Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскія салдаты трымаюцца прысягі


Стральба ў Сімфэропалі пацьвердзіла, што пры вайсковым уварваньні пазьбегнуць кровапраліцьця практычна немагчыма.

Нягледзячы на супярэчлівасьць інфармацыі аб страляніне ў цэнтры Сімфэропаля ў аўторак у другой палове дня, стала відавочным, што, якія б высілкі не рабіліся, якія б загады не аддаваліся, сытуацыя ўсё роўна ў любы момант можа выйсьці з-пад кантролю і прывесьці да непапраўных наступстваў. Пераадольваць якія прыйдзецца, магчыма, дзесяцігодзьдзямі.

Літаральна за гадзіну таго, як у Сімфэропалі пачалі страляць, я стаяў на КПП украінскай вайсковай часткі ў пасёлку Перавальнае, блякаванай славутымі «зялёнымі чалавечкамі», адзначаючы пра сябе, што ў іх прысутнасьці я адчуваю сябе значна спакайней, чым у непасрэднай блізкасьці ад «дружыньнікаў АРК», узбуджаных прыхільнікаў далучэньня Крыму да Расеі, або дэпутатаў якога-небудзь пасялковага савета ў чаравіках і спартовых штанах з адвіслымі каленямі.

Нам з Валерам Балаянам абяцалі набіць морду, калі мы пацікавіліся, для чаго экскаватар разьдзірае пляцоўку, якая належыць школе аднаго з пасёлкаў на Паўднёвым беразе. Калі мы спыніліся, каб спытаць дарогу, з ходу і даволі агрэсіўна пацікавіліся, чаму ў нашай машыны кіеўскія нумары. «Дружыньнікаў» мы проста абыходзілі бокам.

«Зялёныя чалавечкі» як заўсёды маўчалі, хоць мы падышлі зусім блізка і здымалі ня толькі ўкраінскую вайсковую частку, але і іх уласную базу. Яны не перашкаджалі і нашай гутарцы з трыма ўкраінскімі кантрактнікамі, якія выйшлі папаліць на ганак сваёй часткі. Тыя, праўда, прасілі іх не здымаць і не запісваць.

Начальства забараніла, ды і па той інфармацыі, якая дайшла да нас, камандзір ужо цалкам дыпляматычна дамовіўся з «процілеглым бокам» аб тым, каб усё было мірна і не было ніякіх эксцэсаў. Гэта задаволіла ўсіх, так што ад інтэрвію ён адмовіўся, каб не парушаць дамоўленасьцяў.

Аповед няхітры. Служыцца нармальна. Харчаваньнем забясьпечваюць — ніхто гэтаму не перашкаджае. Ведаюць, што «Пуцін усё падпісаў» з нагоды далучэньня Крыму. А як адносіны з вайскоўцамі, што блякуюць частку? Маеце зносіны? У адказ — «не» з іранічнай усьмешкай. Рэакцыю «чалавечкаў», якія прыслухоўваліся да нашай гутаркі, было не прачытаць з-за масак на тварах.

«Ды нармальныя пацаны, — ківае ў бок „зялёных чалавечкаў“ малодшы сяржант, які назваўся Мікалаем. — У нас загад, у іх загад». Галоўнае — ніхто не страляе і быццам не зьбіраецца. А колькі ўсё гэта будзе працягвацца? «Хто ж ведае?» Але Крым-то ўжо да Расеі далучылі? «Дык жа гэта яшчэ доўга ўсё будзе!» — з надзеяй кажа іншы сяржант.

А не пагражае ніхто? Вунь там побач зь іншай часткай, наўпрост у КПП намётавы лягер. З расейскім сьцягам і нейкімі вельмі непрыемнага выгляду суб’ектамі. «Ды гэта ідыёты, — усьміхаецца сяржант. — Нармальныя людзі ў гэты час павінны быць на працы, а гэтыя ў намёце сядзяць. Ідыёты...»

І ўсё ж такі, начальства кажа нешта пра тое, як будзе далей? Не. А як самі хацелі б? Ды мы ня ведаем, ня наша справа — адмахваюцца гэтыя хлопцы, старэйшаму зь якіх ня больш за дваццаць два—дваццаць тры гады. Ня мы гэтую кашу заварылі. Няхай самі разьбіраюцца. Галоўнае, што ніхто ня хоча, і, як бы, не зьбіраецца страляць.

«Гэтыя хлопцы «савецкай закваскі» — з павагай кіўнуў у бок украінскай часткі сталага веку чалавек, які пасьвіў побач коз, — былы, як ён распавёў, старшы прапаршчык. — «Трымаюцца. Хоць я б здаўся. Якая прысяга? Ім жа ўсе здрадзілі! І ўвогуле, усё з Гарбачова пачалося! Якая прысяга?!»

Мы спыталі аб гэтым і ва ўкраінскіх салдат. А можа, здаць зброю і зьехаць? Вунь, камандуючы флётам перайшоў на бок уладаў. Прысягу Крыму прынёс. Нібыта нават зьявіўся Крымскі ваенны флёт? Можа ўступіць у Крымскую армію? Ўсьмешка на твары сяржанта Мікалая застаецца, але ён кажа сур’ёзна: «А потым паехаць дадому да сваякоў у Чаркасы і там быць арыштаваным па абвінавачваньні ў дзяржаўнай здрадзе?»

Здаваць зброю і здраджваць прысязе Мікалай і яго таварышы не зьбіраюцца. Зь вечара аўторка ў іх ёсьць загад Міністэрства абароны Ўкраіны, які дазваляе прымяненьне зброі для абароны сваіх частак.
XS
SM
MD
LG