Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як будуць сыходзіць з Крыму ўкраінскія вайскоўцы


Украінскім вайскоўцам у Крыме будзе прапанавана або зьехаць ва Ўкраіну, або служыць у Чарнаморскім флёце Расеі. Пра гэта заявіў кіраўнік расейскага МЗС Сяргей Лаўроў.

«Усім вайскоўцам Украіны, якія знаходзяцца на тэрыторыі Крыму,
прапанавана зрабіць свабодны выбар: альбо пакінуць разьмяшчэньне сваіх частак, накіравацца на тэрыторыю Ўкраіны служыць або займацца цывільнымі справамі, альбо застацца ў Крыме і працягваць служыць на Чарнаморскім флёце, але ўжо на Чарнаморскім флёце Расейскай Фэдэрацыі», — сказаў Лаўроў сёньня у Дзярждуме РФ , адказваючы на пытаньне пра лёс вайскоўцаў ВМС Украіны.

Паводле Лаўрова, многія робяць выбар на карысьць таго, каб застацца служыць на Чарнаморскім флёце. «Тыя, хто прымае іншае рашэньне, не адчуваюць якіх-небудзь праблем зь пераездам з Крыму, ім, як я чуў, улады Крыму нават аказваюць матэрыяльнае і арганізацыйнае садзейнічаньне, каб усё гэта прайшло дастойна», — падкрэсьліў С. Лаўроў .

Тым часам карэспандэнт Свабоды Андрэй Шараградзкі, які знаходзіцца ў Крыме, стаў сьведкам таго, як украінскія афіцэры пакідалі штаб Ваенна-марскіх сіл Украіны ў Севастопалі, захоплены «рускім блёкам» і «севастопальскай самаабаронай». Паводле яго, украінскія марскія афіцэры, многія ўжо пераапранутыя ў цывільнае, з поліэтыленавымі мяшкамі, зь якіх тырчэлі мундзіры, пакідалі будову з падаўленым выглядам і адмаўляліся ад інтэрвію.

Раней сёньня прэзыдэнт ЗША Барак Абама выключыў магчымасьць вайсковага ўмяшаньня ва Ўкраіне, заявіўшы, што «мы ня хочам выклікаць вайны з Расеяй». Сваю вайсковую актыўнасьць ЗША цяпер дэманструюць у раёне Аляскі. У чацьвер там у моры Бафорта пачаліся вучэньні амэрыканскіх падводных лодак. Паведамляецца, што гэта рэгулярныя вучэньні, якія праводзяцца ўжо больш як паўвека і за імі ўважліва сочаць расейскія вайскоўцы.
XS
SM
MD
LG