Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік прадстаўніцтва ЭЗ: Крым становіцца небясьпечным рэгіёнам


Ян Тамбінскі (Jan Tombinski)

Ян Тамбінскі (Jan Tombinski)

Крым пад самаабвешчанай уладай можа ператварыцца ў адзін з самых небясьпечных рэгіёнаў сьвету.

Пра гэта заявіў кіраўнік прадстаўніцтва ЭЗ ва Ўкраіне Ян Тамбінскі, перадае прэс-служба прадстаўніцтва.

Ён адзначыў, што ад часу, калі 27 лютага група ўзброеных людзей захапіла ўрадавыя будынкі ў Сымфэропалі, усё больш украінцаў становяцца ахвярамі парушэньняў правоў чалавека.

«Сярод парушэньняў, пра якія паведамлялася, — гвалтоўнае зьнікненьне людзей, неналежнае абыходжаньне і катаваньні, гвалтоўныя напады на журналістаў, абмежаваньні свабоды СМІ, перамяшчэньня і мірных сходаў», — заявіў дыплямат.

Ён выказаў жаль у сувязі з гібельлю ўкраінскага вайскоўца Какурына, забітага падчас штурму вайсковай часткі ў Сымфэропалі, і крымскага татарына Аметава, цела якога знайшлі са сьлядамі катаваньняў.

«Праваахоўныя органы павінны неадкладна пачаць эфэктыўнае і аб’ектыўнае расьсьледаваньне, і вінаватыя ў гэтым ганебным злачынстве павінны стаць перад правасудзьдзем», — заявіў Тамбінскі.

Ён заклікаў неадкладна вызваліць безь якіх-колечы ўмоваў усіх выкрадзеных актывістаў і вайскоўцаў.

«Я рашуча асуджаю гэтыя выпадкі гвалтоўных зьнікненьняў людзей, якія ператвараюць Крым пад самаабвешчанай уладай у адзін з самых небясьпечных рэгіёнаў сьвету», — заявіў прадстаўнік ЭЗ.

Ён адзначыў, што міжнародным назіральнікам за сытуацыяй з правамі чалавека павінны неадкладна даць неабмежаваны доступ у Крым.
XS
SM
MD
LG