Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія генэралы — родам з СССР


Надпіс на ваенкамаце ў Глуску

Надпіс на ваенкамаце ў Глуску

Радыё Свабода папрасіла колішніх супрацоўнікаў спэцслужбаў ацаніць, ці шмат у беларускіх органах бясьпекі, у міліцыі і ў войску прарасейскіх кіраўнічых кадраў?

Былы кіраўнік інфармацыйна-аналітычнага аддзелу вайсковай контравыведкі, падпалкоўнік КДБ у адстаўцы Сяргей Аніська адзначае: «Кіраўнікі, якія знаходзяцца на вялікіх пасадах, — родам з СССР»:

«Да 91-га году на тэрыторыі Беларускай вайсковай акругі служыла вялікая колькасьць вайскоўцаў, якія былі альбо самі з Расеі, альбо ў іх там пражываюць сваякі. Калі ў 91-м іх прымушалі прымаць прысягу, многія так і зрабілі, бо не было іншага выйсьця. Шмат хто зь іх і застаўся служыць. Таму я не выключаю, што ў беларускіх сілавых структурах ёсьць шмат афіцэраў — карэктней будзе казаць — не расейскіх, а тых, што маюць сувязі з Расеяй», — кажа спадар Аніська.

Уладзімер Барадач, колішні камандзір 5-й асобнай брыгады спэцназу Міністэрства абароны, раіць ставіць пытаньне па-іншаму: трэба разглядаць не прарасейска настроеных супрацоўнікаў сілавых структураў, а — адданых Аляксандру Лукашэнку:

Уладзімер Барадач

Уладзімер Барадач

«Пасьля распаду СССР у сілавых структурах было, можна сказаць, болей прадстаўнікоў іншых нацыянальнасьцяў, чым беларусаў. Тады кадравыя структуры перашкаджалі вяртаньню беларускіх вайскоўцаў зь іншых краінаў — для іх не было вакансіяў, і такіх людзей адразу адпраўлялі на пэнсію. Але пазьней, калі да ўлады прыйшоў Лукашэнка, асабліва ў часе другога і трэцяга тэрміну, вялася адмысловая кадравая палітыка. Лукашэнка выстаўляў на пасады не паводле нацыянальнасьці, а зь меркаваньняў адданасьці».

Сёньняшні настрой у шэрагах сілавых структураў Сяргей Аніська апісвае такімі словамі:

«Настрой абсалютна спакойны. І, як гэта ні дзіўна, яны падтрымліваюць палітыку Аляксандра Лукашэнкі. Лукашэнка пакуль лявіруе і ня робіць гучных палітычных заяваў на тэму Ўкраіны і Крыму. Службоўцы кажуць: „Маладзец! Назарбаеў учора прызнаў Крым, а наш пакуль маўчыць“. Гэта значыць, што ня хоча сварыцца з Украінай і са сваім асноўным саюзьнікам — Масквой».

Уладзімер Барадач падкрэсьлівае, што «ў рашэньні здаць Беларусь бяз бою ці з боем — ніхто ня будзе браць пад увагу пачуцьці вайскоўца».

«Трэба ставіць пытаньне: будзе загад ці не? Іншымі словамі: будзе ў Лукашэнкі жаданьне супраціўляцца ці не?» — удакладняе былы камандзір армейскага спэцназу.

Сяргей Аніська перакананы, што крымскі крызіс навучыць Расею «ня дзейнічаць так тапорна».

«Расейцы вынесуць з гэтага ўрок. І калі будуць далейшыя крокі, то яны будуць больш элегантныя», — падсумоўвае колішні кіраўнік інфармацыйна-аналітычнага аддзелу вайсковай контравыведкі.
XS
SM
MD
LG