Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары, да якіх ніхто ня ставіцца сур’ёзна


Назіральнікі з абласнога цэнтру ды іншых гарадоў вобласьці расказваюць пра анэкдатычныя выпадкі, якія здарыліся ў першыя дні галасаваньня. І незалежныя назіральнікі, і віцебскія кандыдаты адзначаюць галоўную адметнасьць гэтай выбарчай кампаніі: да яе ніхто ня ставіцца сур’ёзна.

Віцебскаму актывісту Вадзіму Кузьміну, які прысутнічаў як назіральнік на ўчастку № 35, што ў Першамайскім раёне, выбарчая камісія адмовілася паведаміць зьвесткі пра колькасьць выбарцаў, колькасьць бюлетэняў і колькасьць тых, хто хоча прагаласаваць на даму. Ён напісаў пра гэта скаргу старшыні камісіі. І атрымаў такі адказ, што намесьніца пракурора, да якой назіральнік схадзіў на прыём, спачатку доўга рагатала, а потым прасіла нідзе гэтага не публікаваць:

«Я напісаў скаргу і атрымаў адказ. Цытую: „Скаргу пакідаю без задавальненьня як фальшывы і гнюсна-паганы опус. Лічу гэта спробай стварэньня перашкодаў для правядзеньня галасаваньня. Старшыня ўчастковай камісіі Керасёў“». Пэўна, чалавек ня ўмее размаўляць літаратурнай мовай ці наглядзеўся бандыцкіх сэрыялаў! Я пайшоў у пракуратуру. Намесьніца пракурора Віцебску, жанчына, пачытала гэта і папрасіла ў газэты не аддаваць: «Вадзім Мікалаевіч, прашу вас, ня варта гэтага рабіць».

Вадзім Кузьмін напісаў ужо некалькі скаргаў. У тым ліку — на нездавальняючую арганізацыю выбарчага працэсу. Участак адчынілі са спазьненьнем, назіральнікам няма дзе распрануцца. Але старшыня камісіі на скаргі не рэагуе, кажа назіральнік:

«Сёньня зноў адкрыцьцё затрымалі на 10 хвілін. Мне ў грубай, абразьлівай форме было забаронена праверыць, ці апячатана скрыня для галасаваньня. Нас, назіральнікаў, паставілі каля сьценкі і сказалі: „Набывайце падзорныя трубы і глядзіце!“»
Нас, назіральнікаў, паставілі каля сьценкі і сказалі: „Набывайце падзорныя трубы і глядзіце!“

Праверыць скрыню спадар Кузьмін хацеў невыпадкова: учора падчас абедзеннага перапынку ў памяшканьне, дзе знаходзіцца скрыня, міліцыянт пусьціў невядомага мужчыну з «дыпляматам». Той знаходзіўся там амаль паўгадзіны і выйшаў толькі тады, калі з абеду вярнуліся чальцы камісіі. Назіральніку патлумачылі, што гэта быў «манцёр».

У райцэнтры Гарадок на 5-м Гагарынскім выбарчым участку, па сканчэньні першага дня датэрміновага галасаваньня, старшыня камісіі Пётар Прасолаў выставіў назіральнікаў за дзьверы, а сам замкнуўся ў памяшканьні для галасаваньня. Назіральнік Леанід Гаравы можа толькі меркаваць, што рабілася за зачыненымі дзьвярыма:

«Можа, яны там дакумэнты сьцераглі? Толькі ў 19 гадзін старшыня сказаў: „Усё, галасаваньне скончылася, ідзіце!“ Я прапанаваў пайсьці разам, але ён адмовіўся. І зачыніўся — разам зь міліцыянтам, сакратаром і двума чальцамі камісіі. Сёньня ён нэрвуецца і крычыць, што я замінаю выбарчаму працэсу, бо пішу скаргі на ягоныя дзеяньні. А я сяджу за 9 мэтраў ад камісіі і ня бачу нават, якія дакумэнты паказваюць выбарцы і ці паказваюць увогуле, і ня бачу, як яны заходзяць у кабіну для таемнага галасаваньня».

У Воршы на ўчастку № 6 па Маладзёжнай выбарчай акрузе для назіральніка Яўгена Анішчанкі зладзілі цэлы спэктакль. Каб паказаць, адкуль узялася рэкордная лічба ахвотных прагаласаваць дома — 340 замоваў за адну, першую гадзіну працы ўчастка, падкрэсьлівае назіральнік:

«Калі 340 чалавек — то гэта ўжо 30%. І да 80% будуць так за вушы цягнуць. А ўвогуле такое ўражаньне, што гэта ці ня зь іншага кабінэту проста тэлефанавалі, каб выгляд зрабіць, пакуль я там сядзеў. Бо тут здымалі трубку і гучна так прамаўлялі: „Так... Дзякуй, што патэлефанавалі, канечне, канечне, мы абавязкова прыедзем!“ Як у дрэнным тэатры. Шмат разоў так было, а як я сышоў, дык і званкі скончыліся».
Людзі ня вераць у выбары. Добра, калі 50% прыйдзе!

Пытаньне яўкі на выбары можа паўстаць вельмі востра, бо выбарцы ня хочуць ісьці галасаваць. Ім проста шкада часу, дзеліцца назіраньнямі кандыдат у дэпутаты Віцебскага абласнога савету Ірына Яскевіч:

«Людзі ня вераць у выбары. Добра, калі 50% прыйдзе! Людзі расчараваныя ва ўсім. Я тут вяртаюся неяк дамоў, сустракаю суседку, а яна кажа: „Ну вось чаго ты йдзеш у дэпутаты? Во я тут 8 год ужо жыву, а нічога ня робіцца!“ Я пытаюся: „А якія прэтэнзіі да мяне? Я хіба хоць раз была дэпутатам?“ Людзі зьнявераныя. Перад выбарамі ім абяцаюць штораз адно і тое ж, а жывуць яны, як і жылі!»

Кандыдаты таксама ня дужа імкнуцца пераконваць людзей, як карысна браць удзел у выбарах. У Ірыны Яскевіч сёньня сустрэча з выбарцамі, і яна — адзіная з чатырох кандыдатаў у акрузе, хто вырашыў, што сустракацца ўсё ж трэба. Але шмат наведнікаў яна не чакае: кажа, што ў самым лепшым выпадку прыйдуць 15–20 чалавек.
XS
SM
MD
LG