Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хоць расейскае кіраўніцтва ад самага пачатку крымскага крызісу выразна дэманстравала свае намеры, большасьць палітыкаў і экспэртаў не маглі даць веры, што гэта ня блеф. Яны лічылі, што Крым патрэбен Расеі ўсяго толькі дзеля шантажу і ціску на Ўкраіну. А для гэтага дастаткова было паўтарыць мадэль Прыднястроўя. Таму цяпер такі шок ад нахабства Масквы.

Усе кажуць, што Расея парушыла міжнароднае права. Усё так, але... Што такое міжнароднае права? Калі казаць простай мовай, то гэта воля вялікіх дзяржаў, зафіксаваная ў дакумэнтах. Клясычны прыклад — правілы функцыянаваньня Рады Бясьпекі ААН, дзе вялікія дзяржавы надалі сабе права вэта на прыняцьце абавязковых для ўсяго сьвету рашэньняў.

У пасьляваенны час, калі сфармавалася сучасная сыстэма міжнародных адносін, вялікія дзяржавы шмат разоў парушалі права на недатыкальнасьць сувэрэнітэту невялікіх краін. Падчас «халоднай вайны» гэта рабілі і СССР, і ЗША. І ўжо пасьля распаду савецкага блёку дзеяньні ЗША ў Іраку (2003 г.), Расеі ў Грузіі (2008 г.), Францыі ў Лібіі (2011 г.) былі сумнеўнымі з гледзішча міжнароднага права.

І да таго ж у міжнародным праве існуюць два пастуляты, якія ня толькі не стасуюцца адзін з адным, але супярэчаць адзін аднаму і нават узаемна выключаюць адзін аднаго. Гэта гарантыя тэрытарыяльнай цэласнасьці, сувэрэнітэту дзяржаваў — і права нацыяў на самавызначэньне. І ў кожным канкрэтным выпадку, калі ўзьнікаюць такога кшталту юрыдычныя калізіі, перамогу атрымлівае той, хто мае больш сілы ці мацнейшых саюзьнікаў.

Крымскі выпадак адрозьніваецца ад усіх іншых падобных канфліктаў чатырма важнымі асаблівасьцямі.

Па-першае, крызіс вакол Крыму абсалютна рукатворны, штучна створаны. Расея ўвесь час спасылаецца на прэцэдэнт Косава. Але Косаўскі край перажыў этнічныя чысткі, ад якіх пацярпелі дзясяткі тысяч людзей. 10 гадоў ішлі перамовы пра статус Косава. Нават праблемы Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі існавалі задоўга да расейска-грузінскай вайны. Крымскі ж крызіс быў створаны зусім на пустым месцы, для яго ўзьнікненьня не было ніякіх перадумоў, праблема поўнасьцю выдуманая.

Па-другое, уражвае хуткасьць правядзеньня апэрацыі. Усё было зроблена ліхаманкава. Увялі вайсковыя падразьдзяленьні, прызначылі ўрад, абвясьцілі рэфэрэндум праз 10 дзён, праз два дні пасьля «рэфэрэндуму» Пуцін падпісаў адпаведныя дакумэнты. Кшталту — «дарагая, давай зробім гэта па-хуткаму».

Калі ЗША ў 2002 годзе рыхтавалі ірацкую апэрацыю, то шмат месяцаў ішла дыпляматычная падрыхтоўка, амэрыканцы стварылі немалую кааліцыю і толькі пасьля гэтага зрабілі рашучы крок. А тут усё з бухты-барахты. Калі так моцна сьпяшаюцца, значыць, хочуць нешта нядобрае схаваць.

Па-трэцяе, анэксія тэрыторыі іншай дзяржавы — гэта штосьці з ХІХ стагодзьдзя, калі рабіліся каляніяльныя захопы. У ХХ стагодзьдзі калёніі ўжо распадаліся. Калі чужыя тэрыторыі і далучалі, то толькі ў выніку перамогі ў вайне. Такіх прэцэдэнтаў у Эўропе пасьля Другой усясьветнай вайны не было. Таму нельга параўноўваць цяперашнія крокі Расеі зь дзеяньнямі ЗША ў Югаславіі, Аўганістане, Іраку.
Дый лічба 97% выдае арганізатараў з галавой. Справа ня толькі ў тым, што этнічных расейцаў у Крыме толькі 58%. На дэмакратычных выбарах такіх лічбаў не бывае

Па-чацьвёртае, Расея ня вельмі зважала на нейкія вонкавыя прыстойнасьці падчас гэтай спэцапэрацыі. Ня можа быць свабоднага волевыяўленьня народу Крыму пад акупацыяй замежным войскам, цягам дзесяці дзён, без публічных дыскусіяў, без стварэньня выбарчых камісіяў на парытэтных асновах, як, дарэчы, прадугледжвае ўкраінскае заканадаўства. Дый лічба 97% выдае арганізатараў з галавой. Справа ня толькі ў тым, што этнічных расейцаў у Крыме толькі 58%. На дэмакратычных выбарах такіх лічбаў не бывае. Падобныя вынікі бываюць толькі ў дыктатарскіх краінах.

Галоўныя высновы з крымскага крызісу:

1. Расея не прызнае больш вынікаў распаду СССР. Яна ўзяла курс на аднаўленьне імпэрыі сілавымі сродкамі. Калі раней яна спрабавала гэта рабіць з дапамогай «мяккай сілы», то цяпер стаўка робіцца на грубую вайсковую сілу. Памянялася дактрына вонкавай палітыкі Расеі. Цяпер яна не прызнае сувэрэнітэту постсавецкіх краін і прысвоіла сабе права абараняць «русский мир».

2. Існуе пагроза фашызацыі Расеі. Шавіністычны чад, гістэрыка, рыторыка афіцыйных асобаў і дзяржаўных мэдыяў моцна нагадваюць тое, што назіралася ў гітлераўскай Нямеччыне падчас захопу Аўстрыі, Судэцкай вобласьці ці Клайпеды. Сёньняшняя Расея вельмі падобная да вэймарскай Нямеччыны апошніх гадоў яе існаваньня.

3. Для Расеі добрыя ці нават нармальныя адносіны з Захадам больш ня важныя. РФ перастае быць партнэрам ЭЗ і ЗША ў стварэньні ўсясьветнай сыстэмы калектыўнай бясьпекі. А гэта значыць, што замест партнэрства пачынаецца новае выданьне халоднай вайны між Расеяй і Захадам. «Парогавыя дзяржавы» пачнуць актыўна ствараць ядзерную зброю. Бо калі б Украіна пад ціскам і гарантыямі Захаду ня вывела ядзерную зброю, анэксіі Крыму не было б.

4. Дэстабілізацыя рэгіёну расьцягнецца на доўгія гады. Канфлікт паміж Расеяй і Ўкраінай будзе трываць вельмі доўга. Гэтыя дачыненьні стануць падобнымі да адносінаў Армэніі і Азэрбайджану. Хто б ні прыйшоў да ўлады ў Кіеве, РФ там будуць лічыць ворагам. Украіна папросіць дапамогі ў НАТО, ЗША, там зьявяцца нейкія замежныя вайсковыя падразьдзяленьні, аб’екты. Гэта, у сваю чаргу, выкліча хваравітую рэакцыю Масквы. І нават калі да вайны ня дойдзе, тэрыторыя на поўдзень ад Беларусі на доўгі час ператворыцца ў парахавую бочку Эўропы.

Сардэчна запрашаем у новую рэальнасьць, спадарства.
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG