Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналіст «Свабоды»: Ня білі, але папярэдзілі, каб больш у Бахчысараі не зьяўляўся


Леўка Стэк

Леўка Стэк

18 сакавіка журналіст украінскай службы Радыё Свабода Леўка Стэк у Бахчысараі быў выкрадзены невядомымі. Леўка Стэк працаваў у Бахчысараі, дзе здымаў вайсковую частку. Напад адбыўся, калі ён ужо сеў у аўтобус, у якім меўся ехаць у Сымфэропаль.

Пратрымаўшы журналіста ў палоне паўтары гадзіны і забраўшы сім-карты ды карты памяці фотаапарата, невядомыя выпусьцілі яго ў адкрытым полі.

Леўку Стэку 23 гады, ён са Львова. У журналістыцы некалькі гадоў, апошнія чатыры месяцы — карэспандэнт Радыё Свабода.

Як нападнікі даведаліся, што вы журналіст?

У мяне склалася ўражаньне, што яны выдатна ведалі, што я журналіст. Думаю, яны сачылі за мной задоўга да таго, як на мяне напалі. Адбылося гэта ўжо ў аўтобусе на Сімфэропаль. Але паехаць не ўдалося, таму што перад самым адпраўленьнем у аўтобус зайшлі трое людзей, якія заламалі мне рукі за сьпіну, выцягнулі з аўтобуса, прыціснулі тварам да аўтобуснай шыбы і надзелі кайданкі. Пасьля мяне кінулі ў аўтамабіль, дзе з абодвух бакоў мяне заблякавалі людзі. На галаву надзелі чорны мех. Мы паехалі ў невядомым кірунку. Я ня ведаў, куды мяне везьлі. Паездка цягнулася каля паўгадзіны. Мы прыехалі ў невядомае мне месца.

Што здарылася, калі машына спынілася?

Мяне папрасілі выйсьці і вытрасьлі з кішэняў і торбы ўсе рэчы. Невядомыя мяне закінулі зноў у машыну, а самі вывучалі мае рэчы. Пасьля рэчы вярнулі, аднак у тэлефонах не было сім-картак, а ў фатакамэры не было карты памяці. То бок мяне хацелі пазбавіць сувязі і тых матэрыялаў, якія я наздымаў. Мне сказалі, што калі яшчэ раз пабачаць мяне ў Бахчысараі, то размова будзе інакшая. Што яны мелі на ўвазе пад словамі «інакшая», можна толькі здагадвацца.

Ці прымянялі ў дачыненьні да вас фізычную сілу?

Мяне ня білі і не рабавалі. Грошы і тэхніку яны не чапалі. У выніку мяне пакінулі пасярод поля і паказалі кірунак, куды трэба ісьці, каб выйсьці да цывілізацыі. Агулам гэтая прыгода цягнулася дзесьці паўтары гадзіны.

Як да журналістаў ставяцца ў Крыме? Ці складана працаваць?

Насамрэч цяпер мае калегі адзначаюць, што ў Крыме працаваць не нашмат прасьцей, чым у іншых гарачых кропках, дзе ім давялося пабываць і дзе ідуць адкрытыя баі. Прычына ў тым, што тут няма стаўленьня да журналістаў як да нэўтральнага боку. Звычайна, калі ёсьць канфлікт паміж двума бакамі, журналісты проста асьвятляюць яго, выконваючы сваю працу. Бакі канфлікту імкнуцца журналістаў не чапаць. Тут жа расейскі бок усімі сіламі змагаецца з журналістамі. Ужо сталіся традыцыяй паведамленьні пра тое, што журналістаў затрымалі, журналістаў пабілі, журналістаў катавалі, журналістаў выкралі, журналістам зламалі тэхніку і гэтак далей.

Як адрозьніваецца стаўленьне розных узброеных групаў?

Магу адзначыць, што расейскія вайскоўцы паводзяць сябе з журналістамі талерантна. Найбольшая праблема — гэта казакі, так званая «самаабарона». Вось яны паводзяць сябе жахліва. Як толькі заўважаюць камэры, то адразу пачынаюцца праблемы ў выглядзе пагрозаў ці зьбіцьця. Могуць проста вырваць камэру. Адзінае, як можна ратавацца, — гэта трымацца далей ад гэтых казакоў і самаабароны. Цяпер у Крыме законы ня дзейнічаюць, зьвярнуцца няма да каго. І я нават не разьлічваю на тое, што нехта будзе расьсьледаваць гэты напад на мяне.
XS
SM
MD
LG