Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўнікі грамадзянскай супольнасьці, беларускай інтэлігенцыі, лідэры палітычных партый падтрымалі ініцыятыву Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі аб стварэньні Камітэту дапамогі Ўкраіне.

Сярод іх Павал Севярынец, Аляксей Янукевіч, Зьміцер Дашкевіч, Аляксей Марачкін, Анатоль Сідарэвіч, Андрэй Завадзкі, Ганна Шапуцька й Ігар Рынкевіч.

19 сакавіка падчас першага арганізацыйнага паседжаньня было вырашана зьмяніць назоў. Паколькі беларусы могуць аказаць дапамогу ў асноўным маральную, вырашылі назваць новую структуру Камітэтам салідарнасьці з Украінай.

Павал Севярынец адзначыў, што мноства беларусаў, якія не патрымліваюць рэжым Лукашэнкі, дэзінфармаваныя, таму асноўная задача Камітэта — распаўсюд праўдзівай інфармацыі пра падзеі ва Ўкраіне.

Прагучалі прапановы адзначыць Дзень Волі 25 сакавіка пад бел-чырвона-белымі і жоўта-блакітнымі сьцягамі, нанесьці ў гэты дзень візыт ў амбасаду Ўкраіны ў Менску. А таксама арганізаваць сталую праваабарончую місію ў Крыме, падрыхтаваць зварот да беларусаў Крыму.

Актывістка Ганна Шапуцька прапанавала накіраваць зварот Генэральнаму пракурору з патрабаваньнем забараніць трансьляцыю тэлеканала «Россия 1» (РТР) на тэрыторыі Беларусі ў сувязі з тым, што ў праграмах канала гучаць заклікі да распальваньня міжнацыянальнай варожасьці.

Аляксей Янукевіч прапанаваў выпусьціць улёткі для кіроўцаў, якія езьдзяць з расейскімі сьцяжкамі, накіроўваць украінцам адмысловыя паштоўкі салідарнасьці.

Аляксей Марачкін прапанаваў арганізаваць шэраг культурніцкіх і асьветніцкіх імпрэзаў, круглых сталоў.

Наступнае паседжаньне Камітэта салідарнасьці з Украінай прызначана на 26 сакавіка. А за гэты тыдзень аргкамітэт павінен вывучыць усе прапановы і стварыць больш канкрэтны плян дзеяньняў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG