Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары: безальтэрнатыўныя, датэрміновыя


Раман Юргель
Раман Юргель

Нягледзячы на практычна безальтэрнатыўныя выбары на Гарадзеншчыне, назіральнікі адзначаюць, што ўлады імкнуцца любымі шляхамі датэрмінова прыцягнуць выбарцаў на ўчасткі.

Назіральнік за выбарамі ў Горадні Раман Юргель распавядае, што за апошнія дзесяць гадоў браў удзел у назіраньні ва ўсіх выбарчых кампаніях. Сёлета ён спадзяваўся, што — паколькі выбары практычна безальтэрнатыўныя — парушэньняў заканадаўства з боку выбарчых камісіяў будзе меней.

Аднак ужо ў першы дзень сутыкнуўся з тым, што ў канцы дня на некалькіх выбарчых участках не знайшоў ведамасьці з інфармацыяй пра колькасьць тых, хто прагаласаваў. Але яшчэ болей зьдзівіла тое, што ў параўнаньні з папярэднімі выбарамі колькасьць выбарцаў на датэрміновым галасаваньні павялічылася ўдвая. Юргель кажа, што праца ідэолягаў адчувальная, бо папярэдне галасуюць нават не пэнсіянэры, а бюджэтнікі:

«Людзі ўсе на кантрактах, і каб ня страціць працу — бо ведаюць, што эканоміка ў дрэнным стане, што будуць скарачэньні — выконваюць загады сваіх ідэолягаў, кіраўнікоў арганізацыяў і прадпрыемстваў».

Мікола Баўсюк
Мікола Баўсюк
Назіральнік ад БХД Мікола Баўсюк таксама зьдзіўлена кажа, што сёлета пры безальтэрнатыўных выбарах фальсыфікацыяў болей, чым на папярэдніх. Ён прыводзіць прыклад: нават сьпісы выбарцаў у вёсцы Капцёўка пачалі складаць не паводле алфавіту, а паводле адрасоў, каб лепш было відаць, каму з блізкіх можна прапанаваць прагаласаваць за чалавека, які не прыйшоў. Вельмі зьдзівіла Баўсюка і новаўвядзеньне старшыні камісіі (яна ж дырэктарка школы).

Баўсюк: «Яна прапанавала, каб бацькі па дзяцей прыходзілі ў школу з пашпартамі, нібыта яна ў вёсцы ня ведае ў твар бацькоў сваіх вучняў. Але ж гэта яўна дзеля таго, каб прымусіць іх датэрмінова прагаласаваць. Гэта прамое парушэньне Выбарчага кодэксу — прымус да галасаваньня».

У Слоніме ў адной зь нешматлікіх альтэрнатыўных выбарчых акругаў, дзе балятуецца ў раённы савет кіраўнік арганізацыі БНФ Іван Шэга, раптоўна зьявілася дадаткова больш за 200 новых выбарцаў.

Іван Шэга
Іван Шэга
Шэга: «Дадатковы сьпіс зьявіўся. Сябры камісіі сказалі, што ня ведаюць, адкуль гэта — маўляў, далі з выканкаму. А там патлумачылі, што забыліся пра студэнтаў мэдкаледжу. Так, мэдкаледж знаходзіцца на тэрыторыі ўчастка, але многія студэнты жывуць у інтэрнаце, на кватэрах у розных раёнах гораду. І вось усіх студэнтаў пагналі на датэрміновае галасаваньне. За два дні на ўчастку прагаласавала больш за 150 чалавек».

Адзіны ў Ваўкавыску незалежны кандыдат у раённы савет Аляксандар Сезень апавядае: ужо неаднойчы ягоныя выбарцы скардзіліся, што іх прымушаюць галасаваць датэрмінова. Сам ён у дні датэрміновага галасаваньня прайшоўся па ўчастках, вывесіў там сваю праграму. Але як толькі пайшоў з участка, што ў будынку ФОКа, ягоную праграму зьняў сам старшыня камісіі.

Зьдзівілася прыходу кандыдата і старшыня выбарчага ўчастка ў гімназіі № 2. Сезень быў проста шакаваны тым, што яна яму сказала:

Сезень: «Ды вы, маўляў, не перажывайце, у нас усё нармальна. А я кажу: вы ж там чэсна палічыце. А яна: маўляў, мы чэсна лічым, у нас усё добра, заробак маем па 3 мільёны, усё даводзім да толку ў школе, і выпіць ёсьць за што, і на стале ёсьць — усё нармальна. І гэта кажа дырэктар гімназіі. Ну хіба гэта ня сьмешна? І сьмешна, і сумна...».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG