Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Washington Post: Абама не разумее эўразійскіх амбіцый Пуціна


Уплывовая амэрыканская газэта The Washington Post выступіла сёньня з крытычнымі словамі на адрас прэзыдэнта ЗША Барака Абамы ў сувязі з рэакцыяй ЗША і Захаду на расейска-ўкраінскі канфлікт у Крыме.

У рэдакцыйным камэнтары вашынгтонская газэта адзначыла, сярод іншага:

«Заходнія афіцыйныя асобы, як здаецца, перакананыя, што Пуцін не асьмеліцца пашырыць сваю агрэсію па-за Крым. Але не далей як на мінулым тыдні яны казалі, што не спадзяюцца хуткай анэксіі Крыму Масквою. Да адміністрацыі Абамы і яго эўрапейскіх саюзьнікаў занадта позна дайшло, што Пуцін намераны перакуліць парадак, які ўсталяваўся ў Эўропе пасьля «халоднай вайны», і вярнуць Расеі страчанае валадарства над Усходняй Эўропай, Каўказам і Сярэдняй Азіяй.

Да адміністрацыі Абамы і яго эўрапейскіх саюзьнікаў занадта позна дайшло, што Пуцін намераны перакуліць парадак, які ўсталяваўся ў Эўропе пасьля «халоднай вайны»
Горш таго, некаторыя на Захадзе, афіцыйныя асобы і іншыя, могуць падкормліваць імпэрыялізм Пуціна, ахвотна прызнаючы «расейскія інтарэсы» ў Эўразіі. Прэзыдэнт Абама і дзяржсакратар Кэры знаходзяцца сярод тых, якія сказалі, што яны прызнаюць такія «інтарэсы» ва Ўкраіне. Аднак жа той факт, што ў нейкай краіне пражываюць этнічныя расейцы, не павінен даваць рэжыму Пуціна прывілеяванае права голасу ў справах гэтай краіны. Ідэя, што рэгіёны, населеныя расейцамі, павінны кіравацца або абараняцца Масквой, паходзіць не з ідэалёгіі ХІХ стагодзьдзя, як гэта бачыцца спадару Кэры, а хутчэй з 1930-х гадоў. (...)

Не разабраўшыся як сьлед, некаторыя на Захадзе паўтараюць аргумэнт Пуціна, што ягоная агрэсія зьяўляецца зразумелым адказам на заходнюю падтрымку краінаў колішняга савецкага блёку, якія ўступілі на шлях дэмакратыі і рынкавай эканомікі ды папрасілі сяброўства ў НАТО і Эўразьвязе.

Грузіі і Ўкраіне, дзьвюм краінам, у якія Расея ўварвалася апошнім часам, у 2008 годзе было адмоўлена ў просьбе далучыцца да пляну ўступленьня ў НАТО. Ці ж можна сур’ёзна абгрунтаваць сьцьвярджэньне, што Эстонія і Латвія, у якіх пражываюць вялікія расейскія нацменшасьці, сёньня былі б больш абароненыя ад магчымай расейскай агрэсіі, калі б не ўступілі ў НАТО? Крызыс у Эўропе здарыўся не таму, што заходнія інстытуцыі пашырыліся, а таму, што яны ня здолелі выканаць свайго абяцаньня, што пасьля «халоднай вайны» Эўропа стане «адзінай і вольнай».
XS
SM
MD
LG