць мільярднымі стратамі дзеля аб’яднаньня з «исконно русскими» землямі, а ўжо Беларусь Масква лічыла ніяк ня меней «исконной», чым Крым.

Падаецца, што калі б Масква не жадала аб’яднаньня — яна б знайшла спосаб заявіць пра гэта і не падпісваць дамову ў Крамлі. У прапанове ж пра рэфэрэндум выявілася якраз імкненьне Масквы калі і ня «ўзяць» адразу, дык «прывязаць» Беларусь да сябе. Было зразумела: калі рэфэрэндум сумяшчаецца з прэзыдэнцкімі выбарамі, то аб’яднаньне грашовых сыстэмаў (і, шырэй — аб’яднаньне з Расеяй) робіцца галоўным ідэалягічным лейтматывам усёй выбарчай кампаніі. Тым болей, што значная частка насельніцтва, не задумваючыся пра такія матэрыі, як сувэрэнітэт і незалежнасьць, наіўна верыла ў выгады з абмену беларускага «зайца» на рубель.

Уласна, так і адбылося: Кебіч і Лукашэнка спрачаліся паміж сабой, хто найхутчэй здасьць Беларусь. Калі ж у ліпені прэзыдэнт быў абраны, Масква ўбачыла, што на гэтым этапе няма ніякай патрэбы ўводзіць расейскі рубель, што сапраўды ў кароткатэрміновай пэрспэктыве запатрабавала б ад Масквы немалых фінансавых выдаткаў — палітычныя мэты, за дасягненьне якіх пры Кебічу давялося б заплаціць, пры Лукашэнку яна рэалізуе значна таньней. А то — і дарма.
  • 16x9 Image

    Сяргей Навумчык

    Сяргей Навумчык нарадзіўся ў 1961 годзе ў Паставах. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ, служыў у войску, працаваў у віцебскай абласной газэце. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі і каардынатарам парлямэнцкай апазыцыі БНФ. У 1996 годзе атрымаў палітычны прытулак у ЗША.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG