Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Лёндане вымагаюць больш жорсткіх санкцый супраць Расеі


Брытанскія і іншыя заходнія ўрады і палітыкі гавораць аб акупацыі Крыму Расеяй як пра самы вялікі крызыс з часоў халоднай вайны.

У эўрапейскіх сталіцах ўважліва сочаць за дзеяньнямі Расеі і заявамі прэзыдэнта Пуціна, якія могуць сьведчыць, што цяперашняе кіраўніцтва ў Крамлі думае катэгорыямі часоў, калі сьвет быў падзелены на дзьве варожыя часткі і адзінае, што стрымлівала бакі — пагроза ядзернага ўзаемнага зьнішчэньня.

Адно з галоўных пытаньняў, якое турбуе эўрапейскіх палітыкаў заключаецца ў тым, ці спыніцца Пуцін на Крыме і наколькі эфэктыўнымі будуць санкцыі супраць Масквы.

Выступаючы са справаздачай у брытанскім парлямэнце, міністар замежных спраў Уільям Хэйг на гэтым тыдні ў чарговы раз тлумачыў, чаму Лёндан так занепакоены падзеямі на процілеглым краі Эўропы:

«Крызыс ва Ўкраіне — сур’ёзнае выпрабаваньне для бясьпекі Эўропы ў 21 стагодзьдзі. Інтарэсы Злучанага Каралеўства складаюцца ў тым, каб, перш за ўсё, Украіна была стабільнай, багатай і цэласным дзяржавай, якая магла б самастойна вызначаць сваю будучыню без вонкавага ціску і ўмяшаньня. Другі бок нашых інтарэсаў заключаецца ў тым, што мы глыбока зацікаўленыя ў выкананьні міжнародных законаў і Хартыі ААН, у выкананьні міжнародных пагадненьняў і захаваньні міжнароднай сыстэмы, заснаванай на правілах», — заявіў міністар, падкрэсьліўшы, што дзеяньні Расеі падрываюць ўсе згаданыя прынцыпы і жаданьні міжнароднай супольнасьці.

У гэтым пытаньні, як і ў большасьці сытуацый, калі брытанскі ўрад ўстае перад міжнароднымі крызысамі, палітыкум краіны аб’ядноўваецца і, фактычна, розьніцы ў поглядах брытанскіх парлямэнцкіх партый на ўкраінскую сытуацыю няма. Затое ёсьць важныя галасы, якія заклікаюць да больш рашучых дзеяньняў.

"Гэта добрыя словы, але рыторыка можа быць апраўданая, толькі калі ёй адпавядаюць нашы дзеяньні ў адказ на тое, што адбываецца і тое, што можа адбыцца, — заўважае былы міністар урада кансэрватараў Малькольм Рыфкінд.— І я павінен сказаць, што абвешчаныя яшчэ Злучанымі Штатамі і Эўразьвязам візавыя абмежаваньні і замарожваньне актываў пэўных асоб, з жалем павінен сказаць, — адказ жаласны і слабы".

Рыфкінд таксама адзначае, што рэжым Пуціна спрабуе вярнуць кантроль Масквы над усёй тэрыторыяй, дзе калісьці панаваў Савецкі Саюз.

Вядучыя палітыкі ў Лёндане адзначаюць, што Вялікабрытанія будзе вымушана пайсьці на ахвяры, таму што сур’ёзныя санкцыі супраць расейскіх інтарэсаў, відавочна, будуць мець негатыўныя наступствы і для Захаду.
XS
SM
MD
LG