Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея пад агнём крытыкі ў Радзе Бясьпекі ААН


Паседжаньне Рады Бясьпекі ААН

Паседжаньне Рады Бясьпекі ААН

Заходнія краіны абвінавацілі Маскву ў парушэньні сувэрэнітэту Ўкраіны. Масква абвінаваціла Кіеў у правакацыях у Крыме.

Крызыс ва Ўкраіне стаў прадметам вострай дыскусіі ў Радзе Бясьпекі ААН.

Падчас першага пасяджэньня Рады Бясьпекі па Ўкраіне пасьля нядзельнага рэфэрэндуму ў Крыме па пытаньні аб далучэньні да Расеі, сябры Рады ў рэзкіх танах асудзілі пасьпешліва арганізаванае галасаваньне, за якім назіралі тысячы расейскіх вайскоўцаў.

Амбасадар ЗША ў ААН Саманта Паўэр заявіла, што прычынай крызысу паслужыла не абарона правоў расейцаў, як сьцьвярджае Масква, а жаданьне Расеі зьмяніць межы і ўключыць Крым у сваю тэрыторыю:

«Злучаныя Штаты адпрэчваюць ваенную інтэрвэнцыю Расеі і захоп тэрыторыі ў Крыме, — сказала Паўэр. — Гэтыя дзеяньні парушаюць сувэрэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны, ўласныя пагадненьні Расеі, якія накладваюць на яе пэўныя абавязкі, міжнароднае права і выяўленую волю большасьці членаў гэтай Рады, а таксама літару і дух Статута ААН».

«Злодзей можа скрасьці ўласнасьць, але гэта ня значыць, што права ўласнасьці пераходзіць да яго», — заявіла амэрыканскі дыплямат.

Амбасадар Вялікабрытаніі ў ААН Марк Лайал Грант заявіў, што Расея анэксавала частку сувэрэннай, незалежнай дзяржавы з ужываньнем ваеннай сілы:

«Сталы прадстаўнік Расеі казаў, што гэты працэс адпавядае міжнароднаму заканадаўству, праходзіць бязь зьнешняга ўмяшаньня і дэмакратычным шляхам. Складана вызначыць, якое з гэтых трох сьцьвярджэньняў зьяўляецца самай вялікай хлусьнёй», — сказаў ён.

Амбасадар Францыі Жэрар Аро раскрытыкаваў расейскія прапановы па вырашэньні крызісу.

«Прапанова Расейскай Фэдэрацыі — простая: што маё, тое маё. Крым мой. А зараз мы можам пагаварыць пра ваша, то бок пра сувэрэнітэт Украіны. Вось у чым палягае прапанова Расеі», — сказаў Аро.

Амбасадар Расеі ў ААН Віталь Чуркін адхіліў абвінавачваньні, што ў аўторак расейскія вайскоўцы застрэлілі ўкраінскага салдата ў Севастопалі. Паводле яго словаў, Кіеў сплянаваў гэтую правакацыю, каб даць загад сваім войскам адкрываць агонь па расейскіх салдатах:

«Сёньня некаторыя калегі казалі пра напад на ўкраінскую базу. Яшчэ раз кажу: ніякага нападу не было. Расейскіх салдат нават побач не было. Стаялі бяззбройныя, толькі ў бронекамізэльках людзі, якія ўваходзяць у сілы самаабароны», — заявіў расейскі дыплямат.

Чуркін таксама абвінаваціў памочніка генэральнага сакратара ААН па правах чалавека Івана Сімановіча ў тым, што ён даў «аднабаковую і гладкую» ацэнку сытуацыі з правамі чалавека ва Ўкраіне па выніках свайго дзевяцідзённага візыту ў гэтую краіну.

Сімановіч заявіў Радзе Бясьпекі, што хоць асобныя выпадкі абразаў або нападаў на расейцаў мелі месца, яны «ня мелі распаўсюджанага або сыстэмнага характару». Сімановіч сказаў, што група з 34 назіральнікаў пачынае працу ва Ўкраіне.

Генэральны сакратар ААН Пан Гі Мун у сераду вылецеў у Маскву. У чацьвер у яго заплянаваная сустрэча з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімерам Пуціным, пасьля чаго ён адправіцца ва Ўкраіну для сустрэчы з прадстаўнікамі часовага кіраўніцтва краіны ў пятніцу.
XS
SM
MD
LG