Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гудкоў: Адчуваньне, што палітычная сыстэма Расеі карумпаваная, нікуды не дзелася


Леў Гудкоў

Леў Гудкоў

Сацыялягічныя апытаньні сьведчаць, што большасьць расейскага грамадзтва падтрымлівае ідэю далучэньня Крыму да Расеі. Усерасейскі цэнтар вывучэньня грамадзкай думкі, які лічаць блізкім да ўладаў, дае лічбы падтрымкі дзеяньняў Крамля ва Украіне на ўзроўні каля 90 працэнтаў. Дадзеныя незалежнага Левада-цэнтру — крыху ніжэй за 80 працэнтаў.

Пра тое, як складваюцца такія грамадзкія настроі і чаму расейцаў не бянтэжыць анэксія чужой тэрыторыі, Радыё Свабода распавёў дырэктар Левада-цэнтру Леў Гудкоў:

— На працягу двух апошніх дзесяцігодзьдзяў ідэя далучэньня Крыму да Расеі карысталася высокай ступеньню падтрымкі расейцаў — прыкладна ад 80 да 84 працэнтаў рэспандэнтаў лічылі, што Крым добра б далучыць да Расеі. Натуральна, мелася на ўвазе, што рабіць гэта трэба не захопам, а шляхам гандлю з Украінай, шляхам перамоў. Цяпер 79 адсоткаў рэспандэнтаў лічаць, што калі насельніцтва Крыма выказалася на рэфэрэндуме за выхад са складу Украіны і ўваходжаньне ў склад Расіі, то Крым варта прымаць. 49 працэнтаў «бясспрэчна» за такое рашэньне і 30 працэнтаў хутчэй падтрымліваюць такое рашэньне. Іншая рэч, як апраўдваюць апошнія рашэньні Масквы, і вось тут,
Гэта вынік інтэнсіўнай ілжывай агрэсіўнай прапаганды апошніх тыдняў
вядома, сытуацыя вельмі моцна зьмянілася. У Расіі створана атмасфера абсалютна небывалай гістэрыі, нагнятаньня страху, нявызначанасьці, навязваецца ідэя, што расейцы ва Украіне знаходзяцца пад пагрозай, вінаватыя ў гэтым нейкія радыкальныя ўкраінскія нацыяналістычныя арганізацыі — так лічыць 67 працэнтаў рэспандэнтаў. І што ў гэтай сытуацыі Расія можа цалкам законна ўвесьці войскі туды і забясьпечыць парадак — лічыць 54 працэнты. Гэта вынік інтэнсіўнай ілжывай агрэсіўнай прапаганды апошніх тыдняў. Расейцы ня вельмі разумеюць, што адбываецца на Украіне, бо альтэрнатыўныя крыніцы інфармацыі фактычна адключаныя, нават інтэрнэт-сайты, і тэлеканал «Дождж», які хоць неяк гэта трансьляваў, абмежаваны па сваім аб’ёме ўзьдзеяньня.

— Апошнія падзеі неяк карэлююцца з паказьнікамі рэйтынгу Ўладзіміра Пуціна? Прэзыдэнт стаў яшчэ больш папулярнымі?

— Рэйтынг падрос. У апошнія гады мы фіксавалі зьніжэньне рэйтынгу Пуціна, але Алімпіяда трошкі дадала яму папулярнасьці (прынамсі прыпыніла падзеньне), дадала прыкладна 3-4 працэнты. А вось дзеяньні ў дачыненьні да Украіны і гістэрычная прапагандысцкая кампанія дадалі яму яшчэ працэнтаў 8. Сёньня дзеяньні прэзыдэнта ўхваляюць прыкладна 72-74 адсоткі расейцаў.

— Ёсьць нейкае тлумачэньне такой масавай падтрымкі анэксіі Крыму?

— Па-першае, вядома, гэта прапаганда: масіраванае нагнятаньне тэзісу аб неабходнасьці абароны рускіх. Па-другое, вельмі важны тэзіс — тое, што
Рэанімуюцца ўсе савецкія клішэ і комплексы. Навязваецца ўяўленьне, што ва Украіне пануюць хаос і безуладзьдзе
ў Кіеве адбыўся нібыта пераварот і да ўлады прыйшлі не проста нацыяналісты, а бандыты, нацысты, фашысты, бандэраўцы, хоць мала хто ўвогуле ведае, хто такі быў Сьцяпан Бандэра. Рэанімуюцца ўсе савецкія клішэ і комплексы. Навязваецца ўяўленьне, што ва Украіне пануюць хаос і безуладзьдзе. І, нарэшце, укідваецца падспудна яшчэ адзін важны матыў: наогул кажучы, гэта справа не проста абароны рускіх, але і вяртаньня рускіх зямель, якія не павінны належаць Украіне. Гаворка ідзе ня толькі аб Крыме, але і аб ўсходніх рэгіёнах. Зусім не выпадкова прапаганда паўтарае, што Севастопаль — гэта рускі горад, горад рускай славы, таму цалкам абгрунтавана і законна яго вяртаньне. Масавая сьвядомасьць у прынцыпе ня ў стане супраціўляцца такому масіраванаму ціску.

— А пэрспэктыва лабавога канфлікту з заходнімі краінамі не бянтэжыць расейцаў ? І пэрспэктыва вайны з брацкай Украінай?

— Пакуль гэтыя санкцыі Захаду праблематычныя, ня вельмі зразумела, які іх аб’ём. У прынцыпе, ёсьць трывога, але яна пакуль не факусуецца. А вось
магчымасьць ўзброенага сутыкненьня паміж Расіяй і Украінай даволі моцна турбуе расейцаў, 83 працэнты пра гэта кажуць
магчымасьць ўзброенага сутыкненьня паміж Расіяй і Украінай даволі моцна турбуе расейцаў, 83 працэнты пра гэта кажуць. У нейкім сэнсе такая пэрспэктыва жахае людзей, і меркаваньні тут памяняліся даволі значна на працягу апошняга месяца. Калі яшчэ ў пачатку лютага, тым больш у студзені прыкладна ад двух трацін да трох чвэрцяў расейцаў былі супраць ваеннага ўмяшаньня ў справы Украіны, то сёньня сытуацыя зьмянілася, і гэта відавочна эфэкт прапаганды. Мае месца нейкае імпэрскае ачмурэньне, але ў пэрспэктыве, вядома, страхі з нагоды гэтага даволі моцныя. У прынцыпе, больш за палову рэспандэнтаў лічаць, што трэба любымі сродкамі устрымлівацца ад узброенага канфлікту. Як заўсёды ў нашай сытуацыі, людзі не адказваюць за палітыку і лічаць, што яны ня ў стане ўплываць на тых, хто прымае рашэньні. Таму, як і ў сытуацыі, скажам, у пачатку чачэнскай вайны, тут назіраецца некаторае адчуваньне бездапаможнасьці і фаталізму.

— Вашы дасьледаваньні дазваляюць выказаць здагадку, якой будзе дынаміка грамадзкіх прыхільнасьцяў ? Што б далей ні адбывалася, расейцы будуць падтрымліваць ўладу?

— Не. Тут сытуацыя значна складанейшая. На першым этапе — зусім відавочная падтрымка дзеяньняў Пуціна. Самае цікавае, што гэта ніяк не паўплывала на электаральныя сымпатыі грамадзян; у прынцыпе, гатоўнасьць галасаваць за ўладу ані на ёту не павялічылася, ані на працэнт. Усё роўна застаецца вельмі ўстойлівым жаданьне, каб Пуцін сышоў, і на яго месца прыйшоў нейкі іншы чалавек, зь іншай праграмай, нават зь іншага палітычнага лягера. Рэанімацыя імпэрскай сьвядомасьці і савецкіх мітаў пакуль ніяк не зьвязаная з адносінамі да ўлады ў цэлым. Усю гэтую сытуацыю з Крымам можна ж разглядаць і як рэакцыю ўлады на паслабленьне масавай падтрымкі рэжыму і рост сацыяльнага незадаволенасьці. Гэта вельмі важны момант. Адчуваньне, што ўся палітычная сыстэма ў Расеі гэтак жа карумпаваная, як і рэжым Януковіча, нікуды не дзелася. Але пакуль гэтыя два пласты рэальнасьці ніяк не злучаюцца ў масавай сьвядомасьці. Я думаю, што праз нейкі час, калі ачмурэньне і дзеяньне прапаганды саслабнуць (гэта ня можа працягвацца занадта доўга, будзе зваротны эфэкт), людзі адчуюць, па-першае, непрыемныя наступствы анэксіі Крыму, а з другога боку, пачнуць задумвацца пра тое, чаму Расія апынулася ў палітычнай ізаляцыі, чаму эканамічнае становішча ў краіне пачало рэзка пагаршацца, — мяркуе сацыёляг Леў Гудкоў.
XS
SM
MD
LG