Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 21 сакавіка: народзіны Багушэвіча, вучэньне менскіх ваенкаматаў, «Мова нанова» ў Бабруйску, Дзень паэзіі


Падзеі гэтага дня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.

ПАДЗЕІ ДНЯ

У мусульманскім сьвеце адзначаецца Наўруз — сьвята прыходу новага году па астранамічным календары. У 2009 годзе ЮНЭСКА ўключыла Наўруз у сьпіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва.

Рашэньне аб далучэньні Крыму мае прыняць верхняя палата парлямэнту Расеі — Савет фэдэрацыі. Напярэдадні такое рашэньне прыняла Дзярждума.

У Беларусі працягваецца датэрміновае галасаваньне на мясцовых выбарах.

Праходзіць таксама плянавае мабілізацыйнае вучэньне менскіх вайсковых камісарыятаў і Генштабу па прызыву ваеннаабавязаных для праходжаньня збораў.

У Мастацкім музэі Беларусі адкрыюцца адразу дзьве выставы — мастакоў Кастуся Качана і Ўладзіміра Кожуха.

У Віцебскім тэатры лялек спэктакль-фантазія «Скрыпка дрыгвы й верасовых пустэчаў» (пачатак а 13-й) .

У Бабруйску пройдуць заняткі «Мова Нанова» (вул. Кастрычніцкая, 33-1).

ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ

1562 — Гомель атрымаў герб.

1685 — нарадзіўся Яган Сэбастыян Бах, нямецкі кампазытар і арганіст.

1840 — нарадзіўся Францішак Багушэвіч, беларускі паэт.

1927 — польскі міністар унутраных справаў Славой-Складкоўскі забараніў Беларускую сялянска-работніцкую грамаду ў Заходняй Беларусі. Арганізацыя налічвала 100 тысяч чальцоў.

1927 — у Менску выйшаў першы нумар часопісу «Узвышша».

1980 — прэзыдэнт ЗША Джымі Картэр абвясьціў байкот Алімпійскіх гульняў у Маскве.

1987 — памёр паэт-песеньнік Адам Русак («Бывайце здаровы»).

2003 — памёр Георгій Таразевіч, савецкі і беларускі палітычны дзяяч, быў старшынём Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету БССР. У верасьні 1991 году, будучы народным дэпутатам СССР, выступіў на сэсіі Вярхоўнага Савету Беларусі і падтрымаў ўвядзеньне бел-чырвона-белага сьцяга і герба «Пагоня» у якасьці дзяржаўных сымбаляў.

ЁСЬЦЬ НАГОДА

Міжнародны дзень паэзіі. Гэты дзень, як рэкамэндуе ЮНЭСКА, закліканы заахвоціць сродкі масавай інфармацыі пашыраць пазытыўны вобраз паэзіі як сучаснага мастацтва, адкрытага людзям. Літаратурна-музычная вечарына да гэтага дня пройдзе ў Гомелі (вул. Палеская, 52)

Міжнародны дзень змаганьня з расавай дыскрымінацыяй.

ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ

Няма народаў малых —
Бываюць малыя паэты.

Паэт — неспакою слых:
Ён чуе травінкі ўскалых
I грукат сэрца плянэты.

Будзь сынам у шчасьці й журбе,
Хай шчодрыцца сьціплая праца,
Хай зайздрасьць душу не шкрабе, —
Народу сплаці, што табе
Дазволіў паэтам назвацца!


Рыгор Барадулін
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG