Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля Крыму — Прыднястроўе?


Цэнтар Тыраспаля.

Цэнтар Тыраспаля.

Віцэ-прэм’ер Расеі Дзьмітрый Рагозін сёньня склікаў пасяджэньне ўраду, каб абмеркаваць дапамогу Прыднястроўю — сэпаратысцкаму рэгіёну Малдовы, які, паводле расейскага палітыка, апынуўся пад эканамічнай «блякадай» Украіны.

«Сытуацыя ўскладніцца яшчэ болей, калі Малдова падпіша дамову з Эўразьвязам» — працытаваў Рагозіна ІТАР-ТАСС.

Як Малдова, так і Ўкраіна адхілілі абвінавачаньне ў «блякадзе» Прыднястроўя, хоць Кіеў сапраўды ўзмацніў памежны кантроль на мяжы з сэпаратысцкім рэгіёнам пасьля таго, як наступіла эскаляцыя канфлікту ў Крыме.

Улад Сокар, аналітык Джэймстаўнскага фонду ў Вашынгтоне, лічыць, што ў гэткай сытуацыі Кіеву ёсьць чаго баяцца:

«Украінскія ўлады занепакоеныя тым, што нейкія баевікі, асабліва казакі з Прыднястроўя, могуць перасекчы мяжу ў кірунку Адэскай вобласьці і іншых рэгіёнаў Украіны з мэтай арганізоўваць там прамаскоўскія пратэсты і пашыраць ідэю „Вялікай Расеі“. Украінскія ўлады маюць на ўвазе магчымыя дзеяньні з Прыднястроўя, якія маглі б дэстабілізаваць Украіну, а не Малдову».

Малдова ўжо некалькі месяцаўб’е трывогу, што Масква ўзмацняе ціск на кааліцыйны ўрад краіны ў адказ на яго прыхільнасьць да эўрапейскай інтэграцыі.

Малдова парафіравала дамову аб асацыяцыі з Эўразьвязам у лістападзе, а ў траўні, як чакаецца, Эўразьвяз увядзе для малдаванаў бязьвізавы рэжым перамяшчэньня.

Аналітыкі адзначаюць, што ў адрозьненьне ад Крыму, Прыднястроўе не зьяўляецца кандыдатам на далучэньне да Расеі ў кароткатэрміновай пэрспэктыве, нягледзячы на такую просьбу, накіраваную зь Ціраспалю ў Маскву. Але і яны пагаджаюцца, што пытаньні зьмены межаў у гэтым рэгіёне несумненна абмяркоўваюцца ў Маскве. І некаторыя са сцэнароў, якія маглі падацца надуманымі ўсяго месяц таму, не выглядаюць неймавернымі пасьля анэксіі Крыму.

«Я разумею так, што гэтае ўключэньне магло б адбыцца ці павінна было б адбыцца — паводле некаторых сцэнарыяў, якія цяпер абмяркоўваюцца ў Маскве — толькі ў выпадку, калі Ўкраіна распадаецца і ўваходзіць у склад Расеі. Тады зразумела, што і Прыднястроўе будзе кандыдатам на ўключэньне ў склад Расеі» — сказаў нашаму радыё малдаўскі палітоляг Аркадзь Барбарошые.

Бэрлінскі палітоляг Анэлі Утэ Габані лічыць, што калі Расеі ўдасца ўсталяваць ва Ўкраіне ляяльны да сябе рэжым, Крэмль можа палічыць мэтазгодным нават далучэньне Прыднястроўя да Ўкраіны.

Масква, нагадвае Габані, даўно агучыла ідэю «фэдэралізацыі» Ўкраіны і Малдовы, як спосабу абароны правоў рускамоўнага насельніцтва ў гэтых краінах. Але Габані папярэджвае, што фэдэралізм, які Расея адстойвае для сваіх суседзяў, насамрэч прыкрывае ідэю цэнтралізаванага кантролю з боку Масквы над такімі намінальна фэдэральнымі тэрыторыямі, як гэта адбываецца ў самой Расейскай Фэдэрацыі.

З Анэлі Утэ Габані пагаджаецца Улад Сокар:

«Гэта жыцьцёва важнае пытаньне для Малдовы — мець стабільную і трывалую Ўкраіну паміж Малдовай і Расеяй. І я падкрэсьліваю — Украіну, якая ня будзе фэдэрацыяй, паколькі фэдэратыўная Украіна будзе Ўкраінай, аддадзенай на ласку Расеі».
XS
SM
MD
LG