Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Хімік» Ігар Якавенка: Мяне зьбілі ў кабінэце начальніка


Жыхар Барысаўскага раёну Ігар Якавенка, які адбываў «хімію» ў Менску, падаў у пракуратуру і Сьледчы камітэт заяву аб зьбіцьці яго намесьнікам начальніка і начальнікам «хіміі».

21-гадовы Ігар Якавенка адбываў «хімію» ў Менску ў папраўчай установе адкрытага тыпу № 55. Сьцьвярджае, што яго не выпускалі ў горад працаўладкавацца. У выніку Ігар Якавенка папрасіў перавесьці яго ў іншую ўстанову, бліжэй да дому. Але калі трапіў на прыём да начальніка Аляксея Цьвіцінскага, у кабінэце яго зьбілі. Гэта здарылася 7 сакавіка. Якавенка трымаў у кішэні мабільны тэлефон з уключаным запісам. На запісе, акрамя голасу «хіміка», чуваць галас намесьніка начальніка ўстановы Дзьмітрыя Саевіча, а таксама начальніка — Аляксея Цьвіцінскага. На адрас Ігара Якавенкі гучыць нецэнзурная лаянка, пагрозы, а потым гукі зьбіцьця.

«Калі будзеш падымаць галаву вышэй, чым можна, б...., я табе яе, б..., зьнясу ў дзьве сэкунды. Н.... Улупіць табе парушэньне, б...., у гэтым няма ніякай праблемы. Вось зараз я прапаную табе навесьці парадак на першым паверсе. Ідзеш на першы паверх ці адмаўляесься? Адмаўляесься...»

(Шум, плач, мацюкі, голас Якавенкі «Прыбяру, не адмаўляюся...)

19 сакавіка ў размове з карэспандэнтам Свабоды Ігар Якавенка гэтак сказаў пра прычыны інцыдэнту:

«Я проста падышоў да іх з накіраваньнем на працу, на МТЗ. Але загадалі ісьці, прыбіраць — дзяжурыць. Я адказаў, што ўжо аддзяжурыў сваё. Што, маўляў, вы кожны дзень будзеце мяне пераводзіць з атраду ў атрад, дык я буду ўвесь час дзяжурыць? Тады пачалося гэтае зьбіцьцё».

Празь некалькі дзён Ігар Якавенка падаў скаргу аб зьбіцьці ў Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў МУС і паведаміў пра інцыдэнт у арганізацыю «Плятформа інавэйшн», якая апякуецца правамі вязьняў. Праваабаронца Алена Красоўская-Касьпяровіч, якая разьбіралася ў гісторыі Ігара Якавенкі і бачылася зь ім пасьля інцыдэнту, кажа пра ягоны выгляд:

«Яго білі вельмі прафэсійна па галаве, таму асаблівых сьлядоў не было. Але яму выклікалі «хуткую дапамогу». І, як ён кажа, яму тэрмінова трэба было зрабіць здымак галавы, але яго ня вывелі з установы супрацоўнікі. Мяркую, мэдыкі сапраўды яму напісалі, што патрэбны здымак, на які ён так і ня трапіў. Начальнік установы Цьвіцінскі кажа, што мэдыкі яму нібыта паставілі дыягназ — гаймарыт. А мы заключэньня мэдыкаў ня бачылі, бо яго ўжо хутка перавялі на іншую «хімію».

Начальнік установы № 55 Аляксей Цьвіцінскі адмовіўся камэнтаваць інцыдэнт у сваім кабінэце з удзелам «хіміка» Ігара Якавенкі.

Карэспандэнт: «Якавенка кажа пра зьбіцьцё, а ці можна пачуць вашу пазыцыю? Было зьбіцьцё ці не?»

Аляксей Цьвіцінскі: «Камэнтаваць нічога ня буду».

У Дэпартамэнце выкананьня пакараньняў праваабаронцам з «Плятформы» не паведамілі, ці праводзіцца праверка скаргі аб зьбіцьці Ігара Якавенкі і пагрозах на ягоны адрас. Праваабаронцы, аднак, перакананыя, што пра гэтую гісторыю там добра вядома. Той факт, што Ігара Якавенку хутка перавялі на іншую «хімію», прычым далёка ад Менску, сьведчыць, на думку Алёны Красоўскай-Касьпяровіч, пра тое, што гісторыю спрабуюць «замяць».

«Супрацоўнікі пэнітэнцыярнай сыстэмы ў нас адчуваюць, што яны цалкам беспакараныя. Што яны цары і багі для тых, хто адбывае пакараньне. І сапраўды, досьвед паказвае, што МУС іх абараняе, а вінаватымі робяць хутчэй ахвяраў, чым тых, хто вінаваты. Таму яны гэтак сябе і паводзяць».

Ігар Якавенка цяпер пераведзены на «хімію» ў Пружанскі раён Берасьцейскай вобласьці, у вёску Куплін. Гэта тая самая «хімія», дзе тры гады адбываў пакараньне былы палітвязень Павал Севярынец.
XS
SM
MD
LG