Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пры назіральніку — бязьлюдна, без назіральніка — нечуваная актыўнасьць


Датэрміновае галасаваньне на ўчастку ў Менску, 18 сакавіка

Датэрміновае галасаваньне на ўчастку ў Менску, 18 сакавіка

Цэнтральная выбарчая камісія 20 сакавіка паведаміла — за першыя два дні датэрміновага галасаваньня на мясцовых выбарах да скрыняў прыйшло амаль 10% выбарцаў. Гэта болей, чым на папярэдніх выбарах у 2010 годзе, і яшчэ болей, калі параўноўваць з выбарамі 2007 году. Аднак незалежныя назіральнікі сьведчаць пра іншае: насамрэч выбарчыя ўчасткі — бязьлюдныя.

Цэнтральная выбарчая камісія сьцьвярджае, што за першыя два дні датэрміновага галасаваньня бюлетэні атрымалі 9,8% выбарцаў. Сакратар ЦВК Мікалай Лазавік сказаў Свабодзе: ёсьць дзьве падставы для такой нечуванай раней актыўнасьці:

«Першая — гэта тое, што выбарцы атрымалі інфармацыйны матэрыял, у якім ёсьць зьвесткі пра кандыдатаў у дэпутаты. Хай гэтыя зьвесткі ня вельмі вялікія, але ён за некалькі дзён да таго, як ісьці на выбарчы ўчастак, ужо ведае пра кандыдатаў. І можа загадзя зрабіць свой выбар.

І другая — вялікі дзякуй сродкам масавай інфармацыі, якія актыўна асьвятляюць гэтую выбарчую кампанію».

Сапраўды, сёлета ўпершыню за час выбарчых кампаніяў грамадзяне атрымліваюць не звычайнае запрашэньне зь месцам і часам галасаваньня, а крыху пашыранае — са зьвесткамі пра зарэгістраваных кандыдатаў.

Спэцыяліст у галіне выбараў Сяргей Альфер ня верыць, што такая ўлётка можа паўплываць на актыўнасьць выбарцаў:

Сяргей Альфер

Сяргей Альфер

«Я магу сказаць па сваім доме. Атрымалі мы такую агульную ўлётку. Выбачайце, але інакш як туалетнай паперай я яе, на вялікі жаль, назваць не магу. На адным баку гэта стандартнае запрашэньне на выбары, крыху большага памеру, чым раней. На другім баку — інфармацыя пра кандыдатаў. Бязь іхніх здымкаў, вельмі сьціслая. З майго пункту гледжаньня, вельмі дрэнная. Прачытаўшы яе, людзі не атрымаюць поўнай інфармацыі. Хутчэй, будзе вельмі дрэннае ўнутранае адчуваньне з прычыны такой інфармацыі.

Сама па сабе такая навацыя ў выбарчым законе — гэта пытаньне аб двух канцах. Паглядзеўшы на яго, мне на выбары ісьці ня хочацца».

Адкуль бяруцца такія лічбы яўкі, сьведчаць падзеі на ўчастку Чыгуначнай акругі № 20 у Менску. Тут у першы дзень датэрміновага галасаваньня незалежны назіральнік, актывіст Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Віктар Кулак спазьніўся. Ён прыйшоў праз тры гадзіны пасьля адкрыцьця ўчастку. Да канца дня пры ім прагаласавалі толькі тры чалавекі. А наступнай раніцай назіральнік пабачыў — агульная колькасьць тых, хто прагаласаваў за дзень, паводле дадзеных участковай камісіі, — 129 чалавек.

«У другі дзень датэрміновага галасаваньня дадзеныя таксама разышліся. Але гэтым разам розьніца была ўжо не такая велізарная — 19 і 30», — кажа Віктар Кулак:

«Як гэта ўсё можна патлумачыць?! Я лічу, што гэта нават бессэнсоўна тлумачыць. Тут вельмі вялікія разыходжаньні. І я бачу, што тут адбываецца масавая фальсыфікацыя выбараў».

У Кастрычніцкай акруговай тэрытарыяльнай камісіі Свабодзе абяцалі разабрацца з гэтым выпадкам. Але сказалі, што пакуль ніякай скаргі да іх не паступала. А Віктар Кулак тлумачыць затрымку тым, што не пасьпявае ўсё зрабіць, але сёньня абавязкова павязе сваю скаргу ў камісію.

На папярэдніх мясцовых выбарах, якія праходзілі ў 2010 годзе, за два дні датэрміновага галасаваньня да скрыняў прыйшлі 8,7% усіх выбарцаў.

А на выбарах у студзені 2007 году яўка за гэты час склала — 6,9%.
XS
SM
MD
LG