Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Кэры скрытыкаваў «нацыяналістычны чад» у Расеі


Джон Кэры

Джон Кэры

На фоне выступленьня перад парлямэнтам прэзыдэнта Ўладзімера Пуціна дзяржсакратар ЗША Джон Кэры скрытыкаваў тое, што ён назваў «нацыяналістычным чадам» у Расеі.

Пра гэта паведамляе «Голас Амэрыкі».

Кіраўнік амэрыканскай дыпляматыі таксама параўнаў сытуацыю ў Расеі са становішчам напярэдадні Другой усясьветнай вайны ў Нямеччыне.

Выступаючы перад групай студэнтаў у Дзярждэпартамэнце 18 сакавіка, Кэры заявіў, што ўварваньне Расеі ва Ўсходнюю Ўкраіну будзе «абуральным крокам» для Расеі, дзе так шмат пастаўлена на карту.

«Спадзяюся, да гэтага ня дойдзе», — дадаў ён.

Ён правёў аналёгіі паміж крызісам у Крыме і сытуацыяй напярэдадні Другой усясьветнай вайны. «Сёньняшняя сытуацыя ўжо вельмі сур’ёзная, калі вы нагнятаеце нацыяналістычны чад, які можа мець вельмі небясьпечныя наступствы», — заявіў ён.

«Вам трэба вярнуцца і перачытаць гісторыю падзеяў, якія прывялі да Другой усясьветнай вайны, і таго чаду, які стаў вынікам падобных нацыяналістычных настрояў», — дадаў ён.

Кэры таксама спаслаўся на ўмяшаньне Савецкага Саюзу ў справы Чэхаславаччыны і Польшчы. «У шэрагу складаных гістарычных падзеяў, такіх, як падзеі ў Чэхаславаччыне ў 1968 годзе, у якасьці тлумачэньня ўварваньня ў краіну быў вылучаны тэзіс абароны яе жыхароў, — сказаў ён. — Спытайцеся ў палякаў, як яны сябе адчувалі пад „абаронай“ усе гэтыя гады».

Пасьля выступу Пуціна міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў у тэлефоннай размове з Кэры заявіў, што санкцыі Захаду ў сувязі са спрэчкамі вакол Крыму «непрымальныя».

«Жыхары Крыму дэмакратычным шляхам, у адпаведнасьці зь міжнародным правам і Статутам ААН зрабілі свой выбар, які Расея прымае і паважае. Уведзеныя ЗША і Эўразьвязам санкцыі абсалютна непрымальныя і без наступстваў не застануцца», — гаворыцца ў паведамленьні расейскага МЗС.

Кэры зноў агучыў пазыцыю Вашынгтона, што рэфэрэндум у Крыме і прыяднаньне паўвострава пад расейскі кантроль «незаконныя» і «непрымальныя», — паведаміла прадстаўнік Дзярждэпартамэнту Джэн Сокі.

«Мы іх не прымаем, і за гэтым будуць новыя захады ў адказ, — заявіла яна на штодзённым брыфінгу. — Мы рыхтуем дадатковыя санкцыі і пакуль разглядаем усе варыянты».
XS
SM
MD
LG